Былы прэзыдэнт Эўрапейскага цэнтральнага банку Марыё Драгі пайшоў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Італіі. Першую ягоную заяву адхілілі тыдзень таму, але з другой спробы адстаўку прынялі. Італьянская Corriere della Sera разьбіралася, што прывяло да адстаўкі прэм’ера.
У лютым 2021 году Сэрджа Матарэля даручыў Драгі сфармаваць «урад высокага кшталту, які не павінен атаясамліваць сябе зь якой-небудзь палітычнай формулай» дзеля барацьбы з пандэміяй, эканамічнымі і сацыяльнымі надзвычайнымі сытуацыямі.
Падзеньне ўраду Драгі адбылося падчас хаатычнага двухдзённага парлямэнцкага пэрыяду. 20 ліпеня ў парлямэнце за давер ураду не прагаласавалі «Movimento 5 Stelle» («Рух 5 зорак»), Lega Nord («Ліга Поўначы») і Forza Italia («Наперад, Італія»), якія да таго дня былі часткай урадавай большасьці, а таксама Fratelli d’Italia («Браты Італіі»), якая заўсёды была ў апазыцыі.
Яшчэ 29 чэрвеня папярэдні прэм’ер і кіраўнік «5 зорак» Джузэпэ Контэ заявіў пра Драгі, што «тэхнічны прэм’ер-міністар, які атрымаў сваю пасаду ад нас, умешваецца ў жыцьцё палітычных сіл, якія яго падтрымліваюць». Ён назваў гэта «палацавым манэўрам». Пазьней Контэ перадаў Драгі дакумэнт з 9 пунктаў, па якіх Рух патрабаваў ад прэм’ер-міністра выкананьня абавязаньняў.
У мінулы чацьвер рух «5 зорак» вырашыў не галасаваць за давер ураду аб праекце, які выдзяляе дзясяткі мільярдаў эўра сем’ям і прадпрыемствам, спаслаўшыся на наяўнасьць у мэра Рыма надзвычайных паўнамоцтваў будаваць цэх па перапрацоўцы адкідаў, пра што не гаварылася ў дакумэнце, перададзеным Драгі. У той момант Драгі вырашыў падаць у адстаўку, але прэзыдэнт рэспублікі адхіліў яе, адправіўшы яго на перамовы ў палаты парлямэнту.
У сваёй прамове ў сераду, 20 ліпеня, Драгі папрасіў бакі «заключыць новы пакт даверу, шчыры і канкрэтны, накшталт таго, які дагэтуль дазволіў зьмяніць краіну да лепшага». Правацэнтрысты ва ўрадзе — Lega і Forza Italia — вырашылі не галасаваць за давер выканаўчай уладзе. Яны запатрабавалі фармаваньня фактычна правацэнтрысцкага ўраду — гэта была ўмова, якую Драгі ня мог прыняць.
Як Lega, так і «Рух 5 зорак» крытыкавалі ўрад за рашэньне працягваць пасылаць зброю ва Ўкраіну, каб дазволіць гэтай краіне абараніцца ад агрэсіі з боку Расеі.