Сьцісла:
- Вельмі цяжка глядзець у твар зла.
- Расея сваімі жорсткімі сьляпымі рукамі з каго заўгодна зьлепіць Пуціна за некалькі гадоў.
- Вырошчваньне чалавечага ў чалавеку — гэта самая слушная дарога.
- Галоўная праблема для Захаду — гэта легітымнасьць моцных пачуцьцяў, кепскіх пачуцьцяў.
- Калі Расею ўгаманіць, у сьвеце стане на парадак меней канфліктаў.
- Усе вакол працягвалі пляскаць у ладкі і казалі: «Божа, які загадкавы народ, яны так нелінейна паступаюць».
- Беларусы не такія, беларусы ня лічаць сябе выключнымі.
— Калі і як вы ўпершыню даведаліся пра вайну ва Ўкраіне, што вы тады адчулі?
— У мяне з гэтым атрымалася даволі містычная гісторыя. Я прачнулася ўначы 24-га лютага і раптам адчула, што Пуцін пачынае вайну. Адразу ўключыла тэлефон і пабачыла, што Пуцін робіць нейкае тэрміновае паведамленьне. Я паслухала пару хвілін — і мне стала зразумела, што Пуцін абвяшчае вайну.
Я заўсёды ведала, што такое сёньняшнія расейцы, гэта можна прасачыць у маіх публічных выказваньнях. І я ведала, што яны нападуць. Але нават я не магла ўявіць, наколькі яны пагоршалі за гэтыя гады.
Вельмі цяжка глядзець у твар зла. Калі чытаеш, што пішуць простыя людзі, звычайныя расейскія людзі пра ўкраінцаў, пра вайну, што яны гавораць на вуліцах сваіх гарадоў... Яны гавораць, што ўкраінцам ня трэба было «выпендрывацца», і зараз яны «выпендрывацца» перастануць. Я думаю, гэта хлусьня, быццам яны ня ведаюць, як іхная армія бамбуе ўкраінскія гарады. У іх увесь час прарываецца радасьць ад гэтых бамбаваньняў і абстрэлаў.
— Расейцы, якія выступаюць супраць вайны, кажуць, што нельга давяраць сацыялягічным апытаньням (паводле якіх большасьць жыхароў Расея вайну падтрымлівае). Але мы бачым допісы ў сацыяльных сетках, апытаньні на вуліцах — надта шмат сьведчыць пра тое, што сапраўды даволі шмат расейцаў выступае за вайну. Ваша ўражаньне — які гэты працэнт?
— Я думаю, 70 на 30, ці нават 80 на 20 — за вайну. Я веру таму, што паведамляюць афіцыйныя і незалежныя апытаньні.
Я не шкадую часу, каб у нейкай тэме дабіцца веданьня і справядлівасьці. Таму я прагледзела цэлыя гадзіны запісаў размоваў расейскіх салдатаў зь іхнімі жонкамі. У мяне ў Twitter шмат падпісак на звычайных расейцаў са звычайных маленькіх гарадоў. Я чытала іхнія форумы ў маленькіх гарадках, форумы ў “Аднакласьніках”.
І я бачыла, як гэты Малох расьце. І мне, не будучы Богам, цяжка перастаць жадаць гібелі ўсёй Расеі, усяму расейскаму народу. Мне тут успамінаецца біблейская прыпавесьць, што горад уратуецца, калі ў ім ёсьць хаця б два праведнікі. Але гэтае правіла для Бога. Для чалавека гэтага правіла няма. У чалавека ёсьць права на поўнае адпрэчваньне, поўную нянавісьць. Калі ён гэтую нянавісьць кантралюе, не жадае ісьці на Расею з напалмам, але жадае справядлівасьці, жадае адвярнуцца ад гэтай краіны, гэтай культуры і гэтага народу. У мяне такое права ёсьць. І я думаю, што я ад іх адвярнулася назаўжды.
Калі я бачу, што яны вытвараюць з Марыюпалем. Тыя людзі, што ў разбомбленым тэатры, яны ўсё яшчэ пад заваламі. І расейцы не дазваляюць выкапаць іх адтуль. Вы сабе ўяўляеце, як гэта, паміраць у абдымках сваёй мёртвай маці, як 6-гадовая Таня некалькі дзён памірала ў абдымках трупа сваёй маці? Вось гэтага я дараваць не магу і не зьбіраюся.
— Але вы праводзіце нейкую розьніцу паміж тымі, хто адурманены прапагандай; тымі, хто сапраўды нечага ня ведае, і тымі, хто цалкам сьвядома жадае вайны і сьмерці ўкраінцаў?
— Вельмі шмат тых, хто робіць усё цалкам сьвядома. Вы паслухайце размовы акупантаў са сваімі жонкамі і мацяркамі. У сябе дома яны жывуць у такіх умовах ціску і жабрацтва, жывуць ва ўмовах жорсткай дэпрэсіі, — унутранай, сацыяльнай, сямейнай. У іх няма ніякай надзеі. І тут зьяўляецца надзея кагосьці зацягнуць да сябе, на кімсьці сарваць эмоцыі.
Як адзін зь іх гаворыць: «Галя, Галя, я тут столькі срэбра назьбіраў. Толькі гэта ня сьвежае срэбра, а зьнятае з шыі. Ты ўмееш працаваць зь нясьвежым срэбрам?» І Галя яму адказвае радасна: так, я ўмею. І яны ўвесь час размаўляюць матам — з жонкамі, з маці. А жонкі на гэтым тле страшна равуць на дзяцей. Гэта рабства так калечыць людзей.
— Пуцін адразу пасьля абраньня ў пачатку нулявых быў пэўны час даволі празаходнім палітыкам, не выказваў нейкіх імпэрскіх намераў. Тое, што паступова ўсё разгортвалася ў кірунку вайны і захопаў — нейкі нейкі злы геній Пуціна альбо проста Расея вярнулася да свайго звыклага стану?
— Гэта не Пуцін зьляпіў Расею. Гэта Расея сваімі жорсткімі сьляпымі рукамі з каго заўгодна зьлепіць Пуціна за некалькі гадоў. Пашлі ім анёла — яна і зь яго вылепіць.
Расея павінна прайсьці празь некалькі цяжкіх працэсаў, калі хоча хоць як-небудзь захавацца. Гэта дэнацыфікацыя, дэклерыкалізацыя і фэдэралізацыя. На сёньня там няма ніякага фэдэралізму, гэта жорсткая краіна, сцэмэнтаваная агульнымі злачынствамі і агульнымі няшчасьцямі. А таксама заходнімі грашыма, бо Захад апартуністычна і подла сваімі грашыма вырошчваў ката для ўсіх. Спадзяюся, яны цяпер разумеюць, што гэта кат і на іхнюю галаву, бо кат ніколі не спыняецца.
І калі не абароняць Украіну, то наступнай, магчыма, будзе Польшча, бо да Польшчы ў расейцаў шмат комплексаў і нянавісьці. Ім патрэбны вялікія кавалкі мяса.
— Усе гэтыя захады ў дачыненьні да Расеі, пра якія вы казалі, магчымыя толькі ва ўмовах вялікай ваеннай паразы Расеі. У любым іншым варыянце пуцінскі рэжым будзе працягваць сваё існаваньне…
— Ваеннай і гаспадарчай паразы. Спачатку трэба ўратаваць Украіну, зрабіць так, каб Расеі было не да вайны. І зрабіць так, каб яны свае боегалоўкі прадавалі за кавалкі хлеба. І гэтыя кавалкі хлеба павінны быць вельмі сьціплыя, ня тыя сотні мільярдаў дапамогі, якія былі ўбуханыя ў Расею ў пачатку 90-х. І, безумоўна, павінна быць зьмененая сыстэма адукацыі.
— Чаму людзі ўвогуле схільныя да вайны? Гэта ж уласьціва ня толькі прадстаўнікам адной нацыі. Гэта ў чалавечай прыродзе?
— Вядома, у прыродзе. Чалавек — гэта д’ябал і анёл у адным фляконе. Іншая справа — што ў гэтым чалавеку разьвіваць. Людзі, якія хочуць улады, вядома, будуць гадаваць «охлас» — людзей нецярплівых, якія ня могуць прыняць іншых.
Мне думаецца, што той самы «калектыўны Захад» ідзе слушнай дарогай, калі выхоўвае ў людзях уменьне прымаць іншых і прымаць сваю ўласную прыроду. Вырошчваньне чалавечага ў чалавеку — гэта самы слушная дарога.
— Гэта было б адназначна цудоўна, калі б увесь сьвет быў гэткім агульным гуманным Захадам. Але праблема з тым, што побач з гэтым Захадам, побач зь мірнымі і талерантнымі людзьмі існуюць іншыя краіны і цэлыя цывілізацыі, дзе пануюць зусім іншыя каштоўнасьці, у тым ліку іншае стаўленьне да гвалту. І часам утвараецца сытуацыя, калі даводзіцца ваяваць — а ваяваць Захад развучыўся, у тым ліку дзякуючы гэтаму мірнаму і правільнаму, гуманнаму выхаваньню.
— Захад рана ці позна зьбярэцца зь сябе. Мне здаецца, галоўная праблема для Захаду — гэта легітымнасьць моцных пачуцьцяў, кепскіх пачуцьцяў. А між тым, нянавісьць і агрэсія неабходныя для выжываньня. Але яны павінны інстытуцыянавацца ў патрэбным кірунку. Трэба казаць злу, што гэта зло і што зь ім трэба змагацца.
Але як? Тут трэба шмат асьцярожнасьці і здаровага скептыцызму. Мне падаецца, што папярэдняя гісторыя адносінаў Захаду з Расеяй поўная вялізных памылак, магчыма, прадажнасьці і карумпаванасьці, занадта лёгкай ахвоты браць расейскія грошы.
— Яны не ўспрымалі Расею як пагрозу для сябе.
— Яны закрывалі вочы на Чачэнію, Грузію, Сырыю. Як можна было ня бачыць, што Расея прадукуе канфлікты па ўсім сьвеце. Паглядзіце, што расейцы робяць у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы — яны вынішчаюць там вёскі. Я ўпэўнена і магу паставіць усё, што ў мяне ёсьць, на тое, што калі Расею ўгаманіць, у сьвеце стане на парадак меней канфліктаў.
Я не дэманізую Расею, з такімі абвінавачваньнямі я ўжо сустракалася. Варта быць проста вельмі старанным назіральнікам і ня верыць мітам. Адзін зь якіх — веліч расейскай культуры і іхняя асаблівая духоўнасьць.
— Можа, праблема ня ў тым, што ў Расеі нейкая няправільная, «імпэрская» культура. А праблема ў тым, што тыя людзі, якія ваююць цяпер ва Ўкраіне, яны ня маюць ніякай культуры, яны не чыталі ніякіх кніжак.
— Безумоўна. Але гэтае перакананьне, што яны выключныя і глыбока духоўныя і што ўсе павінны пазіраць на Расею з захапленьнем, што гэта народ-баганосец, што ў іх нейкая асаблівая духоўнасьць. Яны самі ў гэта паверылі, а ўсе вакол працягвалі пляскаць у ладкі і казалі: «Божа, які загадкавы народ, яны так нелінейна паступаюць». Бо калі гэта прыводзіць да такіх страшных вынікаў, вы ж паглядзіце, яны без вайны жыць ня могуць. Таму гэта ніякая не загадкавасьць, а проста імкненьне да выключнасьці любой цаной.
А расейская высокая культура — пераважна вынік таго, што Расею апладніла Эўропа.
Мне падаецца, што кіраваць такой вялікай па тэрыторыі краінай пры дапамозе цьвёрдай вэртыкалі ўлады азначае ўвесь час трымаць народ у паўфашысцкім стане. Калі Расея распадзецца на нармальныя невялікія краіны, хай сабе нават аб’яднаныя нейкімі фэдэратыўнымі сувязямі, то нармалізацыя цалкам магчымая — на працягу двух-трох пакаленьняў.
— Калі вы казалі пра расейскіх вайскоўцаў, якія размаўляюць са сваімі жонкамі і маці адным матам, то мне адразу хацелася адрэагаваць, што прыблізна так размаўляюць і беларускія амапаўцы.
— Гэта “русский мир”. Паглядзіце, як гэтыя амапаўцы абыходзіліся з беларусамі. Толькі ў турэмным “русском мире” сэкс зьяўляецца інструмэнтам прыніжэньня і калечаньня. Тое, што адбывалася на Данбасе — страшныя катаваньні, расейскі фашызм.
— Кожны дзень мы чакаем, што беларускае войска можа прыняць непасрэдны ўдзел у вайне, увайсьці на тэрыторыю Ўкраіны. Ці стане гэта тым трагічным крокам, які надоўга прывяжа Беларусь да Расеі як паплечніцу агрэсара?
— Я ня ведаю, ці даціснуць Лукашэнку, у мяне няма прагнозу. Гэта не да Расеі нас прывяжа, гэта нас прывяжа да страшнай ганьбы, якой мы не пазбавімся некалькі пакаленьняў. Атрымаецца, што мы, як падбрэхіч Каіна, ідзём біць нашых братоў. Нават Лукашэнку гэта зразумела і ён ня хоча гэтага рабіць. І я шчыра веру, што ў беларускім войску сапраўды ёсьць нежаданьне ваяваць. Да таго ж у нас моцныя сваяцкія сувязі, у нас палова Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны сваякі. Ісьці іх забіваць?
Звычайныя беларусы на гэта не здольныя. Для гэтага трэба быць расейцам, «выключным чалавекам», «вышэйшай расы». Беларусы не такія, беларусы ня лічаць сябе выключнымі.
— Вы лічыце, што беларусы за савецкія гады і потым гады лукашэнкаўскай інтэграцыі не пранікліся «велічным» “рускім духам”, у нас засталася свая сьвядомасьць?
— Мы хочам жыць добра, у нас добрыя дамы, мы любім камфорт, мы любім сваіх дзяцей. А ці самае дарагое для расейскіх бацькоў іхнія дзеці-вайскоўцы? Нешта я ня бачыла, каб яны масава паехалі забіраць сваіх дзяцей.
— Вы верыце ў магчымасьць хуткага заключэньня нейкага кампраміснага мірнага пагадненьня на гэтай вайне?
— Ня ведаю, наколькі гэта праўда, але кажуць, што мядзьведзь-шатун, які выйшаў і паспытаў чалавечай крыві, будзе нападаць на людзей, пакуль яго не заб’еш. Калі і няпраўда, але вобраз вельмі добры.
Яны ўжо пакаштавалі крыві. Заходзілі ў чужыя хаты, пакаштавалі чужой крыві, чужой зямлі. Не, гэта трэба заканчваць у найбліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве. Наколькі гэта разумеюць на Захадзе, я ня ведаю. Мы тут, у Польшчы, у Прыбалтыцы, гэта разумеем. Прыбалтыка нічога не баіцца, бо ведае, што стаіць на коне. Чым далей ад Расеі, тым менш гэта разумеюць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.