Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто знайшоў экстрэмізм у кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя»


Вокладка кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя».
Вокладка кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя».

«Эўрарадыё» атрымала копію заключэньня экспэртнай камісіі ад 4 сакавіка, якая знайшла экстрэмізм у кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя». Кнігу абмяркоўвалі 8 экспэртаў, трое зь якіх — міліцыянты, яшчэ двое маюць дачыненьне да ідэалягічнага ўпраўленьня Менскага аблвыканкаму.

У камісію ўвайшлі трое супрацоўнікаў УУС Менскага аблвыканкаму — палкоўнік міліцыі Мікалай Максімовіч, першы намесьнік начальніка Віталь Казлоў і начальнік крыміналістычнага аддзелу Максім Цупа; двое ідэолягаў зь Менаблвыканкаму — Вольга Топдэмір і Ніна Грамузава, а таксама экс-дырэктар радыёстанцыі «Менская хваля» Тамара Вяцкая, выкладчык БДМУ Аляксей Кацічаў і кіраўнік «Цэнтру глябалізацыі, інтэграцыі і сацыякультурнага супрацоўніцтва» ў Інстытуце філязофіі НАН РБ Натальля Кутузава.

Высновы, да якіх прыйшла камісія, займаюць адзін абзац: там проста гаворыцца, што ў кнізе «ўстаноўленая наяўнасьць прыкмет праявы экстрэмізму». Далей пазначаныя непасрэдна прыкметы, якія пералічваюцца ў беларускіх законах. Усе яны адносяцца да кнігі ці нейкія канкрэтныя — незразумела.

Як сказала «Эўрарадыё» адна з чальцоў камісіі Натальля Кутузава, яна адзіная з васьмі ўдзельнікаў камісіі галасавала супраць прызнаньня кнігі экстрэмісцкай. Паводле яе, прыкметы экстрэмізму ў кнізе не былі сфармуляваныя на пасяджэньні камісіі. Тамара Вяцкая сказала выданьню, што аб тым, якія прыкметы экстрэмізму зьмяшчае ў сабе кніга «Беларуская нацыянальная ідэя», ёй гаварыць не рэкамэндавалі, але асабіста ёй кніга «не падабаецца», яна «разбуральная, жорсткая» і «не карысная».

На абмеркаваньне 600-старонкавага выданьня экспэрты зьбіраліся адзін раз. Мэтад экспэртызы, указаны ў заключэньні камісіі, — «візуальнае дасьледаваньне». Тамара Вяцкая кажа, што азнаёмілася са зьместам кнігі, але чытала яе «ня ўсю», «па дыяганалі».

«Звычайна кнігі проста праглядаюць. Я ведаю, што кнігу глядзелі, пры мне яе бралі ў рукі, перагортвалі. Аб тым, наколькі ўважліва чыталі, я не магу сказаць. Звычайна на пасяджэньні кожны бярэ кнігу і глядзіць, выказвае сваё меркаваньне — ці ёсьць там нейкія прыкметы, ці няма», — сказала Натальля Кутузава.

У кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» ўваходзяць 85 гутарак зь пісьменьнікамі, мастакамі, філёзафамі, грамадзкімі дзеячамі. Гутаркі вяліся на «Эўрарадыё» ў праграме «Ідэя Х», якую вядуць Зьміцер Лукашук і Максім Гаруноў. Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году і мае 600 старонак.

Яшчэ адна кніга, у якой экспэрты нядаўна знайшлі прыкметы праявы экстрэмізму, — «Беларускі Данбас» журналістаў Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай. Камісіі зьбіраліся ў розным складзе, але высновы, да якіх яны прыйшлі, паўтараюцца слова ў слова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG