Партал DELFI паведамляе, што, паводле папярэдніх зьвестак, 28 ліпеня ў Клайпедзкім раёне на пляжы Гіруляй было знойдзенае цела мужчыны. На ім былі толькі плаўкі.
Падазраюць, што гэта цела патанулага ў мінулую суботу 42-гадовага грамадзяніна Беларусі.
23 ліпеня ўвечары на пляжы Гіруляй у Клайпедзе патануў беларус. Яшчэ двух мужчын, якія купаліся разам зь ім у моры, выратавалі.
Раніцай у нядзелю, 24 ліпеня, кіраўнік ратавальнікаў «Клайпэдзкія пляжы» паведаміў выданьню AtviraKlaipeda.lt, што цела патанулага дагэтуль не знайшлі.
«У суботу ў моры былі вялікія хвалі, узьнялі чырвоны сьцяг. Трое хлопцаў зь Беларусі купаліся і трапілі ў адбойную хвалю. Двух мы выратавалі, адзін зьнік бязь зьвестак», — паведаміў ён.
Паводле яго, усе трое грамадзян Беларусі працуюць у адной фірме, зарэгістраванай у Троках.