Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскіх салдат, якія адмовіліся ваяваць, трымаюць у падвале пад Луганскам


Зруйнаваныя расейскімі вайскоўцамі дамы ў Чугуеве Харкаўскай вобласьці
Зруйнаваныя расейскімі вайскоўцамі дамы ў Чугуеве Харкаўскай вобласьці

Расейскіх салдат, якія адмовіліся ваяваць, трымаюць у зьняволеньні ў Луганскай вобласьці. Іх мінімум дзясяткі, а магчыма і сотні.

Пра гэта тэлеканалу «Настоящее время» расказалі маці дваіх зь іх.

«Сядзім у склепе, бязь ежы. Сказалі, будуць трымаць тут прыкладна два дні. Куды далей — невядома. Я тэлефон цішком пранёс. Рэчы забралі. У каго знаходзілі тэлефоны, ламалі іх на месцы. Сьпім на насілках. Сьвятла няма, сядзім у цемры. Сказалі, дадому вас ніхто не адправіць. Спачатку СІЗА, потым „губа“, а далей суд. І суд тыпу будзе тут, у Луганску». Гэта паведамленьне шарагоўца інжынэрна-сапёрнай роты в/ч 09332 Арцёма Гаршаніна сваёй маці.

На фота маладыя людзі ў падвальных памяшканьнях — так утрымліваюць «адмоўнікаў». Па словах салдат, гэтае месца знаходзіцца дзесьці побач з горадам Бранка ў Луганскай вобласьці.

Маці Арцёма Фаціма Гаршаніна расказала, што ў Бранцы салдаты знаходзіліся нейкі час у былой школе, пераробленай пад казарму. «Іх ахоўвала прыватная вайсковая кампанія, ПВК, як ён нам патлумачыў. Ён спачатку ня ведаў, што гэта „Вагнер“. Ён сказаў, іх называюць „музыкі“. Потым мы высьветлілі, што гэта „Вагнер“ той самы ахоўвае іх, — кажа Фаціма Гаршаніна.— Потым, 15-га [ліпеня], ён мне паведаміў, што іх 20 чалавек утрымліваюць у падвале бязь ежы. Сказаў, што іх ня б’юць, але зь імі размаўляюць, праводзяць палітразмовы. Калі ў Бранску размаўлялі спакойна, прапаноўвалі званьне, заробак добры, то тут ужо перайшлі на пагрозы, артыкулы, што іх пасадзяць за дэзэртэрства».

Байцы інжынэрна-сапёрнай роты, якая базуецца ў Абхазіі, паведамлялі сваім маці, што ня могуць звольніцца са службы: камандзіры не падпісваюць ім рапарты. Пасьля трох з паловай месяцаў вайны яны захацелі дадому, у выніку здалі зброю і самастойна паехалі ў камэндатуру ў Джанкой у акупаваным Крыме — так сапёр Мікіта Лазараў расказаў сваёй маці.

«Дзявятага [ліпеня] ён сказаў: «Мама, нас вязуць на самалёт і ў Растоў. З Растова нас адправяць у нашу вайсковую частку ў Абхазію». Потым тэлефануе і кажа, што іх насамрэч верталётамі пераправілі ў Луганскую вобласьць, горад Бранка. Адзінаццатага чысла сын напісаў: «Мам, нас невялікімі групамі ў складзе 3–5–11 чалавек вывозяць у невядомым напрамку», — расказала маці Мікіты Сьвятлана Елчава.

Салдаты інжынэрна-сапёрнай роты з Абхазіі на шляху з Растова ў Луганскую вобласьць 12 ліпеня запісалі відэа: яны спынілі сваю аўтакалёну і адмовіліся працягваць рух.

На відэа адбываецца такі дыялёг:

— Таварыш палкоўнік, пакажыце паперу, якая паказвае...
— Я не хачу з вамі мець зносіны.
— Ну вось і ўсё. Чаму мы павінны працягваць рух? Не паедзе ніхто!
— У машыну і наперад!
— Ніхто не паедзе.
— Тады іншыя людзі вас павязуць у кайданках.
— На падставе чаго?
— Падстава ёсьць.
— Якая падстава? Мы ня ведалі, куды мы едзем. Самі ж вашыя законы парушаеце.

Пасьля гэтага салдат усё ж даставілі ў Бранку, там зьмясьцілі ў казармы і праводзілі гутаркі. Потым іх падзялілі на групы: мінімум 20 чалавек зачынілі ў падвале.

Маці Арцёма Гаршаніна расказвае: «Ён [сын] сказаў, што ахоўнікі, якія іх ахоўваюць, трапляюцца добрыя. Часам ежу прыносяць патаемна. Адзін нават дазволіў ім падняцца наверх, каб пагрэцца на сонцы, таму што ўнізе вельмі холадна. Сьпяць яны на насілках, у чым ёсьць — у адзеньні. Незразумела, там матрацы і коўдры нейкія ляжаць. Кантракт скасаваць не даюць. Дадому, кажуць, вас ніхто не адпусьціць: спачатку будзе СІЗА, потым „губа“, потым будзе суд — там жа, у Луганскай вобласьці».

Празь нейкі час ад Арцёма пачалі паступаць дзіўныя заспакаяльныя паведамленьні, і Фаціма Гаршаніна западозрыла, што іх адпраўляе не яе сын: «Празь нейкі час мы зразумелі, што з намі на сувязь выходзіць ня наш сын. Па паведамленьнях мы зразумелі, што ня ён. А калі мы рэальнае пытаньне задалі, як клічуць ягонага любімага ката, проста перастаў выходзіць на сувязь наогул».

Цяпер невядома, дзе знаходзяцца Арцём Гаршанін, Мікіта Лазараў і яшчэ 18 таварышаў па службе, якія адмовіліся вяртацца на вайну. Апошняе, што Лазараў расказаў маці, — што іх усімі сіламі спрабуюць вярнуць на поле бою.

«Ён [сын Мікіта Лазараў] кажа: нас абражаюць, зьневажаюць гонар і годнасьць. Кажа: «Мама, я ўжо не магу: так ставяцца, быццам мы ня ведаю хто. Мы там стаялі ваявалі тры з паловай месяцы, а ставяцца так, што... Жудасна ставяцца, увогуле», — расказвае Сьвятлана Елчава.

Раней яфрэйтар 11-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады арміі РФ Ільля Камінскі паведаміў «Настоящему времени», што ягоных калег трымаюць у гаражы ў Луганскай вобласьці і, верагодна, ён хутка таксама апынецца ў зьняволеньні, як пагражала яму камандаваньне. Такім было апошняе паведамленьне, якое ён адправіў маці: «Мы тут як у палоне. Калі будуць казаць, што на рэабілітацыі, — ня верце нікому».

Раней камандаваньне 11-й ДШБ казала салдатам-«адмоўнікам», што калі яны не забяруць рапарты аб звальненьні, то іх адвязуць у Луганскую вобласьць, дзе ўсе яны адразу перадумаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG