«Яны могуць выйсьці дэманстрантамі і расказваць, што Калацэй — балерына, але ў нас ёсьць дастаткова ўсіх і паказаньняў, і экспэртыз, і іншых доказаў, якія даюць нам падставы вынесьці такое падазрэньне. Яно законнае і абгрунтаванае. Сьледзтва не завершана, і мы яшчэ нешта знойдзем абавязкова», — сказала Ірына Венядзіктава ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 24 траўня.
Генэральная пракурорка Ўкраіны дадала, што ўсе ваенныя злачынцы змогуць скарыстацца паслугамі адвакатаў.
Сяргей Калацэй стаў першым расейскім вайскоўцам, якога ідэнтыфікавалі ва Ўкраіне. Паводле сьледчых, ён — камандзір аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў Нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці, і на беларускай пошце ён перасылаў рэчы, нібыта нарабаваныя ва Ўкраіне.
Бучанская пракуратура і паліцыя заявілі, што менавіта гэты вайсковец 18 сакавіка забіў у Бучы чатырох бяззбройных мужчын і 29 сакавіка закатаваў яшчэ аднаго цывільнага жыхара, прымушаючы таго прызнацца ў сваёй дывэрсійнай дзейнасьці супраць расейскай арміі.
Пазьней украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазроны Сяргей Калацэй нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказваў, што затым пераехаў у Расею.
Сам Сяргей Калацэй адмаўляе віну. «Я не служу ў Нацгвардыі. Вы што, з глузду зьехалі?» — заявіў ён.
Ён кажа, што ён не грамадзянін Расеі, мае толькі пашпарт Рэспублікі Беларусь, дзе цяпер і знаходзіцца. І адмаўляе, што апошнім часам наведваў Украіну.