Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета строгага рэжыму. У Гомлі сем’і будуць ставіць на ўлік за наведваньне стыхійных пляжаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нядаўна я адпачывала на пляжы ў Таліне, і да мяне падышлі паліцыянты. Па яшчэ беларускай звычцы я спужалася, бо на радзіме ўвага з боку міліцыі заўжды была кепскім знакам. Тут жа аказалася, што ў лесе побач з пляжам былі гукі, падобныя да страляніны, і людзі ў форме распытвалі, хто што чуў. Яны ветліва спыталіся, ці ёсьць у мяне вада, каб заліць вогнішча перад адыходам, некалькі разоў папрасілі не забыць гэта зрабіць і пажадалі на разьвітаньне добрага вечара. А праз пару дзён я даведалася, што ў Гомлі абяцаюць ставіць сем’і на ўлік, калі бацькоў заўважылі за ўжываньнем алькаголю на пляжы ці калі тыя прывялі дзяцей на так званы стыхійны пляж.

Здавалася б, і ў эстонскіх, і ў беларускіх прадстаўнікоў улады добрая мэта — быццам бы і тыя, і тыя хочуць, каб усе на пляжы былі ў бясьпецы. Толькі эстонскія паліцыянты з усьмешкай просяць заліць вогнішча вадой, а беларускія — пагражаюць забраць дзяцей, калі бацькі будуць парушаць парадак.

Ясна, што ўжываць алькаголь на пляжы ды побач зь дзецьмі — кепская ідэя. І тое, што плаваць лепш у тых месцах, дзе працуюць ратавальнікі, таксама зразумела. Але мэтады працы ў беларускай міліцыі такія, што больш бясьпечным яны навакольле наўрад ці робяць, а вось запалохваюць усіх па поўнай.

«Для сацыяльных органаў і праваахоўнікаў цяпер ня будзе прынцыповай розьніцы, дзе бацькі на вачах у дзяцей ужываюць алькаголь — у кватэры ці на прыродзе», — кажа намесьнік абласной камісіі ў справах непаўналетніх Яўген Міткевіч. Але няясна, што гэтыя органы думаюць пра вытокі алькагалізацыі беларускага народу, якая ўжо, у сваю чаргу, становіцца прычынай шматлікіх праблем, і ў тым ліку — дзіцячых сьмерцяў на вадзе. Ці выступаюць сацыяльныя органы і міліцыя за падвышэньне цаны на алькаголь, ці распрацоўваюць праграмы, каб зьмяняць у Беларусі культуру ўжываньня алькаголю? Ці робяць яны ў барацьбе за дзіцячую бясьпеку хоць нешта, акрамя таго, што прыдумляюць новыя формы пакараньня бацькоў?

Складаецца ўражаньне, што для чыноўнікаў і так званых праваахоўнікаў галоўнае — не ўратаваць жыцьці дзяцей, а знайсьці (патэнцыйна) вінаватых, прыдумаць для іх пакараньне і даць справаздачу, што яны гатовыя выконваць сьвежапрыдуманы закон з усёй строгасьцю.

Да бацькоў яны пры гэтым дэманструюць стаўленьне вельмі непаважлівае. Быццам бы тыя — не галоўныя людзі ў жыцьці ўласных дзяцей, а нанятыя дзяржавай работнікі, якія кепска спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Вось прадстаўнікі дзяржавы і абураюцца, што маці кепска глядзяць за дзецьмі і выкладаюць пляжныя фатаздымкі ў сацсеткі, і што некаторыя бацькі вядуць малых не ў дзіцячы садок, а на пляж, дзе іх і губляюць. Нават наведваньне дзецьмі дзіцячых садкоў узялі пад асаблівы кантроль! Хто ведае, мо яшчэ прыдумаюць адбіраць у жанчын смартфоны пры ўваходзе на пляж. Яны і не да такога дадумаюцца, у іх творчых здольнасьцях я не сумняваюся.

Шкада, што ў камплекце з творчымі здольнасьцямі не ідзе ўменьне аналізаваць і будаваць прычынна-выніковыя сувязі. Бо сьледам за ідэямі, як бы яшчэ мацней кантраляваць і караць бацькоў, ідзе неразуменьне, чаму дарослыя не зьвяртаюцца па дапамогу ў дзяржаўныя службы, як толькі дзіця згубілася.

І праўда, чаму яны не сьпяшаюцца ісьці да тых, чые асноўныя інструмэнты «дапамогі» — паставіць на ўлік, асудзіць, адабраць? Трэба, мабыць, прыдумаць новае пакараньне. Для тых, хто позна зьвярнуўся ў міліцыю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG