Паводле Reuters, дакумэнт, які цыркулюе сярод чыноўнікаў ЭЗ, прапануе далучыць часткі Босьніі і Герцагавіны да Сэрбіі і Харватыі, каб дапамагчы інтэграцыі рэгіёну ў ЭЗ. Агенцтва Reuters адзначае, што ня можа праверыць сапраўднасьць такога дакумэнту.
Прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Эрык Мамэр на прэс-канфэрэнцыі 26 красавіка заявіў, што ЭЗ «абсалютна не падтрымлівае якіх бы то ні было зьменаў межаў».
Злучаныя Штаты таксама адкінулі гэтую прапанову, папярэдзіўшы, што зьмена межаў можа прывесьці да абвастрэньня напружанасьці ў рэгіёне. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заявіў, што спэкуляцыі пра «зьмену межаў на Балканах паводле этнічнай прыкметы рызыкуюць спрыяць разьвіцьцю нестабільнасьці ў рэгіёне і выклікаюць успаміны пра мінулую напружанасьць».
На мінулым тыдні ў інтэрвію аднаму з амэрыканскіх аналітычных цэнтраў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч адхіліў гэтую ідэю, заявіўшы, што ягоны ўрад «не зацікаўлены ў стварэньні вялікай Сэрбіі». Таксама міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас на мінулым тыдні сказаў, што гэтую ідэю «вярнулі ў шуфляду».