Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія М777, францускі «Цэзар», польскі «Краб». Якую замежную артылерыю выкарыстоўвае Ўкраіна ў вайне супраць Расеі. ФОТА


Самаходная артылерыйская ўстаноўка «Цэзар»
Самаходная артылерыйская ўстаноўка «Цэзар»

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што Расея працягвае дывэрсійную дзейнасьць у эўрапейскіх краінах, каб сарваць падпісаньне кантрактаў і пастаўку зброі ва Ўкраіну.

Але, нягледзячы на такую дзейнасьць Расеі, Украіна ўжо атрымала буйнакалібэрную артылерыю, якая знаходзіцца на ўзбраеньні краін NATO.

З канца сакавіка, з другога месяца ваеннага супрацьстаяньня Расеі, у чаканьні ракетных сыстэм залпавага агню ўзору NATO украінскія вайскоўцы пачалі падрыхтоўку для іх выкарыстаньня.

Свабода сабрала інфармацыю, якую дальнабойную зброю ўжо атрымала Ўкраіна ад сваіх замежных партнэраў.

Француская ўстаноўка «Цэзар»

Інфармацыя пра зброю, якую атрымлівае Ўкраіна, становіцца вядомай толькі тады, калі ўжо падпісаны кантракты і адбыліся пастаўкі. Але і ўкраінскія ўлады, замежныя пастаўшчыкі часьцей за ўсё пазьбягаюць удакладненьня аб колькасьці перададзенай Украіне зброі.

Самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Цэзар» (Ceasar) ужо выкарыстоўваюцца на фронце ў Данбасе. Кошт адной такой устаноўкі можа дасягаць 5 мільёнаў даляраў.

Самаходную гармату калібру 155 мм распрацоўкі GIAT Industries сэрыйна пачалі выпускаць з 2007 году. Далёкасьць дзеяньня — да 40 кілямэтраў. Перавозіць 18 снарадаў і ажыцьцяўляе 6 стрэлаў за хвіліну. Паводле тэхнічных характарыстык, «Цэзар» можа выкарыстоўваць усю намэнклятуру артылерыйскіх снарадаў калібру 155 мм, якія знаходзяцца на ўзбраеньні NATO.

Для гэтай устаноўкі выкарыстоўваецца шасі Renault Sherpa 5 6×6. Разам з устаноўкамі Францыя перадала Ўкраіне бескантактныя дэтанатары, якія выкарыстоўваюць радар для вымярэньня адлегласьці да зямлі і дэтануюць на зададзенай вышыні, выклікаючы «дождж» з шрапнэлі. Зьяўляюцца ідэальнымі для зьнішчэньня пяхоты, асабліва ў акопах.

Брытанскія М777

Брытанскую палявую прычэпную гаўбіцу калібрам 155 мілімэтраў выпускае BAE Systems. Армія Вялікай Брытаніі выкарыстоўвае яе з 2005 году і дагэтуль. Кошт адной устаноўкі — ад 3 мільёнаў даляраў.

Ажыцьцяўляе ад 2 да 7 стрэлаў за хвіліну і трапляе ў цэлі на адлегласьці ад 24 да 40 кілямэтраў.

Гэтыя гаўбіцы Ўкраіна атрымала зь Вялікай Брытаніі, ЗША, Аўстраліі і Канады. На фронце яны выкарыстоўваюцца з красавіка.

СМІ Ўкраіны паведамлялі, што пры дапамозе менавіта гэтых гаўбіц украінскія вайскоўцы разграмілі расейскую калёну, якая спрабавала фарсаваць рэчку Северскі Данец, а таксама падарваць расейскі склад боепрыпасаў на Ізюмскім кірунку.

Польскія «Крабы»

Польская распрацоўка — самаходная гаўбіца калібру 155 мм «Краб» (Krab) таксама сумяшчаецца з боепрыпасамі NATO. На ўзбраеньні Польшчы яна з 2008 году.

Выпускае 6 снарадаў за хвіліну на адлегласьць ад 30 да 40 кілямэтраў. Для кіраваньня патрэбна 5 жаўнераў.

У 2017 годзе Польшча прывозіла гэтую гаўбіцу ў Кіеў на міжнародную спэцыялізаваную выстаўку «Зброя і бясьпека».

У канцы траўня стала вядома аб перадачы 10 такіх самаходных артылерыйскіх установак Украіне.

FH70 з Італіі і Эстоніі

FH70 — гэта 155-мілімэтровая прычапная самаходная гаўбіца, распрацаваная ў Нямеччыне і Вялікай Брытаніі, знаходзіцца на ўзбраеньні з 1970-х гадоў. Пазьней да яе вытворчасьці далучыліся Японія і Італія.

Унікальнасьць гаўбіцы ў дастаткова высокай хуткасьці стрэлаў (тры за 15 сэкундаў), а таксама ў тым, што для яе кіраваньня дастаткова ўсяго чатырох чалавек. Гаўбіца мае высокую мабільнасьць і мінімальны час для разгортваньня.

Далёкасьць агню — ад 24 да 30 кілямэтраў.

Украінскае войска выкарыстоўвае FH70 з канца траўня. Вартасьць гаўбіцы ў адкрытых крыніцах адсутнічае.

Амэрыканская М109А3 з Нарвэгіі

Самаходныя гаўбіцы М109А3 выпускаліся з 1962-га да 2003 году амэрыканскай кампаніяй General Motors Corp.

Гаўбіца шмат разоў удасканальвалася. Мае калібар 155 мілімэтраў. Далёкасьць стрэлаў звычайным фугасным снарадам павялічана да 18 кілямэтраў, а актыўна-рэактыўным — да 24. Хуткасьць стрэлаў — да 4 за хвіліну.

Знаходзіцца на ўзбраеньні 26 армій сьвету. Украіна атрымала больш за 20 гаўбіц з Нарвэгіі. Украінскае войска выкарыстоўвае гэтыя гаўбіцы з траўня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG