Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд дазволіў затрымаць беларуса, якога падазраюць у забойстве чатырох мірных грамадзян у Бучы пад Кіевам


Сяргей Калацэй, допісы ў інтэрнэце
Сяргей Калацэй, допісы ў інтэрнэце

Украінскі суд задаволіў хадайніцтва сьледзтва аб затрыманьні падазраванага ў забойстве мірных грамадзян Украіны мазыраніна Сяргей Калацэя для прыводу яго ў суд і разгляду пытаньня аб ягоным арышце.

У судовым рашэньні, ухваленым 10 траўня, адзначаецца, што справу супраць яго завялі трэцяга красавіка паводле ч. 1 і 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «Парушэньне законаў і звычаяў вайны, якое заключаецца ў жорсткім стаўленьні да цывільных, аб’яднаных з наўмысным забойствам». Гэта караецца пазбаўленьнем волі на 10–15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем.

Як адзначаецца ў адпаведным судовым рашэньні, 18 сакавіка на мяжы вуліц Назарыя Ярамчука і Яблунскай у горадзе Буча Кіеўскай вобласьці Сяргей Калацэй застрэліў па чарзе чатырох грамадзян Украіны. У судовым рашэньні ягонае імя зашыфравана пад словам «Асоба_1».

Паводле сьледчых, падазраваны беларус, будучы вайскоўцам Упраўленьня Фэдэральнай службы войскаў Нацыянальнай гвардыі Расеі па Ўльянаўскай вобласьці, аддаў загад іншым узброеным асобам, якіх сьледзтва пакуль ня вызначыла, прывесьці да яго дзьвюх цывільных асобаў.

«Пасьля таго як пацярпелых прывялі да Асобы_1, апошні, ажыцьцяўляючы над пацярпелымі маральны ціск з мэтай запалохваньня, прыніжаючы іх гонар і годнасьць пад пагрозай сьмерці, загадаў завязаць ім рукі і прымушаў стаць на калені, пры гэтым патрабуючы ад іх інфармацыі пра іншых цывільных грамадзян Украіны з праўкраінскай патрыятычнай пазыцыяй і пра месцы разьмяшчэньня падразьдзяленьняў Узброеных сіл Украіны», — адзначаецца ў рашэньні суду.

«Атрымаўшы гэтую інфармацыю, «Асоба_1», трымаючы ў руках нявызначаную дасудовым расьсьледаваньнем зброю, ажыцьцявіў стрэл у галаву Асобы_2 (пацярпелага. — РС), у выніку чаго той атрымаў агнястрэльнае сьляпое раненьне галавы, пералом костак чэрапа з пашкоджаньнем галаўнога мозгу і памёр на месцы».

Аналягічна апісваюцца дзеяньні і з трыма іншымі ахвярамі. Паводле сьледзтва, украінцы былі расстраляныя парамі з розьніцай у 15 хвілін.

Апроч таго, як адзначаецца ў судовым рашэньні, Сяргей Калацэй атрымаў тэкст падазрэньня 2 траўня праз мэсэнджары Telegram і WhatsApp.

У тэксьце рашэньня суду адзначаецца, што Сяргей Калацэй — нібыта грамадзянін Расеі. У той жа час сярод яго пэрсанальных зьвестак напісана, што пашпарт выдадзены Мазырскім РАУС Гомельскай вобласьці 14 ліпеня 2011 году.

Суд прызнаў падазрэньне абгрунтаваным. Яно пабудавана на пратаколах допытаў аднаго пацярпелага і трох сьведак, на пратаколах агляду месца злачынства, матэрыялаў, разьмешчаных у інтэрнэце, і відэазапісаў, а таксама сьледчых дзеяньняў з удзелам пацярпелага і сьведак і апазнаньня падазраванага па фатаздымку.

Пазьней стала вядома, што сьледчыя шэсьць разоў выклікалі Сяргея Калацэя для правядзеньня сьледчых дзеяньняў — на 14, 18, 23, 25 і 30 траўня, а таксама на 1 чэрвеня. Але ён не зьявіўся і не патлумачыў прычыны гэтага, таму сьледчыя зьвярнуліся ў суд, каб праводзіць завочнае расьсьледаваньне, і атрымалі на яго адпаведны дазвол судзьдзі.

2 траўня Генэральная пракуратура Ўкраіны абвінаваціла жыхара Мазыра Сяргея Калацэя ў ваенных злачынствах — забойстве мірных жыхароў у Бучы. Доказам стаў скрыншот з запісу відэакамэры аб адпраўцы расейскімі вайскоўцамі нарабаванага з пошты ў Мазыры.

У ведамстве Калацэя назвалі «камандзірам аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці».

Сам ён адмаўляў віну, як і той факт, што нядаўна наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і апошні час знаходзіўся ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG