Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракеты і кнігі. Ва Ўкраіне зьбіраюцца забараніць «кнігі зь Беларусі»


Кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», якую ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкай
Кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», якую ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкай

Пасьля забароны ўладамі Беларусі «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча 17 траўня стала ясна, што пад забарону рэжыму трапіла ўся жывая беларуская літаратура.

800-старонкавы том адэкватнай эўрапейскай прозы стаў сымбалем лёсу беларускай кнігі, які яна перажывае ў цяперашні час. Беларускай літаратуры ў РБ Лукашэнкі ня месца.

Прычым гаворка ідзе пра беларускую кнігу ў чыстым значэньні гэтага слова, то бок беларускамоўную і вальнадумную, уключна з шэдэўрамі сусьветнай літаратуры па-беларуску, раманам Джорджа Орўэла «1984», напрыклад, які рэжым загадаў прыбраць з кнігарняў, ці «Восеньню патрыярха» Габрыеля Гарсія Маркеса.

Адначасова «сілавікі» ўчынілі брутальны пагром у кнігарні «Кнігаўка». Стала зразумела, што беларускай кнізе ў РБ таксама ня месца. Яе нельга пісаць, выдаваць, прадаваць. Нельга ў Беларусі. Але ня толькі.

Падчас дыскусіі пра сёлетні кніжны фэстываль «Прадмова» я выказаў у Фэйсбуку крыху фантазійную думку:

«Правільны быў бы крок з нашага боку — правесьці „Прадмову“ ва Ўкраіне. Расейская хунта пасылае ракеты, а беларусы — кнігі. Пагатоў украінцы чытаюць па-беларуску».

Гэта, так бы мовіць, мроя. А вось рэальнасьць. Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Вятровіч паведаміў пра новую ініцыятыву:

«Законопроєкт передбачає заборону імпорту книг з Росії та Білорусі, припинення продажу раніше ввезених російських книг, майже повну заборону друку і ввезення творів громадян Російської Федерації (ідеться саме про громадян РФ, а не про «мертвих росіян» на кшталт Пушкіна з Достоєвським)».

Атрымаўся такі ўскосны адказ на маю прапанову. Цяпер Бахарэвіча ва Ўкраіну не завязеш. Нават калі яго ня спыняць беларускія мытнікі, украінскія не прапусьцяць дакладна.

Мне цалкам зразумелы клопат украінцаў пра інфармацыйную бясьпеку. Але зразумела таксама, што ніхто ня будзе разьбірацца, якія гэта кнігі — беларускія ці «зь Беларусі». Хоць кнігі ў нас таксама з розных бакоў лініі фронту гэтай вайны. І як быць з цэлай супольнасьцю беларускіх літаратараў, якія пішуць сёньня на экзылі або ў фактычным падпольлі і, між іншым, шчыльна кантактуюць са сваімі ўкраінскімі калегамі, то бок знаходзяцца на лініі фронту з правільнага боку?

Давайце ўявім сабе «кнігу зь Беларусі», якая можа несьці пагрозу Ўкраіне, бо, як кажа спадар Вятровіч, прапагандуе “русский мир”. Гэта можа быць толькі расейская кніга – і паводле зьместу, і паводле мовы. І ня так важна, адкуль яе завезьлі — зь Беларусі, з Расеі, з Польшчы ці з Румыніі.

«Кніга зь Беларусі» і «беларуская кніга» могуць быць такімі ж процілеглымі рэчамі, як ракеты і кнігі ў маёй мроі. Адзіны і галоўны тут індыкатар — мова: расейская ці беларуская. Бо беларуская кніга з прапагандай “русского мира” — гэта такая ж фікцыя, як падобная кніга па-румынску або па-польску. Яе проста ня можа быць паводле азначэньня. А нават калі б у кабінэтах Лукашэнкі і задумалі такую «зброю» — пра “русский мир” па-беларуску для Ўкраіны — такая «ракета» проста не паляціць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG