Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска прыехала на радзіму, каб памяняць пашпарт. Па дарозе назад яе затрымалі за незаконны пераход мяжы


Украінскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянка Беларусі вымушаная была з Украіны праз Польшчу паехаць у Беларусь, каб абмяняць пашпарт у сувязі з дасягненьнем 45-гадовага ўзросту.

На зваротным шляху яе затрымалі ўкраінскія памежнікі за незаконнае перасячэньне мяжы і склалі акт аб адміністрацыйным правапарушэньні.

У судзе беларуска паведаміла, што вымушана была ехаць у Беларусь праз Польшчу, бо беларуска-ўкраінская мяжа закрытая, а консульства Беларусі ва Ўкраіне, дзе яна магла б абмяняць пашпарт у сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня, не працуе. Ва Ўкраіне яна мае сям’ю і від на сталае пражываньне.

Памяняўшы пашпарт, яна не змагла атрымаць польскую візу, каб вярнуцца тым жа шляхам, таму вырашыла перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу, нягледзячы на тое, што пункты пропуску закрытыя ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. У Беларусі, як яна падкрэсьліла, ёй не было дзе жыць.

У Жытомірскай вобласьці яе затрымалі ўкраінскія памежнікі і накіравалі ў суд матэрыялы аб прыцягненьні грамадзянкі Беларусі да адказнасьці: паводле ўкраінскага заканадаўства, ёй пагражалі штраф або арышт да 15 сутак.

Але суд выслухаў яе гісторыю і закрыў справу, не знайшоўшы складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Усе супрацоўнікі амбасады Беларусі ва Ўкраіне на чале з паслом Ігарам Сокалам выехалі з Украіны 19 сакавіка 2022 году. У якасьці прычыны эвакуацыі амбасадар Сокал назваў «невыносныя ўмовы працы — у прыватнасьці, пасольству заблякавалі ўсе фінансавыя рахункі, а супрацоўнікам нібыта паступалі «пагрозы фізычнай расправы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG