Санаторыі
У санаторый «Юнацтва» на беразе Менскага мора пуцёўкі ёсьць толькі на другую палову жніўня. Пражываньне ў аднамесным нумары, разам з харчаваньнем і кансультацыяй лекара, каштуе 229 рублёў за суткі, або 3435 рублёў за 15 дзён. Гэта $1300 даляраў.
Але не паўсюль у беларускіх санаторыях так дорага. За 11 начэй у санаторыі «Беларусачка» на беразе вадасховішча «Дразды» просяць 638 рублёў. Гэта разам з харчаваньнем.
У санаторыі «Азёрны» на беразе Белага возера нездалёк ад Горадні самы просты аднамесны нумар каштуе 148 рублёў за суткі. За 2 тыдні выйдзе 2220 рублёў, або 847 даляраў.
Санаторый «Алеся» на беразе Завышанскага возера ў Берасьцейскай вобласьці прапануе нумары за 60 рублёў з чалавека. Выйдзе 900 рублёў за 2 тыдні, або 343 даляры.
У санаторыі «Сонечны бераг» на Дняпры ў Гомельскай вобласьці нумары каштуюць ад 114 рублёў за суткі. За 2 тыдні разам зь лячэньнем і харчаваньнем выйдзе 1710 рублёў, або 652 даляры.
Адзін з самых дарагіх варыянтаў, якія знаходзім, — санаторый «Альфа Радон» у Горадзенскай вобласьці на беразе ракі Паніквы. Адпачынак на 14 начэй тут пацягне на 4368 рублёў, або 1667 даляраў.
Адпачынак за мяжой
Шмат у якія звыклыя для беларусаў эўрапейскія мясьціны цяпер самалётам зь Менску не даляцець — «Белавія» пад санкцыямі. Аднак дабрацца, напрыклад, да Гішпаніі магчыма аўтобусам.
Такі адпачынак на 14 дзён (7 дзён на моры) разам са сьняданкамі па дарозе і на моры будзе каштаваць 1649 рублёў, або 629 даляраў. Гэта ў 2,5 раза таньней, чым адпачынак у санаторыі «Альфа Радон».
На пляжы Альбаніі можна дабрацца самалётам зь Менску, такі адпачынак на 8 дзён абыдзецца ў 1100 рублёў (419 даляраў), у кошт уключаныя сьняданкі ў гатэлі.
Самалётам зь Менску таксама можна выбрацца ў адпачынак у Чарнагорыю. 16 дзён абыдуцца ў 1735 рублёў або 662 даляры, у гатэлі ёсьць сьняданак.
Даступны таксама папулярны сярод беларусаў варыянт адпачынку — all inclusive у Турэччыне, паляцець можна зь Менску. На 8 начэй такі адпачынак будзе каштаваць 1735 рублёў або 662 даляры.
Незвычайныя напрамкі
Сёлета зьявіліся і новыя прапановы і напрамкі, якія раней былі ня вельмі папулярныя сярод беларусаў. Напрыклад, прапануюць тур у Баку на 7 дзён з вылетам зь Менску, каштуе 792 рублі або 302 даляры.
У азэрбайджанскім Нафталане прапануюць лекаваньне нафтай, каштуе тур 909 рублёў або 346 даляраў з вылетам з Масквы.
Сёлета ад турфірмаў таксама шмат прапаноў на адпачынак у Армэніі. Тур на 8 дзён з вылетам зь Менску ўключае ў сябе ежу, сьвяточную вячэру, экскурсійную праграму і каштуе 2676 рублёў або 1021 даляр.
Падобныя экскурсійныя туры ёсьць ва Ўзбэкістан. За 10 дзён з вылетам зь Менску, з экскурсіямі і сьняданкамі, тур будзе каштаваць 2438 рублёў або 930 даляраў.