«Апаганьваньні ў асноўным тычацца Горадзенскай вобласьці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахаваньня польскіх салдат, удзельнікаў народных паўстаньняў, абаронцаў Горадні. Нядаўна невядомыя зьнішчылі польскія надмагільлі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ядкевічах», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Польшчы.
Польшча зьвяртаецца да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці:
«У адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі гэтае пытаньне павінна быць цалкам выключанае зь бягучых палітычных спрэчак», — гаворыцца ў заяве.
Таксама МЗС Польчы «рашуча асуджае стварэньне мясцовымі ўладамі атмасфэры згоды з такой практыкай», якому «ў значнай ступені спрыяе паклёпніцкая антыпольская кампанія, якая праводзіцца беларускімі СМІ».
Раней стала вядома, што каля вёскі Ядкавічы невядомыя выкапалі парэшткі з брацкай магілы польскіх салдат. Там былі пахаваныя жаўнеры Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1944 годзе. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што ў рамках расьсьледаваньня справы аб генацыдзе беларусаў парэшткі жаўнераў перапахавалі на могілках у Эйсмантах, а сам помнік неўзабаве прыбяруць.