Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас візыту Ціханоўскай у Рыгу ў парлямэнце Латвіі заснавалі групу «Сябры Беларусі». ФОТА


Сьвятлана Ціханоўская і група «Сябры Беларусі» Сэйму Латвіі
Сьвятлана Ціханоўская і група «Сябры Беларусі» Сэйму Латвіі

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 8-9 чэрвеня знаходзіцца зь візытам у Рызе на запрашэньне міністра замежных спраў Эдгарса Рынкевічса і парлямэнту Латвіі.

На пачатку першага дня свайго афіцыйнага візыту ў Латвію Сьвятлана Ціханоўская разам з мэрам Рыгі Мартыньшам Стакісам узьняла беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг над гарадзкой ратушай, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

На перамовах са Стакісам і ягонай камандай, а таксама дэпутатамі гарадзкой рады Рыгі беларуская лідэрка дамовілася аб правядзеньні шэрагу культурных імпрэз, выставаў і літаратурных чытаньняў, прысьвечаных Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская з мэрам Рыгі Мартыньшам Стакісам і гарадзкой радай
Сьвятлана Ціханоўская з мэрам Рыгі Мартыньшам Стакісам і гарадзкой радай

Ціханоўская прапанавала стварыць у Рызе культурную прастору — месца, дзе зможа зьбірацца беларуская дыяспара, каб праводзіць культурныя імпрэзы. Яна закранула і тэму стажаваньня для беларускай моладзі ў гарадзкой радзе Рыгі, а таксама ў офісах дэпутатаў, каб яны маглі атрымаць досьвед у самакіраваньні.

Сьвятлана Ціханоўская зь міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам
Сьвятлана Ціханоўская зь міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам

Ціханоўская правяла перамовы зь міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам. Яны абмеркавалі, як спыніць «калійную ўгоду». Ціханоўская ў сваю чаргу адзначыла, што «без вызваленьня палітычных зьняволеных, спыненьня рэпрэсій і пачатку перамоваў аб новых выбарах здымаць санкцыі нельга». Па яе словах, гэта будзе «няправільны пасыл, які прывядзе да яшчэ большай беспакаранасьці рэжыму».

Сьвятлана Ціханоўская са сьпікерам парлямэнту Інарай Мурніеце
Сьвятлана Ціханоўская са сьпікерам парлямэнту Інарай Мурніеце

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася з просьбай да ўладаў Латвіі працягваць падтрымку незалежных мэдыя, праграм адукацыі, падтрымкі журналістаў, курсаў для навучаньня журналістаў-расьсьледнікаў, а таксама працягваць праграмы рэабілітацыі, у якіх у 2020 годзе атрымалі дапамогу параненыя на пратэстах. Ціханоўская таксама прапанавала прымаць на гэтую праграму былых беларускіх палітычных вязьняў.

Сьвятлана Ціханоўская p прэм’ер-міністрам Крыш’янісам Карыньшам
Сьвятлана Ціханоўская p прэм’ер-міністрам Крыш’янісам Карыньшам

Затым Сьвяталана Ціханоўская правяла сустрэчы ў парлямэнце Латвіі, дзе быў дадзены старт працы парлямэнцкай групы «Сяброў Беларусі», у якую на гэты момант увайшлі 20 дэпутатаў, гэта 1/5 усіх дэпутатаў парлямэнту Латвіі.

Дамовілася Ціханоўская і аб супрацоўніцтве ў галіне заканадаўства і кансультацыі аб праектах рэформаў у Беларусі. Парлямэнт Латвіі запэўніў, што гатовы аказваць такую кансультацыйную падтрымку.

Увечары 8 чэрвеня Ціханоўская правяла сустрэчу зь беларускай дыяспарай каля мэмарыялу ахвярам савецкай акупацыі History Tactile.

9 чэрвеня Ціханоўская мае выступіць на пленарным паседжаньні парлямэнта Латвіі са зваротам і сустрэнецца з прэзыдэнтам краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG