Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб закрыцьці усіх незалежных прафсаюзаў, іх лідэры застаюцца ў турме


Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед
Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед

Апошнім часам разгарнулася хваля рэпрэсій супраць лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў.

Генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заявы аб спыненьні дзейнасьці:

  • Беларускага свабоднага прафсаюзу,
  • Свабоднага прафсаюзу мэталістаў,
  • Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энэргетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў,
  • Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці,
  • Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Пра гэта паведаміў 10 чэрвеня тэлеграм-канал Генпракуратуры.

Пракуратура заявіла ў сувязі з гэтым, што арт. 5 Канстытуцыі забараняе стварэньне і дзейнасьць грамадзкіх аб'яднаньняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу або вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасьці:

«3 2020 году дзейнасьць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь набыла палітызаваны характар. Замест выкананьня ўскладзеных функцый кіраўнікі і сябры гэтых арганізацый бралі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасьці, несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зьместу», — заявілі ў пракуратуры.

Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Буд-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнёў.

«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Дакладна пра сутнасьць выстаўленых ім абвінавачаньняў амаль нічога невядома.

Па зьвестках праваабаронцаў, старшыню Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА на Валадарскага.

Кіраўнік суполкі свабоднага прафсаюзу з Полацку Мікалай Шарах выйшаў зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Яго падазраюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Таксама ўзмацняецца ціск на нізавыя прафсаюзныя арганізацыі ў рэгіёнах. Дзейнасьць некаторых зь іх прыпынілі. Так, дзейнасьць нізавой арганізацыі Незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» прыпыніла абласная пракуратура.

11 траўня Горадзенскі абласны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй», забараніў дзейнасьць і ліквідаваў Незалежны прафсаюз «Гродна Азот».

Вядома таксама, што 25 красавіка рашэньнем Мазырскага гарвыканкаму спынілі дзейнасьць Незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ. Да гэтага на сяброў прафсаюзу чынілі, гучалі пагрозы непадпісаньня кантрактаў. Многіх затрымлівалі, саджалі на 15 сутак, а потым звальнялі за «прагулы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG