Галоўнае на гэты момант
- Украінскія сілы, па інфармацыі мясцовай адміністрацыі, кантралююць каля траціны Севераданецку.
- 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
- Расейскія войскі ўдарылі ракетамі па гандлёвым цэнтры ў Харкаве.
- Украіна афіцыйна папрасіла ў Ізраіля «Жалезны купал».
- Расейцы зьнішчылі другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне, разьмешчаны ў Мікалаеве.
- РПЦ падпарадкавала сабе прыходы Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крыме. Япіскапы УПЦ у Крыме зьвярнуліся з просьбай прыняць іх у патрыярхат пасьля таго, як УПЦ заявіла аб незалежнасьці ад РПЦ.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 9 чэрвеня
На вайне штодня гінуць ад 100 да 200 украінскіх вайскоўцаў — офіс прэзыдэнта Ўкраіны
Дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў ВВС, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў зараз складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень. Гэта найбольшая ацэнка колькасьці загінулых вайскоўцаў узброеных сіл Украіны за час вайны.
Паводле Падаляка, прычына росту страт — значная перавага расейскай арміі ў магчымасьцях артылерыі. Кіраўнік Офісу прэзыдэнта дадаў, што Ўкраіна даб’ецца парытэту з Расеяй, калі атрымае ад 150 да 300 рэактыўных сыстэм залпавага агню — паводле яго, у такім выпадку яна зможа «эфэктыўна вызваліць сваю тэрыторыю».
Расея і Ўкраіна не апублікуюць дадзеныя аб сваіх стратах за час вайны.
Мінабароны Ўкраіны: войска пасьпяхова пераходзіць на ўзбраеньне NATO
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што да выкананьня заданьняў на фронце цалкам падрыхтаваныя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб», перададзеныя Польшчай.
Паводле міністра, гэта пяты від буйнакалібэрнай артылерыі, які будзе выкарыстоўвацца ў барацьбе з расейскім войскам, пасьля гармат М777, FH70, установак Caesar і М109А3. Аляксей Рэзьнікаў дадаў, што ўкраінскае войска атрымала ўжо больш за 150 артылерыйскіх плятформаў калібру 155 мм, а запасы снарадаў для гэтай зброі ўжо на 10% перавышаюць запасы снарадаў вялікіх калібраў савецкага тыпу, які былі ад пачатку расейскага ўварваньня.
«Па пастаўках танкаў і іншай бранятэхнікі савецкага ўзору, якая агулам лічыцца на сотні, Узброеныя сілы Ўкраіны канкуруюць за лідэрства з расейскай арміяй», — падкрэсьліў міністар абароны Ўкраіны.
Аляксей Рэзьнікаў дадаў, што ўжо цяпер украінскія вайскоўцы праходзяць падрыхтоўку для выкарыстаньня ракетных сыстэм залпавага агню, якія неўзабаве прыйдуць зь Вялікай Брытаніі і ЗША.
Узброеныя сілы Ўкраіны кантралююць каля траціны Севераданецку
Украінскія войскі цяпер кантралююць каля траціны Севераданецку, што ў Луганскай вобласьці. Пра гэта паведаміў раніцай Радыё Свабода кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Аляксандар Струк.
«Калі гаварыць пра жылыя кварталы, гэта прыкладна траціна гораду ў старой частцы. Сытуацыя даволі складаная, улічваючы, што ідуць пастаянныя вулічныя баі і тактычна пазыцыі могуць зьмяніцца. Але ў цэлым лінія абароны ўтрымліваецца Ўзброенымі сіламі, горад часткова кантралюецца. Пазыцыі, якія яны займаюць, знаходзяцца пад кантролем нашых Узброеных Сіл», — сказаў Струк.
Кіеў: У Чорным моры Расея рыхтуе тры надводныя і адзін падводны ракетаносцы
Ва ўкраінскім апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што расейцы падрыхтавалі ў Чорным моры 28 «Калібраў», якія гатовыя нанесьці ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны.
Зазначаецца, што ў марскім раёне групоўкі розных сіл Чарнаморскага флёту РФ, «трымаючы бясьпечную дыстанцыю ад украінскага ўзьбярэжжа, трэнуюць баявую ўстойлівасьць ва ўмовах выкарыстаньня супраць групоўкі супрацькарабельных ракет і авіяцыі».
«У прыватнасьці, адпрацоўваецца прымяненьне зэнітна-ракетных комплексаў наземнага базаваньня „Тор-М2“, якія яны ўсталявалі на карабельным складзе», — гаворыцца ў паведамленьні.
Што адбываецца ў Расеі
Пуцін падпісаў указ аб выплаце пяці мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі.
Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».
Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.
Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.
«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.
Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Як рэагуе сьвет
Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў
Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, павялічыўшы агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы больш як да 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.
Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны
Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, што спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.