Сьвятлана — постаць сымбалічная, то бок гэта не палітычны функцыянэр, які ад пачатку настроены на гульні і кампрамісы, а той, хто стаіць на сваіх трох кітах даастачы — вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій, сумленныя выбары. Яна ўжо ўвайшла ў гісторыю як унікальны для Беларусі прыклад пераўвасабленьня звычайнай жанчыны ў сымбаль сваёй нацыі. Не сумняюся, што пра яе напішуць раманы і здымуць фільмы. Тут ёсьць хрэстаматыйная фабула.
Палітычныя функцыянэры Латушка і Цапкала мусілі б цаніць і мацаваць гэты сымбаль як безумоўны свой актыў у змаганьні са злом на радзіме. Дарэчы, той вобраз каралевы, зь якога пакеплівае Зянон Пазьняк, — акурат пра гэты наш сымбаль, які нарадзіла сама беларуская гісторыя. І адносіны да гэтага сымбаля, на добры розум, мусілі б быць акурат такімі, як адносіны ангельцаў да сваёй каралевы — як да безумоўнага аўтарытэта. Гэта не Ціханоўскай так моцна трэба, а ўсім.
Згадваю прыезд у Вільню Лізаветы ІІ. Нехта мог падумаць — ну што там за палітык, што яна можа? І была сустрэча зь ёю на Ратушным пляцы. Народу сабралася мноства. І ад яе было сьветла. Я проста фізычна адчуў, што мы ўсе ў казцы. І што не «мяшаецца праўда і зло», і што адна толькі прысутнасьць гэтай жанчыны, як нішто іншае, дае ўсім веру, што справядлівасьць ёсьць. А яшчэ падумалася, што нішто на сьвеце не важней закону і што толькі закон можа даць нам свабоду. Такая вось нечаканая сувязь казкі і юрыспрудэнцыі. Гэта вялікі набытак нацыі — свая каралева.
Трэба разумець, што ні Латушка, ні Цапкала, ні нават Пазьняк — зусім не з таго матэрыялу зробленыя. Місію Ціханоўскай немагчыма нейкім чынам пераразьмеркаваць, падзяліць і зьляпіць у якуюсь іншую канфігурацыю. Яе можна толькі падтрымаць або зьнішчыць. Можна і праігнараваць таксама. Бо легітымнасьць Ціханоўскай — сымбалічная. І толькі таму яна эфэктыўна працуе.
Усё адбываецца літаральна як у казцы пра Папялушку — пра цудоўнае пераўтварэньне і ўзвышэньне чалавека. Гэта, бадай, самае галоўнае, што ёсьць у Ціханоўскай і ў яе легітымнасьці, якая насамрэч — яе лёс. Галоўнае, што робіць нас людзьмі — і з чым змагаецца злая мачыха ў нас на радзіме, а таксама дзьве яе дачкі, што апынуліся ў эміграцыі і цяпер спрабуюць нацягнуць сабе на ступак крышталёвы пантофлік. Іх усіх разьядае адна зайздрасьць да Папялушкі, якую выкінулі з дому, але якая была прынятая на найвышэйшым узроўні па ўсім сьвеце.
Цуды здараюцца рэдка, хоць мала хто ня здольны верыць у цудоўнае пераўвасабленьне. Мы маем справу з такім цудам у чыстым выглядзе, і таму Сьвятлана на сёньня — галоўны актыў беларусаў і Беларусі. Калі мы яго страцім, дык застанецца толькі злая мачыха і яе рыалпалітычныя дочкі, а залатая карэта ператворыцца ў гарбуз.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.