Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане Такаева выбралі старшынём кіроўнай партыі «Нур Атан». Раней гэтую пасаду займаў Назарбаеў


Касым-Жамарт Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў на пазачарговым XXI зьезьдзе кіроўнай партыі «Нур Атан» аднагалосна абраны яе старшынём. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.

Партыя была заснавана ў 1999 годзе, з таго моманту яе ўзначальваў першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Гэтае месца засталося за ім пасьля адстаўкі з пасады прэзыдэнта ў 2019 годзе. У сваім звароце да народу пасьля студзеньскіх падзей Назарбаеў анансаваў перадачу пасады старшыні партыі дзейнаму прэзыдэнту.

«Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў валодае ўсёй паўнатой улады. Ён старшыня Рады бясьпекі. Неўзабавае прэзыдэнт будзе абраны старшынём партыі „Нур Атан“. Таму ніякага канфлікту або супрацьстаяньня ў эліце няма. Чуткі на гэтую тэму абсалютна беспадстаўныя», — сказаў тады Назарбаеў.

5 студзеня на фоне пратэстаў, якія пачаліся 2 студзеня з прычыны павышэньня цэн на звадкаваны газ і затым распаўсюдзіліся на ўсю краіну, урад пайшоў у адстаўку. У ноч з 5 на 6 студзеня Такаеў звольніў Карыма Масімава — даўняга паплечніка Нурсултана Назарбаева — з пасады кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі Казахстану. 8 студзеня яго затрымалі ў справе аб дзяржаўнай здрадзе. 13 студзеня стала вядома, што Масімава падазраюць у спробе гвалтоўнага захопу ўлады.

Кадравыя перастаноўкі працягваюцца да гэтага часу, і за імі сочыць уся краіна. Прычына павышанай увагі ў тым, што пасад пазбаўляюцца сваякі Нурсултана Назарбаева. Так, Цімур Кулібаеў, муж сярэдняй дачкі Назарбаева, вырашыў пакінуць пасаду кіраўніка нацыянальнай палаты прадпрымальнікаў «Атамекен».

Да гэтага ў адстаўку пайшлі два іншыя зяці Назарбаева — старшыня праўленьня кампаніі «КазТрансОйл» Дзімаш Дасанаў, жанаты з малодшай дачкой экс-прэзыдэнта Аліёй, і старшыня праўленьня кампаніі «Казахгаз» Кайрат Шарыпбаеў, якога называюць мужам старэйшай дачкі Дарыгі.

25 студзеня сваяк Назарбаева Берык Імашаў вызвалены ад пасады старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ён сват старэйшай дачкі экс-прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева Дарыгі. Яе сын Нуралі Аліеў — унук першага прэзыдэнта Казахстану — жанаты з дачкой Імашава Аідай.

Улады Казахстану спачатку заявілі, што на Алматы напалі «20 тысяч тэрарыстаў» (пасьля МУС удакладніла, што гаворка ідзе аб агульнай колькасьці ўдзельнікаў акцый пратэсту ў горадзе), нібыта падрыхтаваных за мяжой, у сувязі з чым Такаеў зьвярнуўся да АДКБ з просьбай аб дапамозе. 10 студзеня на онлайн-саміте АДКБ Такаеў назваў падзеі ў краіне «спробай дзяржаўнага перавароту». Паводле яго слоў, «пад шырмай стыхійных пратэстаў разгарнулася хваля беспарадкаў, як па адзінай камандзе праявіліся рэлігійныя радыкалы, крымінальныя элемэнты, заўзятыя бандыты, марадэры і дробныя хуліганы», а затым і «ўзброеныя баевікі, якія чакалі свайго часу». Як заявіў Такаеў, у беспарадках удзельнічалі і людзі з-за мяжы, якіх ён назваў тэрарыстамі. Пра якія канкрэтна замежныя краіны ідзе гаворка, ён не сказаў.

Родныя і блізкія забітых падчас беспарадкаў у Казахстане патрабуюць дбайнага разбору абставін іх гібелі. Паводле Генэральнай пракуратуры краіны, усяго падчас студзеньскіх пратэстаў загінулі 225 чалавек, яшчэ 4,5 тысячы атрымалі раненьні.18 студзеня міністар аховы здароўя Казахстану Ажар Гініят паведаміла на брыфінгу аб сьмерці двух пацярпелых, якія знаходзіліся ў рэанімацыі. Такім чынам, афіцыйная папярэдняя колькасьць ахвяр узрасла да 227.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG