Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу данесьці свой крыж». 11 фактаў пра Дашкевіча, якога вінавацяць у «арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»


Зьіцер і Наста Дашкевічы зь дзецьмі на руках на сьвяткаваньні 93-х угодкаў Васіля Быкава
Зьіцер і Наста Дашкевічы зь дзецьмі на руках на сьвяткаваньні 93-х угодкаў Васіля Быкава

6 красавіка стала вядома, што на Зьмітра Дашкевіча завялі крымінальную справу за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу 23 сакавіка затрымалі былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча. Суд Першамайскага раёну Менску прысудзіў Дашкевічу арышт на 15 дзён у адміністрацыйнай справе. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКу было напісана, што ўжо сабраны матэрыял, каб прыцягнуць Дашкевіча да адказнасьці паводле артыкулу 342 КК «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Свабода ўспамінае адметныя факты зь біяграфій Зьмітра і Насты Дашкевічаў.

Пажаніліся ў турме

У сьнежні сёлета будзе дзесяць гадоў, як Зьміцер Дашкевіч і Наста Палажанка (такое яе дзявочае прозьвішча) жывуць у шлюбе. Пабраліся маладыя ня ў самых рамантычных абставінах — у горадзенскай турме, дзе Зьміцер адбываў пакараньне за падзеі 2010 году, калі яго разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым затрымалі напярэдадні Плошчы. На волю Зьміцер выйшаў 28 жніўня 2013 году. Літаральна праз тры дні пара павянчалася ў царкве і зладзіла сьвяткаваньне для сяброў.

Прапанову зрабіў, калі сядзеў на «Валадарцы»

«Я сядзеў у СІЗА на „Валадарцы“, камэра № 77. Дастаю з кешара аркуш, пішу ліст: „Настачка, каханая мая, не магу безь цябе жыць, будзь маёй жонкай“. А яна адказвае мне: „Канечне, Зьміцер“», — так Дашкевіч расказваў аб прапанове шлюбу. Праўда, доўга расьпісаць іх не маглі, бо пашпарт Зьмітра пры затрыманьні забраў КДБ і не аддаваў. Наста разам з адвакатам пісала скаргі ў розныя ўстановы, толькі тады Генэральная пракуратура адказала, што знайсьці пашпарт Зьмітра немагчыма. На падставе гэтага адказу можна было зрабіць новы дакумэнт.

Бацькі траіх дзяцей

Першай у 2014 годзе ў сям’і Дашкевічаў нарадзілася дачка Мара. «Першыя сем месяцаў я хацеў хлопца. А пасьля УГД паказала, што будзе дзяўчыначка. У любым выпадку я вельмі рады. Дзяўчынка для бацькі заўсёды шчасьце і радасьць, бо з хлопцам можна больш строга. А зь дзяўчыначкай — іншая сытуацыя», — прызнаваўся Зьміцер. Сын Давід у пары нарадзіўся ў лютым 2016 году, а ў траўні 2019-га — яшчэ адна дачка, Магдалена. Цяпер Наста чакае чацьвёртае дзіця. Зьміцер казаў, што з нараджэньнем дзяцей пачаў па-іншаму ставіцца да жыцьця. «Адна справа, як я мог сябе паводзіць, калі быў адзін. Цяпер зусім іншая сытуацыя».

У «Маладым фронце» ад пачатку 2000-х

«Я знайшоў сябе і праўду ў «Маладым фронце», — казаў Зьміцер Дашкевіч. Да арганізацыі ён далучыўся ў 2001 годзе, на хвалі абароны Курапатаў падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Праз тры гады ўзначаліў арганізацыю. Наста далучыўся да «Маладога фронту» ў часы кіраўніцтва Дашкевіча, ёй тады было 14 гадоў. Кажа, што прыйшла ў арганізацыю, каб размаўляць па-беларуску, там такое асяродзьдзе было. «Нежаданьне пагаджацца зь несправядлівасьцю і жаданьне дапамагчы тым, хто зь ёй сутыкнуўся, сталі прычынай, па якой я засталася ў „Маладым фронце“», — словы Насты Дашкевіч.

Зьміцер правёў чатыры гады ў калёніях і СІЗА

Затрыманьні і адміністрацыйныя арышты былі звычайнымі буднямі для маладафронтаўцаў. Праз гэта праходзілі амаль усе сябры арганізацыі. Нярэдкім быў і крымінальны перасьлед. У верасьні 2006 году Зьмітра арыштоўваюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Прысуд — 1,5 года зьняволеньня. На волю Дашкевіча выпусьцілі датэрмінова ў студзені 2008 году пад ціскам санкцый ЗША і Эўразьвязу. У сьнежні 2010 году Дашкевіча зноў арыштавалі у крымінальнай справе за суткі да дня выбараў — 19 сьнежня. У выніку Дашкевіча разам з паплечнікам Лобавым асудзілі на 2 гады калёніі «за злоснае хуліганства». У зьняволеньні Зьмітру накінулі яшчэ 1 год за «злоснае непадпарадкаваньне» адміністрацыі калёніі. У той справе Дашкевіч адбыў у зьняволеньні 2,5 года.

Насту судзілі ў крымінальнай справе ў шаснаццаць гадоў

У траўні 2007 году Наста Палажанка паўстала перад судом у той самай справе паводле ч 1. арт. 193 КК («Удзел у незарэгістраванай арганізацыі»). Разам зь ёй на лаве падсудных былі паплечнікі Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан і Аляксей Янушэўскі. Насьце на той момант было ўсяго 16 гадоў. Паводле прысуду хлопцы атрымалі штрафы, а Насьце было вынесенае судовае папярэджаньне. У ноч выбараў 2010 году яе затрымалі ва ўласнай кватэры. Амаль 2 месяцы Наста правяла ў СІЗА КДБ. Пазьней суд прызначыў ёй пакараньне — адзін год зьняволеньня з адтэрміноўкай. За краты яна ня трапіла.

Сталяром Зьмітра зрабіў Іван Іваноў

Калі ў 2013 годзе Зьміцер выйшаў на волю з калёніі, то стаяла пытаньне, як зарабляць грошы на сям’ю. Ён кажа, што сустрэў у той пэрыяд беларускамоўнага майстра ў вырабе мэблі Івана Іванова, які і навучыў маладафронтаўца тонкасьцям прафэсіі. У хуткім часе Зьміцер зарэгістраваў сваю фірму «Цесьляры», дзе працу знаходзілі многія ягоныя паплечнікі. Сам ён лічыў годным займацца цяжкай фізычнай працай па вырабе мэблі. «Нічога пасьля гэтага не зьмянілася, я як быў змагаром, так і застаўся. А стваральная праца натхняе. Прыемна, калі скончыў шафы, кухню», — казаў Дашкевіч. Гэтай справай Зьміцер займаўся і ў 2022 годзе.

Прынцыпова беларускамоўныя

Зьміцер і Наста паўсюль карыстаюцца беларускай мовай, гадуюць у ёй дзяцей. Сам Зьміцер неаднаразова казаў, што гэта адна з базавых рэчаў для таго, каб абараніць незалежнасьць краіны, а таксама прыйсьці да перамен у грамадзтве. «Кожны патрыёт мае самую магутную і простую зброю. Трэба проста размаўляць па-беларуску, паўсюль», — казаў ён. Пасьля падзей 2020 году Зьміцер заклікаў людзей штодня гаварыць хаця б некалькі словаў па-беларуску, каб гэта быў такі штодзённы пікет.

Абаронцы Курапатаў

Для сям’і Дашкевічаў урочышча Курапаты — знакавае месца. Зьміцер бараніў Курапаты на працягу 21 году: калі там пракладалі МКАД, калі спрабавалі будаваць дамы на вуліцы Мірашнічэнкі ў 2017-м, калі збудавалі рэстаран «Поедем поедим». Менавіта Дашкевіч паставіў драўляныя крыжы па пэрымэтры ўрочышча, якія потым зьнесьлі камунальнікі. Зь пікетаваньнем да рэстарана «Поедем поедим» Дашкевіч выходзіў штотыдзень па пятніцах, часам да яго далучаліся і жонка, і дзеці. За гэта Зьмітра затрымлівалі, адпраўлялі на «суткі».

«Курапаты — гэта тая тэма, якая пры ўсёй цяжкасьці і відавочнай безвыніковасьці ня можа пакінуць цябе абыякавым. Яна падымае цябе нават тады, калі б ты не хацеў падымацца. Я лічу, яна ў Беларусі на сёньняшні дзень самая важная і ў духоўным пляне, і ў палітычным», — казаў Зьміцер.

Пратэстанцкія вернікі

Зьміцер і Наста — прыхаджане царквы «Ян Прадвесьнік», якая належыць да пяцідзясятніцкай плыні пратэстантызму. Гэтая царква цалкам беларускамоўная. За пастара там Антоні Бокун. Вера ў Бога, як казаў Зьміцер, дазваляла яму праходзіць усе самыя страшныя выпрабаваньні. Дашкевіч ставіць яе на першае месца ў сыстэме сваіх каштоўнасьцяў.

Не хацелі ехаць зь Беларусі

Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі апошніх гадоў, што адбываліся ўнутры краіны, сям’я Дашкевічаў настойвала, што ня хоча зьяжджаць зь Беларусі. За тыдзень да затрыманьня ў вялікім допісе ў фэйсбуку Зьміцер патлумачыў такую пазыцыю: «Для мяне заставацца ў Беларусі — найцяжэйшае штодзённае рашэньне. І нават не таму, што зона (там нічога новага), а таму, што ты не належыш сам сабе. Канечне, можна было б жыць спакойна. І нават стаць там героем. Але я не хачу такога геройства. Дый сёньня нават ніякага не хачу. Я хачу проста данесьці свой крыж».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG