Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Беларусі ўпершыню прызнаў «экстрэмісцкімі» стыкеры: «Саша 3%» і Luka


Сымбаль «3%» на дарозе ў Менску падчас маршу пратэсту. 2020
Сымбаль «3%» на дарозе ў Менску падчас маршу пратэсту. 2020

Суд Цэнтральнага раёну Менску ўпершыню ўключыў у сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў наборы стыкераў для Тэлеграма.

Рашэньне вынесьлі 25 ліпеня, а інфармацыя пра гэта зьявілася ў «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарма.

Пад забарону падпалі два наборы стыкераў пад назвамі Luka і Sasha 3%. У іх сустракаюцца іранічныя карцінкі з Аляксандрам Лукашэнкам і апазыцыйныя лёзунгі, якія выкарыстоўваліся падчас пратэстаў 2020 году.

У 2020 годзе перад выбарамі прэзыдэнта Беларусі ў сетцы зьявіўся мэм «Саша 3%». Тады некалькі беларускіх СМІ прапанавалі чытачам абраць кандыдата, за якога яны будуць галасаваць. Як мінімум у двух такіх апытаньнях Лукашэнка набраў толькі 3%. Па выніках выбараў ЦВК Беларусі абвясьціў пераможцам Лукашэнку, пасьля чаго ў краіне пачаліся масавыя пратэсты і кампанія гвалту.

Стыкеры Luka
Стыкеры Luka

У Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаныя каля 300 розных інтэрнэт-рэсурсаў. «Экстрэмісцкімі фармаваньнямі» прызнаныя ўжо больш за два дзясяткі абʼяднаньняў, фондаў, тэлеграм-каналаў і мэдыя. Сярод іх — Радыё Свабода, тэлеканал «Белсат», інфармагенцтва «Белапан», тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга», абʼяднаньне былых сілавікоў ByPol, фонд BySol і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG