У баявых дзеяньнях на Данбасе загінулі як мінімум тры зьняволеныя, якія да вэрбаваньня ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» адбывалі пакараньне ў папраўчай калёніі № 7 Санкт-Пецярбурга (яе называюць «Ябланеўка»).
Яшчэ двое параненыя і знаходзяцца ў лякарні Луганску, паведаміла расейскае выданьне «Важные истории» са спасылкай на крыніцы, якія кантактуюць са сваякамі гэтых асуджаных.
Паводле выданьня, у мэдычных дакумэнтах параненых пазначаны ня іхныя імёны, а псэўданімы — ці то мянушкі, ці то пазыўныя.
«Гэтых людзей цалкам вывелі з прававога поля. Калі параненыя ляжаць у лякарнях не пад рэальнымі імёнамі, падобна, і загінулых хаваць будуць пад мянушкамі. Паўстае пытаньне, як змогуць атрымаць грошы сваякі загінулых. Бо калі сваяцтва з Іванам Івановым даказаць можна, то як даказаць сваяцтва з якім-небудзь „Дзьмухаўцом“? Хутчэй за ўсё, грошай за сьмерць чалавека сваякі не пабачаць», — сказаў адвакат Леанід Крыкун.
Ён супрацоўнічае з праваабарончай арганізацыяй «Русь сидящая», якая і змагла выявіць выпадкі вэрбаваньня ў калёніях.
Паводле інфармацыі расейскага выданьня, вэрбавальнікі «Вагнэра» прыяжджалі ў «Ябланеўку» 1 ліпеня. Ужо ў ноч на 6 ліпеня з калёніі вывезьлі першую групу асуджаных у складзе больш як 40 асобаў. Загінулыя і параненыя знаходзіліся ў першай вывезенай з калёніі групе.
Расейскае выданьне разам з праваабарончай арганізацыяй «Русь сидящая» змаглі ўстанавіць выпадкі вэрбаваньня на вайну ва Ўкраіну як мінімум у 15 расейскіх калёніях.
- Паводле іхнай інфармацыі, гаворка можа ісьці пра больш як 200 завэрбаваных зьняволеных.
- Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ім абяцаюць «заробак» у 100-200 тысяч расейскіх рублёў, дадатковыя выплаты ў выпадку раненьня, а таксама каля 5 мільёнаў расейскіх рублёў сваякам у выпадку гібелі асуджанага.
- Калі ж ён цягам паўгода на вайне застанецца жывым, яму абяцаюць памілаваньне.