Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў расказаў «Народнай волі», як ён і іншыя актывісты адрэагавалі на гэтую навіну.
Бухвостаў рашэньне генпракурора назваў «нечаканым крокам».
«Мы ня думалі, што пракуратура накіруе сваё прадпісаньне ў Вярхоўны суд, — сказаў Аляксандр Бухвостаў. — Тым больш што гэта зроблена якраз у той час, калі ідзе канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы».
Бухвостаў лічыць, што ў МАП арышты прафсаюзных лідэраў і ліквідацыя незалежнага прафсаюзнага руху не застануцца без увагі.
«Тым больш цяпер далёка не ва ўсіх краінах ідзе такі перасьлед прафсаюзаў, як у Беларусі, — гаворыць Бухвостаў. — У апошні час на ўсе арганізацыі беларускіх незалежных прафсаюзаў аказваўся беспрэцэдэнтны ціск».
Старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў кажа, што «не было і году, каб з нашых арганізацый не выціскалі людзей, не пагражалі разрывам працоўнага кантракту».
«У апошні год ішоў вельмі сур’ёзны наезд, прайшла хваля ператрусаў, якія праводзілі МУС і КДБ. Потым Генэральная пракуратура запатрабавала ад нас падаць дакумэнты аб нашай дзейнасьці. Мы частку далі, а другую частку ў нас канфіскавалі падчас ператрусаў, яна знаходзіцца ў Сьледчым камітэце, мы яе фізычна проста ня можам прадʼявіць.
Як я разумею, частку нашых актывістаў перасьледуюць за тыя падзеі, якія адбываліся ў 2020 годзе».
Па словах Бухвостава, дзейнасьць незалежных прафсаюзаў ніяк не парушала беларускае заканадаўства, перасьлед сілавых структур неабгрунтаваны.
«Адным словам, сытуацыя даволі непрыемная. І я не разумею лёгікі паводзін уладаў. Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка сказаў, што будзе прыняты закон аб грамадзянскай супольнасьці і што грамадзкія арганізацыі ўсе павінны працаваць на дзяржаву.
Паглядзім, якім будзе рашэньне Вярхоўнага суду, якім будзе рашэньне МАП. Я баюся, што ў дачыненьні да Беларусі можа быць ужыты спэцпараграф 33, і тады сытуацыя, у тым ліку і санкцыйная, толькі пагоршыцца. А можна ж было санкцыі нівэляваць: выпусьцілі б усіх прафсаюзных лідэраў, адклікала б пракуратура сваё гэтае прадстаўленьне, селі б за стол перамоваў і зьнялі б усе вострыя пытаньні. Гэта паказала б, што Беларусь настроена на канструктыў. Але, на жаль...»
Улады хочуць ліквідаваць усе незалежныя прафсаюзы
Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед 10 чэрвеня накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб спыненьні дзейнасьці:
- Беларускага свабоднага прафсаюзу,
- Свабоднага прафсаюзу мэталістаў,
- Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў,
- Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці,
- Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».
Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Буд-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнёў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
Дакладна пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.