Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ева Вежнавец: «Мяне запрасілі на „Прадмову“, я падзякавала і адмовілася»


Ева Вежнавец і Алена Казлова на міжнародным кніжным кірмашы ў Празе, 25 верасьня 2021
Ева Вежнавец і Алена Казлова на міжнародным кніжным кірмашы ў Празе, 25 верасьня 2021

Літаратурны фэст «Прадмова» сёлета праходзіць у замежжы. Адной з прычынаў гэтага арганізатары называюць рызыку для яго ўдзельнікаў у Беларусі. Мы паразмаўлялі зь пісьменьніцай, ляўрэаткай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця Евай Вежнавец, якая адмовілася ад удзелу ў «Прадмове».

Стартаваўшы 4–5 чэрвеня ў Тбілісі, фэст у прамінулыя выходныя даехаў да Кракава. Наступным прыстанкам «Прадмовы» 18 і 19 чэрвеня стала Варшава. А завяршальныя фэставыя імпрэзы пройдуць у Вільні 24 і 25 чэрвеня.

— «Неба з сабой: досьвед выжываньня і творчасьці ў замежжы». Так абазначаная тэма сустрэчы-размовы ў праграме літаратурнага фэсту «Прадмова», дакладней, у той ягонай частцы, якая адбылася 11 і 12 чэрвеня ў Кракаве. Тэма, нам падаецца, вам блізкая, як мала мо каму з тых, хто заяўлены ў яе абмеркаваньні. Што можаце сказаць з уласнага досьведу? Дарэчы, колькі ўжо гадоў вы, па вашым жа колішнім вобразным выказваньні, не чапляецеся за родныя бярозкі?

— Я жыву ў Варшаве 17-ы год. Роўна столькі, колькі жыла спачатку пад Любанем, потым у Менску. Потым лёс браў мяне за шкірманты і некуды нёс, як мудрая маці сьляпое кацяня. Але гэтым разам я хачу застацца тут. Мне тут добра.

— А ці можа, па-вашаму, настальгія па родным доме быць творчым стымулятарам?

— Гэта залежыць ад тыпу сьветаўспрыманьня і ад тыпу таленту. З чаго гэты творца чэрпае натхненьне і матэрыял? Калі гэта чалавек, які жыве як рыба ў касяку, сярод людзей, калі ён свой у жывой стыхіі мовы і ўчынкаў свайго народу, то за мяжой ён толкам пісаць ня будзе. Калі ж творца больш схіляецца над палатном існаваньня свайго народу «былое-цяпершчына-будучыня-мэтафізыка» — пісаць будзе, яму хопіць архіваў і ўласных успамінаў. Я двухколка. Лёгкая, крываватая, якая ляціць па ўсіх калдобінах, то адным колам, то другім. Мне важныя і людзі, і тэксты, абедзьве гісторыі — моўленая і пісаная. Пішу мала, бо каб многа пісаць, трэба мала жыць. А люблю жыць многа, упохапкі, сквапна, чвякаючы: «Парсючок пад’еў, і пайшоў у хлеў. Кажа: «Рух-рух-рух, я паеў за двух. А каб толькі мог, зьеў бы і за трох!»

— Апошнія два гады, калі многія беларускія творцы змушаныя былі пакінуць ці, дакладней, кінуць родныя дамы, ня раз даводзілася чуць і думку пра тое, што фізычнае адчуваньне дому ў сучасным сьвеце страціла сваю актуальнасьць. Ці згодныя вы з гэтым? Ці ўсё ж можаце пагадзіцца зь цьверджаньнем Янкі Брыля, што душа — не вандроўніца?

— І тое, і тое — праўда, калі не спрашчаць.

— А што даюць вам для творчасьці літаратурныя фэсты? Месяц таму вы былі на падобнай імпрэзе ў Браціславе, цяпер вось фэст «Прадмова» вандруе з Тбілісі праз Кракаў да Варшавы і Вільні. Дарэчы, вашага імя мы не знайшлі ў ніводнай з праграмаў чатырох месцаў правядзеньня «Прадмовы». Хіба мінулагодняя ляўрэатка прэміі імя Ежы Гедройця не запрошаная на гэты літаратурны фэст? Ці мы нешта прапусьцілі?

— Мяне запрасілі на «Прадмову», я падзякавала і адмовілася. Дый працую я па выходных. Для сьціслай творчасьці літаратурныя фэсты, як мне здаецца, не даюць мне нічога. Літфэсты важныя, каб пабачыць важных людзей, такіх, якія маюць вялізную ўнутраную прастору. Каб пачуць іх вялізныя тэксты, якія толькі і могуць у такой прасторы зьявіцца і зьмясьціцца. Такія рэчы мяне хвалююць да сьлёз. Калі Хадановіч на кватэрніку чытаў пераклады Ізі Харыка, са мной здарыўся катарсіс уперамешку зь літаргазмам.

— Хочацца, канечне, спытацца вашу думку пра ўвесь гэты сыр-бор з фарматам і гасьцямі «Прадмовы», скандаламі вакол арганізатараў, але ня будзем. Лепей папросім вас парадаваць вашых шматлікіх чытачоў фрагмэнтам з новага твора.

— Я ў скандалах не магу браць чыннага ўдзелу, бо мне потым ад таго кепска. Справа ў тым, што скандал — гэта перапляценьне такой колькасьці чыньнікаў і слабасьцяў, рэсурсных інтарэсаў, недасканаласьцяў людзкіх, непаразуменьняў, уражлівасьці, супадзеньняў, выпадковасьцяў, эмоцый, хвароб, залежнасьцяў, што трэба быць Госпадам, каб у іх разабрацца, рассудзіць, а ня тое каб яшчэ бок узяць. Я раней такія памылкі рабіла, скончана з гэтым.

Мой новы твор пакуль крывенькі й касенькі, я яго аддам у «Пфляўмбаўм», калі «будзе на тое ласка нябёсаў, а Фіра добра прыгатуе цяляціну». Таму, можа, чытачам мы недаваранае даваць ня будзем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG