Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баяцца — значыць любяць. Ідэальнае насельніцтва для пажыцьцёвага дыктатара


Лукашэнка дамагаецца, каб насельніцтва ня толькі баялася, а яшчэ і шчыра любіла рэпрэсіўны рэжым, які ў беларускім варыянце называецца «дзяржавай для народу».

Сьцісла:

  • Неабходным атрыбутам любой таталітарнай сыстэмы разам з канцлягерамі зьяўляецца інстытут камісараў.
  • У гэтай сыстэме няма і быць ня можа месца грамадзянскай супольнасьці ў традыцыйным разуменьні.
  • Усе незалежныя ад улады арганізацыі, нават калі яны займаюцца абаронай сабак і катоў, — варожыя.
  • У беларускай мадэлі грамадзкія арганізацыі павінны працаваць пад кантролем дзяржавы, у партнэрстве з уладамі, а фактычна быць часткай дзяржаўнага апарату.

Улады правялі сэмінар-нараду «Актуалізацыя мэтадаў і формаў працы з насельніцтвам на мясцовым узроўні», на якім выступіў Лукашэнка. Аказваецца, ёсьць такая тэма. Хоць, здавалася б, з гэтым кірункам дзяржаўнай палітыкі ўсё ў парадку. Актыўную і эфэктыўную працу з насельніцтвам праводзіць ГУБАЗіК. Яму дапамагаюць КДБ, АМАП і іншыя падобныя структуры. Менавіта яны цяпер галоўныя камунікатары з грамадзтвам.

Аднак, аказваецца, гэтага недастаткова. Неабходным атрыбутам любой таталітарнай сыстэмы разам з канцлягерамі зьяўляецца інстытут камісараў. Функцыя апошніх палягае ў тым, каб насельніцтва ня толькі баялася, а яшчэ і шчыра любіла рэпрэсіўны рэжым, які ў беларускім варыянце называецца «дзяржавай для народу».

Лукашэнка вырашыў каторы раз даць тэарэтычнае абгрунтаваньне беларускай палітычнай сыстэмы. Паводле яго, у гэтай сыстэме няма і быць ня можа месца грамадзянскай супольнасьці ў традыцыйным разуменьні. Лукашэнка адзначыў, што ў заходне-лібэральнай культуры грамадзянская супольнасьць існуе як апазыцыя дзяржаве. Аднак, як ён лічыць, такая мадэль насамрэч — гульня ў дэмакратыю, ілюзія народаўладзьдзя, там рэальныя свабоды падмяняюць разбэшчанасьцю.

«Але мы іншыя. У нас свая культура, свае традыцыі», — лічыць Лукашэнка. У беларускай мадэлі, паводле ягоных разважаньняў, грамадзкія арганізацыі павінны працаваць пад кантролем дзяржавы, у партнэрстве з уладамі, а фактычна быць часткай дзяржаўнага апарату. І вышэйшая форма такой супрацы — Ўсебеларускі народны сход. Гэта пазнавальныя абрысы карпаратыўнай дзяржавы, якія мы бачылі ў клясычных таталітарных рэжымах 1930–1940-х гадоў.

А ўсе незалежныя ад улады арганізацыі, нават калі яны займаюцца абаронай сабак і катоў, — варожыя, бо яны ў 2020 годзе «абсарбавалі да сябе» пратэставы патэнцыял. Лукашэнка запатрабаваў зачысьціць грамадзтва ад гэтых «нягоднікаў». Як вядома, усе гэтыя НДА ўжо даўно ліквідаваныя, разгромленыя. Цяпер, трэба разумець, возьмуцца за іх чальцоў?

Адначасова Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў актыўна праводзіць дыскусіі з насельніцтвам. І тут цікавы пералік тэмаў, на якія дазволена дыскутаваць: «Арганізуйце пляцоўкі, выносьце на абмеркаваньне пытаньні, актуальныя для насельніцтва, тыпу мэдычнага абслугоўваньня, вакцынацыі, добраўпарадкаваньня тэрыторый, водазабесьпячэньня, гандлю, збору і перапрацоўкі адкідаў».

Вось дыскусія пра збор адкідаў — гэта не гульня ў дэмакратыю, не ілюзія народаўладзьдзя, а якраз тое, што актуальна для насельніцтва, сапраўдны прыклад функцыянаваньня «дзяржавы для народу». Хто б спрачаўся.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG