Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярын Квяткоўскі пра фэстываль «Прадмова»: «Трэба гаварыць пра вайну, пра Пуціна, але найперш трэба дбаць пра сваё»


Удзельнікі фэстывалю «Прадмова» ў Тбілісі, 4 чэрвеня 2022
Удзельнікі фэстывалю «Прадмова» ў Тбілісі, 4 чэрвеня 2022

У першыя летнія выходныя ў Тбілісі стартаваў беларускі літаратурны фэст «Прадмова». Яшчэ за месяц да пачатку ён выклікаў неадназначную рэакцыю зацікаўленых асобаў.

Дыскусіі пра слушнасьць запрашэньня на фэст расейскіх аўтараў у час, калі Расея вядзе вайну ва Ўкраіне, прывялі да разрыву многіх даўніх сяброўскіх стасункаў між беларускімі і ўкраінскімі творцамі. У выніку некаторыя зь іх, раней заяўленыя ў праграме, праігнаравалі «Прадмову».

Аб прычынах і наступствах нелітаратурных жарсьцяў вакол літаратурнага фэсту мы пагаварылі з адным з удзельнікаў імпрэзы ў Тбілісі, празаікам і журналістам, які апошнім часам жыве ў Грузіі, Севярынам Квяткоўскім.

— Як і чаму вы сталі госьцем і аўтарам грузінска-беларускай «Прадмовы»?

— Я думаю, што арганізатары заўважылі маю актыўнасьць як аўтара ў сфэры нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Бо беларуская ідэнтычнасьць і магчымасьць яе захаваньня за мяжой — скразная тэма «Прадмовы» у Тбілісі.

У межах культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» я быў стваральнікам і сурэалізатарам праекту «Як стаць беларусам». Як госьць браў удзел у праграме «Ідэя Х» Зьмітра Лукашука на Эўрарадыё, зь якім я ўдзельнічаў разам у дыскусіі падчас «Прадмовы». «Ідэя Х» вылілася ў кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» і «Беларуская нацыянальная ідэя на маршы». На фэстывалі я выступіў з аўтарскім эсэ аб нацыятворчых працэсах падчас 2020 году і цяпер у новаствораных беларускіх дыяспарах.

— Быць «Прадмове» ці ня быць, удзельнічаць у ёй ці ігнараваць — спрэчкі пра гэта скаланалі мэдыйную прастору задоўга да пачатку фэсту. Чаму, па-вашаму, столькі жарсьцяў абрынулася на галовы і арганізатараў імпрэзы, і яе патэнцыйных удзельнікаў?

— Ігнараваць ці не, ставаць на пазыцыю ўкраінскіх аўтараў ці не? Для мяне гэта быў не скандал, а хай сабе гарачая, але дыскусія. І вельмі карысная. Украінскія аўтары выказаліся супраць расейскіх. Яны маюць на гэта права на фоне барбарства, якое чыніць Крэмль ва Ўкраіне. Што да мяне асабіста, я катэгарычна супраць цкаваньня за пашпарт.

Беларусы ў Грузіі вельмі мала сутыкнуліся зь непрыязьзю за тое, што мы з краіны, падкантрольнай Лукашэнку. Грузіны ў масе сваёй вельмі мала ведаюць пра Беларусь, многія не разумеюць, чаму Крэмль бамбіць украінскія гарады.

Урэшце мы ўбачылі, што фэстываль адбываецца збольшага зь беларускім удзельнікамі. Плюс некалькі выступаў прадстаўнікоў краінаў, якія дапамагаюць беларускім творцам.

Але я ўпэўнены, што інтэлектуал — гэта той чалавек, які здатны весьці дыялёг не па пашпарце, а па розуме. І што ўкраінска-расейскі дыялёг інтэлектуалаў праз пасярэдніцтва беларусаў можа быць. Бо агульная фізычная прастора нікуды ня зьнікне.

— Ад першапачатковага намеру прыехаць на «Прадмову» адмовілася некалькі ўкраінскіх літаратараў. Зь імі салідарызаваліся некалькі беларускіх творцаў. Што для вас асабіста сталася вырашальным у рашэньні ехаць у Тбілісі і выступаць на фэсьце? Ці не шкадуеце пра зроблены выбар?

— Чаму беларус мусіць адмаўляцца ад удзелу ў беларускім фэсьце? Трэба гаварыць пра вайну, пра Пуціна, але найперш трэба дбаць пра сваё, бо ніхто за нас беларускую справу не зробіць.

— Ну вось, высьветлілі, так бы мовіць, прадмову да «Прадмовы». Вы правялі на ёй у Тбілісі два насычаныя дні. Як вы пачуваліся там у часе выступаў? Як рэагавала грузінская публіка на вас? Ці было нейкае асаблівае стаўленьне да вашай асобы, або прысутных вы цікавілі выключна сваімі творамі?

— Грузінскай публікі практычна не было. Але пачуваўся я вельмі натхнёна, бо было шмат беларусаў. Я за апошнія пятнаццаць гадоў шмат выступаў перад рознымі па колькасьці аўдыторыямі і адчуваю энэргетыку залі.

— Сцэна і заля на падобных фэстах пасьля заканчэньня праграмы вельмі часта перамяшчаецца ў нефармальныя месцы стасункаў творцаў і публікі. Што цікавага можаце расказаць з закулісься, так бы мовіць, беларускага фэсту ў Грузіі?

— Нефармальны беларускі фэст у Грузіі адбываецца нон-стоп. У Грузіі немагчыма зьліцца зь мясцовай культурай, зь мясцовым грамадзтвам. Мы прыкметныя, мы адметныя і мы, беларусы ў Грузіі, выкарыстоўваем напрацоўкі гарызантальных сувязяў 2020 году.

Асабліва гэта прыкметна ў Батумі, дзе на 150 тысяч насельнікаў цяпер каля 15 тысячаў беларусаў. Ёсьць беларускія кавярні, ладзяцца беларускія культурныя і адукацыйныя праграмы. Ёсьць праект для тых, хто хоча засвоіць ці палепшыць сваю беларускую мову. Падобныя праекты адбываюцца ў Тбілісі. Я бачу ўнікальную зьяву найноўшай беларушчыны.

Пакуль Крэмль з дапамогай свайго гаўляйтэра спрабуе зьнішчыць беларушчыну ў Беларусі, за мяжой беларуская ідэя ня толькі захоўваецца, але і разьвіваецца. А задушыць яе ў Беларусі не пасьпеюць. Расея прайграе сваю вайну «адна супраць усіх».

— Наколькі, на вашых назіраньнях, абазнаная грузінская публіка ў сучасным беларускім літаратурным працэсе? Каго пераклалі апошнім часам? Ці ёсьць кнігі беларускіх аўтараў у кнігарнях? Што ведаюць у Грузіі пра ліквідацыю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, разгром недзяржаўных выдавецтваў, забарону продажу кніг аўтараў, якія ў апазыцыі да ўлады і іншае?

— Агульнагрузінскія веды пра Беларусь блізкія да нуля. Часам сустракаў маладых людзей, якія ведаюць пра наш 2020 год. Вось і ўсё. Я думаю, што праз новую хвалю беларускай эміграцыі грузіны толькі пачнуць паціху знаёміцца зь Беларусьсю, у тым ліку і з нашай культурай.

— Фэст будзе вандраваць па замежжы цягам усяго чэрвеня. 12-га ягоная станцыя ў Кракаве, 18-га і 19-га ў Варшаве, 25-га ў Вільні. З вашага досьведу ўдзелу ў першай яго частцы, што дае і дасьць гэты літаратурны маратон для яго гасьцей і аўтараў?

— Ідзе фармаваньне новых беларускіх дыяспараў. Фэст дапамагае найперш аўтарам, бо старыя сацыяльныя сувязі пачынаюць іграць па-новаму. А таксама падобныя фэсты паспрыяюць лепшаму разуменьню сучаснай Беларусі ў іншых краінах.

Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

* * *

Даведка: Беларускі фэст інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» і выстава-продаж кніг беларускіх выдавецтваў

Асноўная ідэя фэсту інтэлектуальнай кнігі палягае ў неабходнасьці для Беларусі мець уласны фармат мерапрыемства, прысьвечанага кнізе, «што вучыць думаць», як сродку ўзмацненьня і разьвіцьця інтэлектуальнага асяродзьдзя краіны.

Фэст зьяўляецца своеасаблівай «прадмовай» да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: уводзінамі ў гэтую тэму і месцам сустрэчы з яе стваральнікамі і іх напрацоўкамі. Інтэлектуальную кнігу мы разумеем дастаткова шырока: гэта літаратура non-fiction, інтэлектуальная проза, эсэістыка, філязофская і грамадзкая веда, навукова-папулярная літаратура, замежныя пераклады. Асноўная яе адметнасьць — гэта беларускае паходжаньне аўтараў кнігі ці факт яе вытворчасьці беларускімі выдавецтвамі.

Хаця на фэсьце ёсьць і месца спэцыяльна запрошаным гасьцям: міжнародным выдавецтвам, якія прэзэнтуюць сучасную якасную інтэлектуальную кнігу на нацыянальных мовах. Фэстываль ня толькі знаёміць публіку з наробкамі беларускага кнігавыданьня за апошнія гады, але спрабуе зрабіць дыягностыку актуальнага стану кніжнага рынку ў Беларусі, даць прагнозы і прасачыць тэндэнцыі разьвіцьця заўтрашняга дню.

Мэта фэсту палягае ў інтэнсыфікацыі беларускага кніжнага рынку інтэлектуальнай кнігі (у арганізацыйным і стратэгічным пляне), разьвіцьці камунікацыі паміж усімі яго ўдзельнікамі і далейшым умацаваньні беларускай інтэлектуальнай прасторы дзеля разьвіцьця мясцовай грамадзянскай супольнасьці.

Фэст мусіць:

  • зьвяртаць грамадзкую ўвагу на рынак інтэлектуальнай кнігі ў Беларусі пры дапамозе фэстывальнай праграмы;
  • уздымаць цікавасьць публікі, выдаўцоў і аўтараў да гэтай сфэры кнігавыдавецкай дзейнасьці і яе праблемаў за кошт актуальных выступаў і дыскусій, мастацкіх чытаньняў і г.д.;
  • дэманстраваць выданьні інтэлектуальнага зьместу, што ўжо выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі на працягу апошніх гадоў, падвысіць узровень іх продажу, пашырыць аўдыторыю за кошт выставачнай і прэзэнтацыйнай дзейнасьці;
  • знаёміць патэнцыйных чытачоў з актуальнымі тэндэнцыямі беларускага і міжнароднага рынку інтэлектуальнай кнігі за кошт правядзеньня круглых сталоў і выступленьняў гасьцей фэсту;
  • прыцягваць увагу да новых ці малавядомых імёнаў тых аўтараў ці выдавецтваў, што працуюць у гэтай нішы за кошт выступаў і прэзэнтацый;
  • падвышаць узровень кампэтэнцыі ўдзельнікаў інтэлектуальнага рынку літаратуры, праводзіць абмен досьведам у рамках майстар-клясаў і творчых майстэрняў;
  • наладжваць інтэрактыўную камунікацыю паміж выдаўцамі — аўтарамі — мастакамі-ілюстратарамі — экспэртамі — публікай дзеля абмену досьведам і магчымасьцямі суаднясеньня попыту і прапановы на рынку інтэлектуальнай кнігі ў рамках круглых сталоў, выступаў і дыскусій;
  • ствараць і разьвіваць сетку камунікацыі паміж сталічнымі і рэгіянальнымі ўдзельнікамі рынку інтэлектуальнай кнігі, якая б стымулявала выхад на ўтварэньне агульных структур і рэалізацыю сумесных ініцыятыў.

Першы беларускі фэстываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбыўся з 27 па 31 траўня 2018 году ў культурніцкім інкубатары ОК16 на вул. Кастрычніцкай (Менск). Два апошнія гады фэст не праводзіўся спачатку праз пандэмічную, а потым палітычную сытуацыю ў краіне. Сёлета арганізатары вырашылі праводзіць «Прадмову» толькі ў замежжы. Літаратараў, якія застаюцца ў Беларусі, не запрашалі. Некаторыя зь іх удзельнічаюць у фэсьце online.

Паводле http://pradmova.by/idea/

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG