Украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазраваны Сяргей Калацэй нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказвае, што затым пераехаў у Расею.
Пракуратура Ўкраіны паведаміла, што падазраванага ў ваенных злачынствах устанавілі дзякуючы запісу з онлайн-камэры на камэры пошты СДЭК у Мазыры. Сяргея Калацэя назвалі «камандзірам аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці».
«На беларускай пошце ён разам з аднапалчанамі адпраўляе нарабаванае ў дамах нашых суайчыньнікаў. Ягоны „падарунак“ з Украіны Ўльянаўску — капот багажніка. Бучанская пракуратура і паліцыя высьветлілі, што менавіта гэты вайсковец 18 сакавіка забіў у Бучы чатырох бяззбройных мужчын. 29 сакавіка ён закатаваў яшчэ аднаго цывільнага жыхара, прымушаючы таго прызнацца ў сваёй дывэрсійнай дзейнасьці супраць расейскай арміі», — падала інфармацыю пракуратура і «Слідство.Інфо».
Што бачна на запісе
На відэа з мазырскага аддзяленьня СДЭК, апублікаваным у красавіку на ютубе, бачна як Сяргей Калацэй заходзіць у памяшканьне, пытаецца нешта ў супрацоўніцы і чакае ў чарзе. Амаль увесь час знаходжаньня там ён разглядае расейскіх жаўнераў, нешта правярае ў тэлефоне, і ні з кім не размаўляе. Расейскія салдаты ўвесь гэты час камунікуюць паміж сабой. Калі падыходзіць чарга Калацэя, ён запаўняе квітанцыю, размаўляе з супрацоўніцай СДЭК. І толькі напрыканцы 15-хвіліннага знаходжаньня ў памяшканьні, коратка размаўляе з расейцамі. Фактычна гэта абмен некалькімі сказамі. Пасьля адзін з расейцаў дапамагае яму аднесьці пасылку ў іншы пакой. Потым Калацэй сыходзіць і больш не вяртаецца. Расейцы там застаюцца яшчэ 2 гадзіны.
Што кажуць знаёмыя Калацэя
Са Свабодай зьвязаліся жыхары Мазыра, якія ведаюць Сяргея Калацэя. Яны былі абураныя інфармацыяй пра ўдзел мазыраніна ў ваенных злачынствах.
«Ён увесь час у Мазыры. Працуе на нафтаперапрацоўчым заводзе, мае сям’ю. Я яго ведаю толькі са станоўчага боку. Так, ён апраўляў пасылку якраз у той час, калі на пошце былі расейскія вайскоўцы. Таму яго і абвінавацілі, ілжыва. Проста ён апынуўся ня ў той час і ня ў тым месцы», — расказаў адзін з прыяцеляў Калацэя.
Другі знаёмы Сяргея Калацэя дадаў, што пасьля адступленьня расейцаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьці «па Мазыры ганяла шмат аўтамабіляў без нумароў і зь літарай V».
«Пэўна, скрадзеныя ва Ўкраіне. За Мазыром стаялі нават „нічыйныя“ фуры з Украіны, якія потым апячатвалі супрацоўнікі расейскага ФСБ. А тут — нібыта скраў вечка багажніка! Прычым чалавек, які ня быў ва Ўкраіне зусім», — зазначыў мазыранін.
Ён дадаў, што цяпер Сяргей не кантактуе ні з кім, бо яму паступае шквал тэлефанаваньняў і камэнтараў.
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» сьцьвярджае са спасылкай на знаёмых Калацэя, што той сапраўды працаваў на МНПЗ, але год таму звольніўся і зьехаў на працу ў Маскву.
Што сьцьвярджае сам Сяргей Калацэй
Старонка Сяргея Калацэя ў «ВКонтакте» зьнікла ўчора. Сёньня на новай старонцы ў Instagram (як сьцьвярджаюць сябры. — РС) зьявіўся допіс, дзе ён піша: «Са мной адбылося тое, чаго, здавалася б, не магло быць у прынцыпе».
«Другога траўня на Facebook Офісу генэральнага пракурора і на YouTube украінскага журналіста выклалі інфармацыю, у якой сьцьвярджаюць, што я быццам бы маю дачыненьне да нейкіх падзей, што адбыліся ў горадзе Бучы. Хачу сказаць усім, хто спрабуе скарыстаць гэтую інфармацыю супраць мяне і маёй сям’і, што я да ўсяго гэтага ня маю ніякага дачыненьня. За межы Беларусі я не выяжджаў звыш двух гадоў. Зь мяне зрабілі ваеннага злачынцу, хаця я да Ўзброеных сіл ня маю ніякага дачыненьня. Так атрымалася, што я нават у войску не служыў», — тлумачыць жыхар Мазыра.
Ён дадае, што сапраўды высылаў па пошце вечка багажніка: «Зь беларускай пошты ў Расею незнаёмаму мне чалавеку».
«Гэта века ад майго аўта, абвестка аб продажы якога была апублікавана яшчэ да пачатку падзей у Бучы. На сёньня мая старонка „ВКонтакте“ ўзламаная. Мне і маім блізкім паступаюць пагрозы. Прашу вас, спыніцеся! І перад тым, як рабіць нейкія высновы ў дачыненьні да каго-небудзь, спачатку пераканайцеся ў праўдзівасьці інфармацыі. Спадзяюся, нікому не давядзецца сутыкнуцца з тым, з чым давялося сутыкнуцца мне», — напісаў Сяргей Калацэй у Instagram.
Ён разьмясьціў у Instagram здымак таго самага вечка багажніка, што ён выставіў на продаж на сайце bamper.by 19 сакавіка. Таксама ён разьмясьціў копію квітанцыі з пошты аб адпраўцы вечка ва Ўльянаўск. «Копію перапіскі зь незнаёмым мне пакупніком я перадам афіцыйным СМІ», — напісаў мазыранін.