Позна ў нядзелю пратэстоўцы прыпаркавалі грузавікі, напоўненыя жвірам, і іншую цяжкую тэхніку, на дарогах, якія вядуць да двух памежных пераходаў, Ярыне і Бэрняк, на тэрыторыі, дзе сэрбы складаюць большасьць насельніцтва. Паліцыя Косава заявіла, што вымушана закрыць памежныя пераходы, піша Reuters.
«Агульная сытуацыя ў галіне бясьпекі ў паўночных муніцыпалітэтах Косава напружаная», — гаворыцца ў заяве місіі NATO ў Косаве KFOR.
Прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава абвінаваціла ў павышэньні напружанасьці альбанцаў, а прычынай назвала «беспадстаўныя дыскрымінацыйныя правілы», уведзеныя ўладамі Косава.
Дыскрымінацыяй у Расеі і Сэрбіі лічаць тое, што Прыштына патрабуе рэгістрацыі нумарных знакаў ад сэрбскіх аўтамабілістаў. Ужо 14 гадоў прайшлі пасьля таго, як Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі, але каля 50 000 сэрбаў, якія жывуць пераважна на поўначы, карыстаюцца нумарнымі знакамі і дакумэнтамі, выдадзенымі сэрбскімі ўладамі, адмаўляючыся прызнаваць інстытуты сталіцы Прыштыны. Косава прызнана незалежнай дзяржавай больш як 100 краінамі, але ня Сэрбіяй і не Расеяй.
Урад прэм’ер-міністра Альбіна Курці заявіў, што дасьць сэрбам пераходны пэрыяд у 60 дзён для атрыманьня косаўскіх нумарных знакаў праз год пасьля адмовы ад спробаў навязаць іх з прычыны падобных пратэстаў. Урад таксама пастанавіў, што з 1 жніўня ўсе грамадзяне Сэрбіі, якія наведваюць Косава, павінны атрымліваць дадатковы дакумэнт на мяжы, каб атрымаць дазвол на ўезд. Прычым аналягічнае правіла бялградзкія ўлады прымяняюць да касавараў, якія наведваюць Сэрбію.
Але пасьля павышэньня напружанасьці ўвечары 31 ліпеня і кансультацый з амбасадарамі ЭЗ і ЗША ўрад Курці заявіў, што адкладзе свой плян на адзін месяц і пачне рэалізацыю 1 верасьня.
Раней у нядзелю паліцыя заявіла, што «ў кірунку паліцэйскіх падразьдзяленьняў гучалі стрэлы, але, на шчасьце, ніхто не пацярпеў». У камюніке таксама гаворыцца, што разьюшаныя дэманстранты пабілі некалькіх альбанцаў, якія праходзілі па перакрытых дарогах, і што некалькі аўтамабіляў былі атакаваныя. У мястэчку Паўночная Мітравіца, населеным пераважна сэрбамі, больш за тры гадзіны гучалі сырэны паветранай трывогі.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч увечары выступіў са зваротам, ён папрасіў альбанцаў не перасьледаваць сэрбаў, а сэрбаў — не паддавацца на правакацыі. Яго цытуе сэрбскае выданьне Alo!.
«Сэрбскі народ Косава і Мэтохіі ўсё менш прыслухоўваецца да маіх просьбаў, а мая просьба — захаваць мір любой цаной. Я прашу альбанцаў спыніцца, а сэрбаў не паддавацца на правакацыі, але таксама прашу прадстаўнікоў моцных і вялікіх краін, якія прызналі так званую незалежнасьць Косава, зьвяртаць увагу на міжнароднае права і ня даць сваім „фаварытам“ выклікаць канфлікт. Мы будзем маліцца за мір і шукаць міру, але адразу скажу, што капітуляцыі ня будзе і Сэрбія пераможа. Калі яны асьмеляцца перасьледаваць, крыўдзіць, забіваць сэрбаў — Сэрбія пераможа! Я прашу іх захаваць мір, а калі яны гэтага не захочуць, Сэрбія пераможа», — сказаў Вучыч.
Год таму, пасьля таго, як мясцовыя сэрбы перакрылі тыя ж дарогі праз нумарныя знакі, урад Косава разгарнуў спэцыяльныя паліцэйскія сілы, а Бялград накіраваў зьнішчальнікі блізка да мяжы.
Напружанасьць паміж дзьвюма краінамі застаецца высокай, а крохкі мір у Косаве падтрымліваецца місіяй NATO, якая налічвае 3770 вайскоўцаў на месцах. Італьянскія міратворцы дзейнічалі ў Мітравіцы і ваколіцах і 31 ліпеня.
У 2013 годзе абедзьве краіны ўзялі на сябе абавязаньні пачаць дыялёг пры падтрымцы Эўразьвязу, каб паспрабаваць разьвязаць нявырашаныя праблемы, але дасягнуты толькі невялікі прагрэс.