Першае пасланьне ўжо набыло сілу традыцыі. З пачатку вайны ва Ўкраіне Лукашэнка падчас сустрэчаў з Пуціным з усіх сіл імкнецца прадэманстраваць звышляяльнасьць Расеі. Ягоная рыторыка адносна Захаду і Ўкраіны яшчэ больш агрэсіўная, чым у саміх расейскіх афіцыйных асобаў.
Так і цяпер, падчас сустрэчы з Лаўровым, Лукашэнка вельмі моцна хацеў спадабацца расейскай аўдыторыі. Ён цалкам апраўдваў вайну Расеі супраць Украіны, маўляў, «нам іншага шляху не пакінулі», бо адрынулі ўсе расейскія ўльтыматумы. І пагроза Захаду ядзернай зброяй, якая прагучала ў Санкт-Пецярбургу некалькі дзён таму, — гэта ніякая не інсцэніроўка, усё па-сапраўднаму. Лукашэнка паўшчуваў Украіну за нацыяналізм, Літву — за абмежаваньне калінінградзкага транзыту. І тым самым выканаў усю абавязковую праграму.
А вось другі мэсыдж — зусім іншы. Гледзячы па ўсім, Лукашэнку моцна напружвае тое, што замежныя палітыкі і мэдыя, беларускія незалежныя СМІ называюць яго марыянэткай Пуціна, кажуць, што беларускі дыктатар больш не гаспадар на сваёй зямлі, тут усім кіруе Масква. У такой атмасфэры ён адчувае сябе няўтульна.
І таму Лукашэнка імкнецца гэта абвергнуць: «І ня трэба там енчыць, крычаць, што «тут Пуцін захапіў Беларусь», «што хоча, тое і робіць». Ды не, зусім ня так. «У нас узгодненая разумная палітыка дзьвюх сувэрэнных дзяржаў», «мы павінны порах трымаць сухім па ўсіх кірунках».
І яшчэ адно абвяржэньне, аспрэчваньне апанэнтаў: «Я ўвесь час чую: заўтра паглынаньне, заўтра інкарпарацыя... 30 гадоў прайшло. Не інкарпаравалі, не паглынулі, нічога не павезьлі».
І галоўны аргумэнт: «А калі ўжо шчыра, то мы ад Расеі атрымліваем усё тое, што трэба сувэрэннай незалежнай дзяржаве». Ага, і расейскія войскі на сваёй тэрыторыі ў якасьці бясплатнага дадатку.
І каб падвысіць сваю палітычную вагу, свой статус, трэба прыпадняць сябе да ўзроўню крамлёўскага ўладара. «Мы з Пуціным вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэтыя пытаньні», — кажа ён пра канфлікт Расеі зь Літвой вакол калінінградзкага транзыту.
Але тое, што магло працаваць раней на ягоны імідж, цяпер мала працуе. Той факт, што даводзіцца публічна даказваць сваю суб’ектнасьць, аспрэчваць, што Пуцін тут гаспадарыць як хоча, упэўніваць, што Беларусь яшчэ не паглынулі, — дрэнны знак для лідэра, які чвэрць стагодзьдзя быў паўнаўладным валадаром краіны. Калі справа так пойдзе далей, то тутэйшая эліта пачне думаць, што «царь ненастоящий», з усімі непрыемнымі наступствамі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.