У Менску ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшаў зборнік «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных дасьледаваньнях і гістарычнай памяці».
Кніга заснаваная на матэрыялах міжнароднай навуковай канфэрэнцыі аб масавых рэпрэсіях у СССР у 1920–1980-я гады, якая прайшла ў лістападзе 2017 году ў Менску. Яе ініцыятарам быў Беларускі архіў вуснай гісторыі.
Свабода выбрала з кнігі 6 малавядомых фактаў пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі.
У зборніку беларускія, украінскія, польскія і расейскія дасьледчыкі расказваюць ня толькі пра падзеі 1920–1930-х гадоў, якія атрымалі назву «Вялікага тэрору». У артыкулах і дакумэнтах асьвятляюцца найбуйнейшыя рэпрэсіўныя апэрацыі — зьнішчэньне сялянства падчас калектывізацыі і расправы з кулакамі, вынішчэньне інтэлігенцыі, рэпрэсіі падчас Другой усясьветнай вайны і першага пасьляваеннага дзесяцігодзьдзя.
Беларускія дасьледчыкі сярод іншага засяродзілі ўвагу на месцах масавых расстрэлаў — урочышчы Курапаты пад Менскам і Хайсы пад Віцебскам.
1. Заступніцтва Якуба Коласа за рэпрэсаваных
Кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык піша, што з 1925 году паэт Якуб Колас меў шчыльны кантакт з органамі дзяржбясьпекі, часьцяком выступаючы сьведкам у справах падазраваных. Аднак шмат зьвестак зь яго ня выцягнулі.
«На паэта нагаворвалі. І ён, стары „старый и хитрый враг Советской власти и Коммунистической партии“ (з паказаньняў па паэта ў 1937 годзе), бачыў, як імкліва радзеюць пісьменьніцкія шэрагі, і мог толькі спадзявацца, што меч бальшавіцкай улады апусьціцца на яго пазьней. Доўгі час народны паэт спаў не распранаючыся, трымаючы клуначак самых неабходных рэчаў пад рукой», — піша дасьледчык Анатоль Трафімчык.
Дайшла эпіграма Коласа, датаваная 1938 годам:
Калі на з’ездзе ці на сходзе К табе фатограф не ідзе, Дык так і ведай: ты не ў модзе І не патрэбен ты нідзе. І думай, браце, аб бядзе. (Якуб Колас. Збор твораў у 20 тамах, том 2, с.282)
«Вялікіх пісьменьнікаў нездарма называюць вялікі гуманістамі... Шмат каго паэт убярог ад малоха сталінскіх рэпрэсій», — сьцьвярджае Анатоль Трафімчык.
«Вялікіх пісьменьнікаў нездарма называюць вялікі гуманістамі... Шмат каго паэт убярог ад малоха сталінскіх рэпрэсій», — сьцьвярджае Анатоль Трафімчык.
Адной зь першых спробаў выратаваньня стаў ініцыяваны самім Якубам Коласам ліст да старшыні Саўнаркаму БССР Мікалая Галадзеда ў абарону арыштаванага Францішка Аляхновіча, падпісаны ім разам зь Янкам Купалам ды іншымі ў 1928 годзе. На жаль, ліст паэтаў не дапамог, Аляхновіч застаўся ў лягеры, «у капцюрох ГПУ».
У 1930 годзе Якуб Колас заступіўся за сёстраў і маці Янкі Купалы, якіх раскулачылі і рыхтавалі ўжо да высылкі. Гэтым разам вынік быў пасьпяховы.
Летам 1939 году дзякуючы заступніцтву Якуба Коласа быў выпушчаны з-за кратаў Кузьма Чорны.
У 1941 годзе Колас паспрыяў вызваленьню з Лубянкі харавога дырыжора Рыгора Шырмы.
Пасьля вайны Якуб Колас не пабаяўся скласьці пратэкцыю і апальнаму геолягу Гаўрылу Гарэцкаму, пра перавод якога ў Беларусь народны паэт гутарыў з Панцеляймонам Панамарэнкам. Аднак Гаўрыла Гарэцкі быў рэабілітаваны толькі ў 1958-м, а вярнуўся ў Беларусь у 1969 годзе.
Якуб Колас спрабаваў таксама паскорыць перагляд спраў Уладзімера Дубоўкі, Юркі Гаўрука. Заступаўся ён і за простых людзей.
2. «Польская апэрацыя» 1937–1938 гадоў: зьнішчана 50 тысяч палякаў
Паводле дасьледчыка Тадэвуша Гавіна, «Польская апэрацыя» НКВД 1937–1938 гадоў была зацьверджаная загадам Палітбюро і наркомам унутраных спраў СССР Мікалаем Яжовым. Імі быў разасланы закрыты ліст «Аб фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дывэрсійнай, паражэнчай і тэрарыстычнай дзейнасьці польскай выведкі ў СССР». Пад падазрэньне трапляла амаль усё польскае насельніцтва.
Усяго за гады Вялікага тэрору ў СССР усімі органамі НКВД было арыштавана да 123 тысяч палякаў. Сярод расстраляных ня ўсе былі этнічнымі палякамі. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр ацаніў іх колькасьць у 85 тысяч чалавек.
Польскія дасьледчыкі Андрэй Новак і Мікалай Іваноў сьцьвярджаюць, што колькасьць забітых цягам гэтай апэрацыі НКВД палякаў — каля 200 тысяч.
Апошнія дасьледаваньні беларускага гісторыка Ігара Кузьняцова сьведчаць, што ў БССР падчас Вялікага тэрору было расстраляна каля 50 тысяч чалавек, у дакумэнтах якіх была пазначана польская нацыянальнасьць.
На думку Тадэвуша Гавіна, прычынай такога жорсткага стаўленьня да палякаў было тое, што савецкае кіраўніцтва ўспрымала Польшчу як пляцдарм магчымай агрэсіі супраць СССР. У Сталіна быў страх перад «пятай калёнай»; палякі як прадстаўнікі «варожай польскай нацыянальнасьці» ідэальна ўпісваліся ў прыдуманую Сталіным «тэорыю змовы».
3. Арганізаваныя савецкай уладай расстрэлы землеўласьнікаў
Доктар гістарычных навук Аляксандар Смалянчук у сваім рэфэраце піша, што падчас экспэдыцыі Беларускага архіву вуснай гісторыі ў аповедах рэспандэнтаў з Заходняй Беларусі пра падзеі Другой усясьветнай вайны прысутнічалі сюжэты пра забойствы зямянаў, асаднікаў, гаёвых да іншых «контрарэвалюцыйных элемэнтаў» сялянамі, прадстаўнікамі вясковых рэвалюцыйных камітэтаў альбо партызанамі. Гэтыя падзеі дасьледчыкі часта трактуюць як праявы стыхійнага сялянскага бунту, бессэнсоўнага і бязьлітаснага«.
Але папраўдзе «бунт» быў арганізаваны савецкай уладай і яе карнымі органамі.
Алесь Смалянчук дэманструе гэта на лёсе прадстаўнікоў роду Скірмунтаў, прыводзячы дзясятак прыкладаў. Ніжэй толькі два зь іх.
18 верасьня 1939 году каля вёскі Моладава Янаўскага раёну жорстка забілі Генрыха і Марыю Скірмунтаў.
7 кастрычніка 1939 году паблізу вёскі Парэчча Пінскага раёну былі забітыя Раман Скірмунт і ягоны швагер Баляслаў. Напярэдадні іх арыштавалі ўзброеныя камітэтчыкі, зьмясьцілі ў карцэр, раніцай расстралялі. Перад сьмерцю Раману загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся. І вам бы ня раіў гэта рабіць, бо вы маладыя, а я ўжо аджыў свае гады».
«Скірмунты зазналі лёс шматлікіх польскіх землеўласьнікаў, якія разам зь дзеячамі беларускага нацыянальнага руху былі першымі ахвярамі савецкіх рэпрэсій у Заходняй Беларусі. Пазьней прыйдзе чарга мясцовай інтэлігенцыі, польскіх і беларускіх „кулакоў“, габрэйскай буржуазіі», — піша прафэсар Смалянчук.
4. 23–30 чэрвеня 1941 году НКВД расстраляла больш за 15 тысяч зьняволеных
Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў дасьледаваў масавыя расстрэлы зьняволеных, якія ажыцьцяўляліся ў пазасудовым парадку ў прыфрантавой паласе ва ўмовах набліжэньня нямецкіх войскаў у чэрвені 1941 году.
У афіцыйных дакумэнтах НКВД гэтыя дзеяньні называліся як «разгрузка турмаў» альбо «выбыцьцё па 1-й катэгорыі». Расстрэлы ў асноўным адбываліся ў саміх турмах. Нідзе ў дакумэнтах мэта гэтых расстрэлаў не была сфармуляваная. Аднак, на думку дасьледчыка, яна заключалася перш за ўсё ў тым, каб не пакінуць праціўніку сьведак злачынстваў НКВД і савецкага рэжыму — як у даваенны час, так і на пачатку вайны.
Паводле Ігара Кузьняцова, у Трасьцянцы расстралялі 2500 зьняволеных, у Чэрвені — 3 тысячы, у Глыбокім — 2700, Вілейцы — 2400, у Жлобіне — 1500, у Баранавічах — 3600 чалавек; усяго — 15 700 зьняволеных.
5. Рэпрэсіі ў першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе
Дырэктарка «Гістарычнай майстэрні» Ірына Кашталян піша, што адмаўленьне ад мінулага, утойваньне некаторых старонак уласнай біяграфіі стала характэрнай стратэгіяй прыстасаваньня да жыцьця пасьля вайны. За шчырасьць выключалі з ВНУ, звальнялі з працы, маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР навязвалі канфармізм як стыль паводзінаў, прымушалі да «жыцьця ў масцы».
Напрыклад, рэлігійныя перакананьні бацькоў маглі стаць перашкодай для прыёму іхных дзяцей у ВНУ альбо прычынай для выключэньня. Так, у 1948 годзе сакратар Драгічынскага райкаму КП(б)Б Аташкоў зьвярнуўся да сакратара ЦК з просьбай аб выключэньні студэнта зь Менскага мэдыцынскага інстытуту за тое, што ён быў сынам прапаведніка баптысцкай царквы.
Улады пастаянна кантралявалі арганізацыі і ўстановы для выяўленьня «палітычна сумнеўнага элемэнта». Асобаў на кіроўных пасадах рэгулярна фільтравалі на наяўнасьць кампрамату. Да прыкладу, МУС знайшло інфармацыю, якая дыскрэдытавала памочніка пракурора Васілевіцкага раёну Палескай вобласьці. Ягоны брат і бацька былі арыштаваныя за антысавецкую агітацыю, а яшчэ адзін брат быў у палоне і ўцёк зь фільтрацыйнага лягера. Пасьля гэтага памочнік пракурора ўжо ня змог працаваць на пасадзе. Квітнелі даносы на суседзяў, калегаў.
На думку Ірыны Кашталян, «жыцьцё ў масцы» было характэрнай стратэгіяй паводзінаў людзей у сталінскі пэрыяд. Асоба, якая яе выбірала, магла пазьбегнуць перасьледу.
6. Архівы КДБ могуць адкрыць толькі ў 2035–2065 гадах
У Беларусі няма адзінага цэльнага архіву па гісторыі рэпрэсій. Фонды былых сілавых структур, ведамстваў і спэцслужбаў, органаў унутраных спраў, пракуратуры, судоў, уключна з рэвалюцыйным трыбуналам, а таксама фонды партыйных арганізацый не аб’яднаныя ў адзіны архіў. Усе арганізацыі стваралі ўласныя фонды, і гэта захавалася пры перадачы спраў у архівы. У архівы КДБ і МУС няма доступу навукоўцам.
Некаторую інфармацыю пра фонды можна толькі ўскосна атрымаць з рэдкіх інтэрвію саміх супрацоўнікаў КДБ, сьцьвярджае дасьледчык Зьміцер Дрозд. У траўні 2010 году даў інтэрвію газэце «Рэспубліка» начальнік Цэнтральнага архіву КДБ Уладзімер Дарашэвіч. У публікацыі прыведзеная табліца вынікаў перагляду крымінальных спраў у сувязі з рэабілітацыяй. Усяго перагледжана 152 399 спраў, колькасьць асобаў — 235 552, рэабілітавана 175 914, адмоўлена ў рэабілітацыі 59 638. Гэта датычыцца пэрыяду з 1920-х па 1950-я гады.
Зьміцер Дрозд засяроджвае ўвагу, што ў прынцыпе ў дзяржаўных архівах доступ да справаў, старэйшых за 75 гадоў, не абмяжоўваецца. Але абсалютна невытлумачальным выключэньнем тут зьяўляюцца «зьвесткі, што падпадаюць пад пэўныя таямніцы асабістага жыцьця».
Ёсьць яшчэ адна надуманая перашкода: згодна з пастановай Мінюсту ад 24 траўня 2012 году, адлік тэрмінаў захаваньня дакумэнтаў (спраў) ідзе з 1 студзеня году, які ідзе за годам заканчэньня справаводзтва. А як правіла, апошнім дакумэнтам у крымінальных справах рэпрэсаваных грамадзян зьяўляецца дакумэнт аб рэабілітацыі, датаваны 1960–1990 гадамі. Такім чынам, 75-гадовы тэрмін захаваньня такіх спраў заканчваецца ў 2035–2065 гадах.
Што тычыцца ведамасных архіваў, то самастойнае вывучэньне іх немагчымае, піша Дрозд. Адзіным выключэньнем тут зьяўляецца азнаямленьне ў прысутнасьці супрацоўніка КДБ са справай рэпрэсаванага сваяка, калі ўдасца даказаць сваяцкія сувязі.