21 чэрвеня пайшоў з жыцьця айцец Сяргей Гардун. Пра сьмерць сьвятара паведаміла ў сваім фэйсбуку Натальля Васілевіч.
«Чалавек, які ўсяго сябе аддаваў царкве і які ў свой час перажыў уціск і ганеньні; чалавек, да якога многія мае сябры прыходзілі вянчацца і хрысьціць дзяцей, — бо гэта было самае ўтульнае месца. Ён быў адной з цэнтральных вежаў будынка пад назвай Беларуская праваслаўная царква.
За апошнія два тыдні за яго маліліся многія — ён з’яднаў многіх з нас у малітве. Няхай жа нас цяпер і памяць пра яго яднае адно з адным. Вечная памяць, волат адраджэння Беларускай праваслаўнай царквы!»
Сяргей Гардун нарадзіўся 4 сакавіка 1959 году ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёну. Закончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моў па спэцыяльнасьці «настаўнік ангельскай і францускай моў» (1981). Пасьля заканчэньня інстытуту працаваў настаўнікам ангельскай мовы ў сельскай школе, дзе зазнаў ганеньняў ад савецкіх уладаў за тое, што па нядзелях наведваў царкву. У 1984 годзе закончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю, у 1987-м — Маскоўскую духоўную акадэмію.
Прафэсар, мiтрафорны протаярэй, кандыдат багаслоўя (1990), дацэнт (2000). Быў выкладчыкам Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі, першым прарэктарам Інстытуту тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла. Шмат гадоў на тэлевізіі камэнтаваў па-беларуску набажэнствы ў катэдральным саборы Менску.
Быў сябрам Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая перакладала кнігі Сьвяшчэннага Пісаньня Новага Запавету на беларускую мову. Агулам валодаў дзевяцьцю мовамі, праводзіў набажэнствы і па-ангельску.
Адпяваньне айца Сяргея Гардуна адбудзецца ў Менскім Сьвята-Духавым Катэдральным саборы ў чацьвер, 23 чэрвеня а 14-й гадзіне.
Труна зь целам будзе выстаўлена для разьвітаньня напярэдадні, 22 чэрвеня, у другой палове дня.
Айцец Сяргей Гардун адстойваў права вернікаў на набажэнствы па-беларуску. У інтэрвію выданьню «Царкоўнае слова» ў 2004 годзе ён, у прыватнасьці, казаў:
«Вельмі мала прыходаў, дзе актыўна выкарыстоўваецца беларуская мова за богаслужэньнем, што для многіх зьяўляецца прычынай адмоўнага стаўленьня да Царквы».
Айцец Сяргей Гардун лічыў, што ініцыятыва беларускамоўных набажэнстваў можа ісьці ня толькі ад прыхаджан, але і ад сьвятара, настаяцеля, сьпевакоў хору.