Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі боршч уключылі ў пералік нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO


Міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка паведаміў, што культуру гатаваньня ўкраінскага баршчу ўключылі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якая патрабуе пільнай аховы.

«Перамога ў вайне за боршч — наша!» — напісаў Аляксандар Ткачэнка на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле яго, адпаведнае рашэньне ўхваліў 1 ліпеня на пазачарговым пасяджэньні Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

«Бітва за боршч распачалася яшчэ да вайны. І колькі б Маша Захарава (афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі. — РС) ні расказвала, што „кнігі па кулінарыі забараняліся, а рэцэпт стравы трымалі ў таямніцы і забаранялі гатаваць“, і ўвогуле наш боршч — гэта „праява экстрэмізму і нацызму“, гэтая „праява экстрэмізму“ цяпер афіцыйна пад аховай UNESCO. Але мы з задавальненьнем будзем дзяліцца баршчом і ягонымі рэцэптамі з усімі цывілізаванымі краінамі. Дый зь нецывілізаванымі таксама, каб у іх было хаця б нешта сьветлае, смачнае і ўкраінскае», — дадаў украінскі міністар.

На афіцыйным сайце UNESCO адзначаецца, што рашэньне ўхвалілі па выніках разгляду адпаведнай заявы Ўкраіны, дзе гаварылася, што ўкраінскі боршч — неад’емная частка сямейнага і грамадзкага жыцьця краіны, але вайна можа нэгатыўна паўплываць на гэтую традыцыю.

Паведамляецца таксама, што першапачаткова гэтую заяву плянавалі разгледзець у 2023 годзе, але праз вайну ёй надалі прыярытэтны статус.

У 2020 годзе ўкраінскі боршч быў уключаны ў Нацыянальны пералік нематэрыяльнай культурнай спадчыны Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG