Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьнішчылі пахаваньне жаўнераў Арміі Краёвай. ФОТА

абноўлена

Магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках да зьнішчэньня ў ліпені 2022
Магілы жаўнераў Арміі Краёвай у Мікулішках да зьнішчэньня ў ліпені 2022

Зраўнялі зь зямлёй пахаваньні ў вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну Горадзенскай вобласьці.

У Беларусі ўлады працягваюць барацьбу з пахаваньнямі жаўнераў Арміі Краёвай, заявіў польскі дэпутат Робэрт Тышкевіч. У фэйсбуку ён апісаў пра выпадак зьнішчэньня польскіх магіл.

«Барбарскі акт дзяржаўнага вандалізму супраць магіл жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. Як паведаміў Марэк Занеўскі, віцэ-прэзыдэнт Зьвязу палякаў Беларусі (ЗПБ), пахаваньне вайскоўцаў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі цалкам зраўнаваная зь зямлёй! Гэты агідны ўчынак рэжыму Лукашэнкі трэба сустрэць моцнай рэакцыяй польскіх уладаў».

У сельскім савеце сказалі, што ўпершыню чуюць пра гэты выпадак і што пастараюцца найбліжэйшым часам праверыць, што там на могілках адбылося насамрэч. Спытаць на месцы цяпер няма каго, бо ў вёсцы Мікулішкі ніхто не жыве.

Пасьля разбурэньня магіл
Пасьля разбурэньня магіл

На мінулым тыдні прадстаўнікі Польшчы ўжо зьвярталі ўвагу на наўмыснае зьнішчэньне польскіх пахаваньняў на тэрыторыі Беларусі.

«Апаганьваньні ў асноўным тычацца Горадзенскай вобласьці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахаваньня польскіх салдат, удзельнікаў народных паўстаньняў, абаронцаў Горадні. Нядаўна невядомыя зьнішчылі польскія надмагільлі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ядкевічах», — гаварылася ў паведамленьні МЗС Польшчы.

Адзін з прыкладаў — каля вёскі Ядкавічы невядомыя выкапалі парэшткі з брацкай магілы польскіх салдат. Там былі пахаваныя жаўнеры Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1944 годзе. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што ў рамках расьсьледаваньня справы аб генацыдзе беларусаў парэшткі жаўнераў перапахавалі на могілках у Эйсмантах, а сам помнік неўзабаве прыбяруць.

Рэжым Лукашэнкі раней неаднаразова рабіў падобныя перапахаваньні. У прыватнасьці, каб выдаць ахвяр савецкага рэжыму за забітых нацыстамі людзей. У месцах камуністычных злачынстваў у Курапатах пад Менскам, Кабыляках пад Воршай, Хайсах пад Віцебскам і іншых невядомыя, якіх ніколі не знаходзіла міліцыя, неаднаразова ламалі крыжы і лаўкі, зьбівалі таблічкі, малявалі серп і молат, свастыку, рабілі прарасейскія надпісы. Цяпер у краіне актыўна зьнішчаюцца магілы палякаў, якія супраць ваявалі супраць нацыстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG