Пра гэта паведамляе «Медуза», у распараджэньні якой, як сьцьвярджаецца, аказаліся вынікі закрытага апытаньня ВЦИОМ, праведзенага ў канцы чэрвеня 2022 году на замову адміністрацыі прэзыдэнта Расеі. Афіцыйна ВЦИОМ гэтыя дадзеныя не публікуе і не камэнтуе.
Як піша «Медуза», 57 працэнтаў апытаных лічаць, што баявыя дзеяньні неадкладна спыняць ня варта, а яшчэ 13 працэнтаў не змаглі адказаць. Прыхільнікі спыненьня вайны ў большасьці і сярод расейцаў ва ўзросьце 25–34 гадоў. Затое 72 працэнты апытаных, старэйшых за 60 гадоў, — за працяг «спэцапэрацыі».
Як сьцьвярджаецца, сярод «актыўных карыстальнікаў інтэрнэту» за заканчэньне баявых дзеяньняў выступаюць 47% рэспандэнтаў, а 35% — за іх працяг. Сярод тэлеаўдыторыі карціна супрацьлеглая.
У адкрытым доступе ў канцы чэрвеня былі апублікаваныя дадзеныя апытаньня ВЦИОМ, зь якіх вынікае, што так званую спэцапэрацыю «хутчэй падтрымліваюць» 72 працэнты апытаных. Пытаньне аб тым, ці трэба спыніць вайну, у гэтым апытаньні не задавалася. Падобныя дадзеныя і ў апошнім апытаньні Лявада-цэнтру, таксама апублікаваным у канцы чэрвеня, — 73 працэнты апытаных заявілі пра тую ці іншую ступень падтрымкі дзеяньняў расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне.
Пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну ў Расеі прынялі законы, якія забараняюць так званую дыскрэдытацыю арміі — дыскрэдытацыяй суды нярэдка прызнаюць, напрыклад, заклікі да міру ва Ўкраіне. Цяжка ацаніць, наколькі ў адказах на пытаньні сацыёлягаў могуць праяўляцца асьцярогі стаць ахвярай рэпрэсій з прычыны «неляяльных» адказаў.