Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла ў Саэйме Латвіі: «У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор»


Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Сэйме Латвіі. Рыга, 9 чэрвеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Сэйме Латвіі. Рыга, 9 чэрвеня 2022

9 чэрвеня ў другі дзень візыту ў Латвію Сьвятлана Ціханоўская выступіла на пленарным пасяджэньні Саэймы. Яе выступ дэпутаты сустрэлі воплескамі стоячы. Асноўныя тэзы выступу.

Ціханоўская заклікала Латвію дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсіяў беларусам і пашырыць праграмы для іх.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала народу Латвіі за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці і салідарнасьць, якая была з самага пачатку пратэстаў у краіне, яна спынілася на рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўскаямі сьпікер Саэймы Інара Мурніецэ
Сьвятлана Ціханоўскаямі сьпікер Саэймы Інара Мурніецэ

«У краіну вярнуўся сталінскі тэрор. Верныя савецкім ідэям і Крамлю ўлады закрываюць выдавецтвы, што друкуюць кнігі на беларускай мове. Арыштоўваюць прадпрымальнікаў, такіх як Павал Белавус, якія працуюць у крамах, дзе можна набыць беларускую сымболіку. Людзей, якія выступаюць за эўрапейскую дэмакратычную будучыню асуджаюць на сталінскія тэрміны.

У савецкія часы ў Латвіі былі вязьні сумленьня, якія праходзілі празь лягеры не адзін і ня два разы — такія як Гунарс Астра, Інтс Цалітыс або Лідзія Дароніна-Ласманэ. На жаль, такія ж вязьні сумленьня ёсьць у сучаснай Беларусі. Сярод іх — палітык Мікалай Статкевіч, якога пакаралі 14 гадамі турмы, а таксама прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому ў бліжэйшы час пагражае сьмяротны прысуд... Паводле новага закону, сьмяротнае пакараньне можа пагражаць і за бяскрыўдны пратэст, і нават за намер. Мэта закону — спыніць людзей страхам».

На думку Ціханоўскай, занадта павольная рэакцыя Эўразьвязу на злачынствы рэжыму Лукашэнкі паспрыяла далейшаму палітычнаму перасьледу ў Беларусі і прывяла да трагічных наступстваў ва Ўкраіне.

«Калі пачаліся рэпрэсіі, мы крычалі пра дапамогу, але нас амаль ня чулі. Толькі празь 10 месяцаў, пасьля захопу самалёта, Эўразьвяз увёў рэальныя санкцыі. Надта позна. Гэта дазволіла рэжыму перагрупавацца і пайсьці ў контранаступ. Калі б мы тады спынілі Лукашэнку, Беларусь бы ня стала пляцдармам для Пуціна ў яго нападзе на Ўкраіну. Калі б мы тады перамаглі, прадмесьці Кіева не былі б зруйнаваныя, расейскія войскі не разрабавалі б Чарнобыльскую АЭС, а тысячы мірных людзей з Бучы, Барадзянкі і Гастомелю былі б жывыя».

Сьвятлана Ціханоўская падчас звароту да дэпутатаў
Сьвятлана Ціханоўская падчас звароту да дэпутатаў

Яна ў чарговы раз абвінаваціла Лукашэнку ў тым, што ён толькі выконвае загады Пуціна, пры гэтым спрабуючы выдаць сябе за ахвяру, і просіць зьняць санкцыі.

Таксама Ціханоўская ўспомніла дзеяньні тэлеграм-каналаў і людзей, якія запавольвалі рух чыгункі ў Беларусі, каб не дазволіць расейскім войскам бесьперашкодна трапіць ва Ўкраіну.

«Сёньня мы знаходзімся на гістарычным раздарожжы. Існуе толькі два шляхі — або эўрапейская дэмакратычная Беларусь, або дэ-юрэ акупацыя Расеяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе».

У сваім выступе яна заклікала Латвію знайсьці магчымасьць выдаваць беларусам візы і аднавіць выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама павялічыць колькасьць студэнцкіх стыпэндыяў, стварыць праграмы для беларускіх дасьледчыкаў, навукоўцаў, журналістаў, культурных актывістаў. Яна адзначыла, што беларускія незалежныя СМІ «супрацьстаяць савецкаму аўтарытарызму Лукашэнкі і прапагандзе Крамля».

Акрамя таго, Ціханоўская заклікала дапамагчы беларускім фірмам у рэлякацыі бізнэсу, даць ім доступ да фінансаваньня і дзяржаўных праграмаў падтрымкі. А беларускім студэнтам папрасіла арганізаваць стажы ў Саэйме Латвіі, каб затым гэты досьвед быў скарыстаны на карысьць Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG