Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замовілі піцу — прыехала міліцыя. Як і за што затрымлівалі Зьмітра і Насту Дашкевічаў, якіх цяпер судзяць за «масавыя беспарадкі»


Наста і Зьміцер Дашкевічы з сынам пасьля вызваленьня Зьмітра з-за кратаў. 15 красавіка 2017 года
Наста і Зьміцер Дашкевічы з сынам пасьля вызваленьня Зьмітра з-за кратаў. 15 красавіка 2017 года

Маскоўскі суд Менску 11 ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы мужа і жонкі Зьмітра і Насты Дашкевічаў.

Ім інкрымінуюць ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Справу будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Пірожнікава, паведамляе «Вясна». Зьміцер у зьняволеньні з 23 сакавіка.

15 чэрвеня Наста нарадзіла сына Данііла, гэта чацьвёртае дзіця ў сям'і Дашкевічаў.

Свабода расказвала пра гісторыю каханьня сям’і Дашкевічаў. У гэтай публікацыі мы ўспамінаем найбольш значныя затрыманьні і суды, якія былі ў Зьмітра і Насты.

Яшчэ да «крыміналкі» адседзеў на сутках паўгода

Першае затрыманьне Зьмітра Дашкевіча, якое фіксуюць СМІ, адбылося 14 лютага 2002-га — больш за дваццаць гадоў таму. «Малады фронт» традыцыйна адзначаў Дзень сьвятога Валянціна. Юнакі і дзяўчаты, нягледзячы на забарону гарадзкіх уладаў, пайшлі цэнтральным праспэктам Менску. Маладафронтаўцаў затрымалі на скрыжаваньні праспэкта Скарыны (тады ён так называўся) і Дарашэвіча.

Затрыманых было каля трыццаці, але да суду дайшлі справы толькі шасьцярых. Сярод іх быў тагачасны лідэр «Маладога фронту», а сёньня палітвязень Павал Севярынец, Стась Івашкевіч (сёньня вядомы журналіст-расьсьледавальнік), а таксама Васіль Парфянкоў, які нядаўна бязь вестак зьнік падчас бою пад Лісічанскам. Быў сярод затрыманых і 20-гадовы Зьміцер Дашкевіч.

Івашкевіч потым расказваў Свабодзе, што яго разам з Дашкевічам білі ў пастарунку. Урэшце Дашкевічу прысудзілі 35 «мінімалак» штрафу. На той момант гэта было 350 тысяч рублёў (па тагачасным курсе — 210 даляраў). Сярэдні заробак у Беларусі на той момант складаў 95 даляраў.

Першыя 10 сутак арышту Дашкевіч атрымаў у той жа год за сьвяткаваньне Дня Волі, тады Зьміцер нёс бел-чырвона-белы сьцяг. У камэры на Акрэсьціна Дашкевіч сядзеў разам зь Севярынцам.

Пасьля гэтага затрыманьні Дашкевіча сталі рэгулярнымі. Яшчэ да першай сваёй крымінальнай справы ў 2006 годзе толькі на «сутках» Зьміцер адседзеў больш як паўгода.

Галасы з-за сьценкі

Па крымінальнай справе Зьмітра затрымалі ўпершыню 15 верасьня 2006 году, тады хлопец сам прыйшоў у пракуратуру разам з адвакатам. На той момант ён ужо быў кіраўніком «Маладога фронту». Адтуль Зьмітра павезьлі ўжо на «Валадарку». Хлопца абвінавачвалі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асудзілі на 1,5 года калёніі. Пакараньне ён адбываў у Шклове. На волю выйшаў датэрмінова 23 студзеня 2008 году.

Па выхадзе з турмы грамадзкай дзейнасьці не спыніў. Другі крымінальны перасьлед Дашкевіча пачаўся напрыканцы 2010 году. Яго затрымалі разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым (сёньня ваюе ва Ўкраіне) нібыта за бойку зь мінакамі. Адбылося гэта за дзень да асноўнага дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.

Суд на хлопцамі праходзіў незвычайна. «Пацярпелыя» не паказаліся ўдзельнікам працэсу, былі толькі чуваць іх галасы з-за сьценкі. Паказаньні яны давалі даволі блытаныя, казалі, што мабільнікамі не карыстаюцца, а на месца здарэньня дабраліся на папутках.

Дашкевіча і Лобава асудзілі на два гады калёніі, потым Дашкевічу накінулі яшчэ год — за парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня. Зьняволеньне кіраўнік «Маладога фронту» адбываў у Горках, Глыбокім і Горадні.

Пратэставаў супраць вайны разам з Пратасевічам

Па вызваленьні ў 2013 годзе Дашкевіч заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю і сям’ёй. Тым ня менш працягваў удзельнічаць у акцыях.

2 сакавіка 2014 году Дашкевіч быў затрыманы ля расейскай амбасады, калі выступіў супраць вайны ва Ўкраіне. Разам зь ім і іншымі затрымалі і Рамана Пратасевіча, які тады таксама быў у «Маладым фронце». Дашкевіча арыштавалі на 12 сутак. На 25 сутак затрымлівалі яго падчас правядзеньня ў Менску чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.

У верасьні 2016 году Дашкевіча затрымлівалі на мяжы з Расеяй у Веткаўскім раёне, калі ён капаў там акопы разам з паплечнікам Сяргеем Пальчэўскім. Такім чынам яны хацелі прадэманстраваць, што расейскіх войскаў у Беларусі ніхто не чакае. У міліцыі Дашкевіч сказаў, што ня ведае расейскай, таму з урокаў для перакладу яго допытаў здымалі настаўніц беларускай мовы. За «незаконнае зьняцьцё ўрадлівай глебы» ён атрымаў штраф у памеры 220 рублёў.

У сакавіку 2017 году Зьмітра затрымалі, калі ён рабіў новую кухню для пісьменьніка Ўладзімера Арлова. Хлопец замовіў піцу, а замест яе прыехала міліцыя. Дашкевіч быў тады затрыманы ў рамках справы «Белага легіёну», за падрыхтоўку масавых беспарадкаў. Менш як празь месяц Зьмітра вызвалілі, да суду справа не дайшла.

Апошнія гады Зьміцер Дашкевіч засяродзіўся на абароне мэмарыялу Курапаты. Праз гэта неаднаразова ўзьнікалі канфлікты зь міліцыяй, былі затрыманьні і арышты. Пасьля 15 сутак за ўдзел у пратэстах 2020 году казаў, што ня бачыў яшчэ ніколі такіх нясьцерпных умоваў, якія былі створаныя тады.

Дапытвала Чамаданава

Першае затрыманьне Насты Палажанкі (такое прозьвішча яна насіла да шлюбу) адбылося 5 жніўня 2005 году каля амбасады Польшчы ў Менску. Маладафронтаўцы выказвалі салідарнасьць зь недзяржаўным Саюзам палякаў, вынікі зьезду якога не прызнавалі ўлады. Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч атрымалі тады па 10 сутак арышту, а непаўналетнюю Насту вызвалілі.

У траўні 2006 году 15-гадовая Палажанка ўдзельнічала ў галадоўцы маладафронтаўцаў, якая праходзіла супраць палітычна матываваных адлічэньняў студэнтаў з ВНУ і вучылішчаў.

Так атрымалася, што першы суд для Палажанкі быў адразу па крымінальнай справе. Гэта было ў траўні 2007 году, тады пяцёх маладафронтаўцаў (Хведарука, Корбана, Гарэцкага, Палажанку і Янушэўскага) судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Старэйшых хлопцаў аштрафавалі, а 10-клясьніцы Насьце прысудзілі «прымусовыя меры выхаваўчага характару».

Падчас аднаго з затрыманьняў на пачатку 2008 году Палажанку дапытвала асабіста будучая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Першы ў жыцьці адміністрацыйны арышт Палажанка атрымала ў лістападзе 2008 году, праз пару месяцаў пасьля паўналецьця. Яе разам зь іншымі маладафронтаўцамі асудзілі за ўдзел у акцыі насупраць КДБ 7 лістапада. Ленінскі суд Менску арыштаваў юнакоў на трое сутак, на момант абвяшчэньня прысуду гэты тэрмін ужо скончыўся, таму яны адразу выйшлі на волю.

Год умоўна і затрыманьне каталікамі

Мабыць, адно з найбольш арыгінальных затрыманьняў здарылася з Настай Палажанкай у ліпені 2009 году, калі яе затрымалі дружыньнікі на сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы. Наста раздавала буклеты «Сьцяг і герб Беларусі». Дружыньнікі здалі дзяўчыну ў міліцыю, дзе на яе склалі пратакол.

У сьнежні 2010 году Насту затрымалі за падзеі Плошчы. У турме КДБ яе пратрымалі да 17 лютага. Судзілі Насту разам з Уладзімерам Някляевым, Віталём Рымашэўскім, Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком. Дзяўчына атрымала год умоўна. Пазьней Наста прызналася, што была вымушаная падпісаць паперу аб супрацоўніцтве з КДБ, але агентку зь яе ніхто не спрабаваў зрабіць.

Пасьля гэтага Насту яшчэ неаднаразова затрымлівалі за ўдзел у самых розных акцыях пратэсту, прысуджалі ёй адміністрацыйныя арышты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG