Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як змагаецца інфармацыйны спэцназ Лукашэнкі. Тлумачым з Гурневічам


Журналісты дзяржаўных СМІ ў акупаваным расейцамі Марыюпалі
Журналісты дзяржаўных СМІ ў акупаваным расейцамі Марыюпалі

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі фармуецца інфармацыйны спэцназ. Яго галоўнай зброяй мае быць праўда. Атрымліваецца, што два апошнія гады прапагандысты былі на вучэньнях. Давайце сёньня паглядзім, чаму яны навучыліся.

Пасьля пратэстаў дзяржаўныя СМІ ў Беларусі прыкметна зьмяніліся. Калі раней яны былі афіцыёзнымі і малацікавымі беларусам, пра што сьведчыла статыстыка, то сёньня іх галоўная асаблівасьць — гэта цалкам прарасейскі пасыл і ваяўнічасьць.

  • ДзяржСМІ ў Беларусі ператварыліся па зьмесьце і па форме ў расейскія.

Сёньня іх амаль немагчыма адрозьніць. Напрыклад, паглядзіце на афіцыйнае інфармагенцтва БелТА — там ці не палова паведамленьняў ужо пра падзеі ў Расейскай Фэдэрацыі, нібыта Беларусь стала яе часткай, а БелТА — гэта філія агенцтва ТАСС ці РИА Новости. Беларусы і так 28 год жывуць у расейскім інфармацыйным полі, але сёньня іх прывучаюць жыць у Расеі.

  • Дзяржаўныя СМІ запаланілі расейскія экспэрты, якія на пляцоўках, за якія плацяць беларускія падаткаплатнікі, бясконца агучваюць свае кансьпіралягічныя тэорыі.

У гэтых відэаэкспэртызах вы не пачуеце аніводнага доказу агучаных сэнсацый, там суцэльныя намёкі на тое, што сьветам кіруе нейкі таямнічы ўрад, які хоча зьнішчыць Пуціна і прымкнулага да яго Лукашэнку.

  • ДзяржСМІ ўключылі рэжым «культу асобы» і з сэктанцкай зацятасьцю прадстаўляюць Лукашэнку як мэсію.

Калі раней Лукашэнка проста не сыходзіў з экранаў тэлевізараў, то цяпер да яго прымацавалі німб. Гэтая катэгарычнасьць у праслаўленьні Лукашэнкі праяўляецца і ў адносінах да ягоных ворагаў, але, зразумела, у іншы бок.

  • Беларусь, паводле дзяржпрапаганды, апынулася ў варожым кальцы.

Падобная рыторыка была знаёмая і дагэтуль, але сёньня на гэта робіцца асаблівы націск, маўляў, увесь сьвет у агні, там войны, голад і сьлёзы.

  • Практычна ўся публіцыстыка дзяржСМІ стала на рэйкі тлумачэньня беларусам, што Захаду прыйшоў канец.

І пакуль у Наваградку другі дзень трывае фэстываль «Вытокі» і шчасьлівыя людзі скачуць полечку і рэжуць на гармоніку, у Эквадоры дэманстранты паляць гарады. Пра падзеі ў Эквадоры быў відэасюжэт, а пра скокі ў Наваградку — навіна радком на гэтым жа відэа. Калі ж сьвет калоцяць не пратэсты, то ён гіне ад прыродных катаклізмаў: ураганаў, паводак і сьмерчаў.

Гэта вядомая тактыка: перанесьці ўвагу ад праблемаў ва ўласнай краіне — на іншую. Разьлік на тое, што глядач скажа: ну, ня толькі ў нас кепска, або — о, дык у іх яшчэ горш. І калі гледача ўжо добра-такі папалохаюць і прапампуюць жахамі ў Польшчы, можна перайсьці і да пазытыўнага — пасяўной у Беларусі, якой не замінае нават кепскае надвор’е.

  • На фоне таго, як беларусам расказваюць пра пакуты ў Эўропе і ЗША, істотная асаблівасьць дзяржаўных СМІ — тое, што вы там рэдка пачуеце пра посьпехі Беларусі. Нашмат больш там гавораць пра пэрспэктывы, пляны, чаканьні і патэнцыял. Вось некалькі загалоўкаў агенцтва БелТА:
  1. Египет заинтересован в поставках молочной продукции и растительного масла из Беларуси
  2. К вопросу повышения зарплаты в бюджетной сфере планируем вернуться не позднее сентября
  3. Беларусь готова обсуждать с Италией здравые инициативы, направленные на пользу жителей наших стран

А калі ж вынік? Лукашэнка кіруе краінай 28 год, а кожны раз просіць беларусаў яшчэ трошкі пацярпець, каб жыцьцё наладзілася. Калі коратка, то пасыл дзяржСМІ такі: у Беларусі ўсё будзе, але трэба пацярпець

  • Іншая тактыка дзяржСМІ: выдаваць меркаваньне за факт.

Напрыклад, так званы экспэрт кажа, што на Захадзе жорстка блякуецца любая альтэрнатыўная думка. Праўда, не прыводзіць аніводнага факта. Як казала гісторык Дэбора Ліпштат, думка, якая грунтуецца на ілжывай інфармацыі, — гэта хлусьня. Ліпштат мае права так казаць, яна выйграла суд зь іншым гісторыкам, які абвяргаў Галакост. Але самае цікавае, што вядучы, які пагаджаецца з суразмоўцам, што на Захадзе забароненая альтэрнатыўная думка, расказвае, што чытаў тысячы камэнтароў пад артыкуламі ў замежных СМІ пра цяжкое жыцьцё людзей.

  • У дзяржСМІ тыражуюцца загалоўкі, якія ўводзяць у зман.

Напрыклад, навіна пра тое, што сябры Рэспубліканскай партыі ў Тэхасе заклікалі правесьці рэфэрэндум па пытаньні выхаду штату са складу ЗША ў 2023 годзе.

Навіна гучыць сэнсацыйна. Ого, ужо і ў ЗША пайшлі працэсы, Амэрыка хутка разваліцца. Нідзе далей у навіне, спасылка на якую вядзе на сайт нават ня БелТА, а расейскага ТАСС, вы не пабачыце наступнай інфармацыі, якая неабходная для яе поўнага разуменьня:

  • Заклікі да аддзяленьня Тэхасу ад ЗША рэгулярна гучаць сярод палітыкаў-рэспубліканцаў і звычайна набіраюць абароты, калі пасаду прэзыдэнта займае нехта з дэмакратычнай партыі, як цяпер Байдэн.
  • Ніякай юрыдычнай моцы гэтыя заклікі ня маюць.
  • І галоўнае: Вярхоўны суд ЗША яшчэ ў 1869 годзе адмовіў Тэхасу ў аддзяленьні і пацьвердзіў гэта ў 2006 годзе. То бок заклік рэспубліканцаў у Тэхасе — звычайная заява, асуджаная на забыцьцё праз пару дзён пасьля таго, як была агучаная.

Такіх загалоўкаў вельмі шмат. Усе яны вядуць на тую ж самую крыніцу інфармацыі — расейскае афіцыйнае агенцтва РИА Новости. Калі ж трапляеш на першакрыніцу навіны, то ўсё аказваецца зусім інакш.

ДзяржСМІ — гэта люстэрка той дзяржавы, якую збудаваў і працягвае будаваць Лукашэнка. Пытаньне і інтрыга толькі ў тым — за каго прапаганда трымае беларусаў, праводзячы такую інфармацыйную палітыку. Калі дзяржСМІ — гэта інфармацыйны спэцназ, то беларусы, па ўсёй верагоднасьці, гэта вязьні інфармацыйнага Акрэсьціна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG