Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штурм Севераданецку, абстрэлы ў шасьці абласьцях Украіны. 101-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 6 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях Украіны. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Данецкай вобласьці згарэў Усіхсьвяцкі скіт ў Сьвятагорскай лаўры, найбуйнейшы драўляны храм Украіны. Бакі вінавацяць адзін аднаго.
  • Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, у тым ліку частковае эмбарга на імпарт нафты. У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
  • З пачатку вайны Ўкраіны пакінулі каля 14 мільёнаў жыхароў.
  • Генштаб Украіны: ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету.
  • Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што за час вайны Ўкраіна страціла ўжо звыш 200 заводаў.
  • Славаччына паставіць Украіне самаходныя гаўбіцы Zuzana 2, а Вялікая Брытанія — ракетныя сыстэмы M270 DW.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна абвясьціў аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 4 чэрвеня

У Данецкай вобласьці згарэў Усіхсьвяцкі скіт Сьвятагорскі лаўры

«4 чэрвеня 2022 году ў выніку ваенных дзеяньняў адбыўся маштабны пажар на тэрыторыі Ўсіхсьвяцкага скіта Сьвята-Успенскай Сьвятагорскай Лаўры. Полымя цалкам ахапіла галоўны храм прыстанку. Інфармацыі аб загінулых і пацярпелых зараз няма», — гаворыцца ў паведамленьні інфармацыйна-асьветніцкага аддзела УПЦ.

Украінскія СМІ паведамляюць, што пажар адбыўся ў выніку абстрэлу расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта ж сказаў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго, на тэрыторыі абстралянай Сьвятагорскай лаўры хавалася каля 300 чалавек, у тым ліку 60 дзяцей.

У Мінабароны РФ сьцьвярджаюць, што драўляны скіт падпалілі ўкраінскія вайскоўцы пры адступленьні падразьдзяленьняў 79-й дэсантна-штурмавой брыгады ВСУ, а расейскія падразьдзяленьні «не вядуць баявых дзеяньняў у дадзеным раёне».

Сьвята-Усьпенская Святагорская лаўра разьмешчаная ў Сьветлагорску ў Данецкай вобласьці, на поўнач ад Славянска і Краматорска. Яна належыць УПЦ Маскоўскага патрыярхата. Усіхсьвяцкі скіт, які згарэў, быў пабудаваны яшчэ ў XVI стагодзьдзі. Як паведамляюць украінскія СМІ, гэта быў самы вялікі драўляны храм на тэрыторыі Ўкраіны.

У выніку ранішняга абстрэлу Мікалаева загінулі трое цывільных

Два чалавекі памерлі адразу ж на месцы абстрэлу, адзін — па дарозе ў больніцу. Яшчэ чатыры асобы параненыя. Такія зьвесткі прывёў мэр горада Аляксандар Сянкевіч. Таксама ён напісаў пра тое, што ў выніку абстрэлу атрымалі пашкоджаньні тры шматпавярховыя будынкі.

Абстрэлы ў розных рэгіёнах Украіны на раніцу 4 чэрвеня. Галоўнае з паведамленьняў мясцовых уладаў

  • У Адэскай вобласьці ўначы запусьцілі крылатую ракету Х-95 ў сельскагаспадарчае прадпрыемства, паведамляюць мясцовыя ўлады. Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелі два чалавекі. У выніку трапленьня ракеты пачаўся пажар, які ліквідавалі ратавальнікі.
  • У Харкаўскай вобласьці абстрэльвалі Ізюмскі і Харкаўскі раёны, у тым ліку сяло Кароціч і горад Балаклея. За апошні дзень загінуў адзін чалавек, яшчэ 8, сярод якіх 11-гадовая дзяўчынка, атрымалі раненьні. Паведамляецца аб пашкоджаньні дамоў і нежылых будынкаў.
  • У Луганскай вобласьці загінулі 4 чалавекі, у тым ліку жанчына зь дзіцем, адзін паранены. У Севераданецку і Лісічанску пашкоджана ня менш за 6 шматпавярховікаў, у Горным — 8 дамоў, у Новаіванаўцы — 7, ва Урубаўцы — 6.
  • У Данецкай вобласьці на працягу сутак паранены трое мірных жыхароў. Абстрэлы былі зафіксаваныя па ўсім рэгіёне — у Аўдзееўцы, Краматорску, Канстанцінаўцы, Саледары, Нью-Ёрку, Васільеўцы, Маяках. Пашкоджаныя 12 будынкаў, у тым ліку жылых.
  • Мікалаеўская вобласьць: раніцай 4 чэрвеня Мікалаеў абстралялі зь цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэмам залпавага агню. Пацярпелых няма. Працягваюцца абстрэлы ў Бярэзнегавацкай абшчыне. Інфармацыя аб пацярпелых і пашкоджаньнях удакладняецца.
  • У Херсонскай вобласьці працягваюцца абстрэлы захопленых тэрыторый і пазыцый ВСУ. Тэрміновая гуманітарная дапамога неабходная сёлам Кахоўскага і Берыслаўскага раёнаў, занятым расейскімі вайскоўцамі.

Расейскія войскі працягваюць штурм Севераданецку

Па словах кіраўніка Луганскай вобласьці Сяргея Гайдая, расейцы нясуць страты, але працягваюць спробы ўзяць горад пад кантроль. Ідуць вулічныя баі. Расейскія войскі паспрабавалі адрэзаць Севераданецк, абстраляўшы яшчэ адзін мост. За 3 чэрвеня ў Севераданецку і Лісічанску пашкоджана сама меней па шэсьць шматпавярховікаў.

Акрамя таго, у горадзе Горскае ў выніку абстрэлаў загінулі маці зь дзіцем, паведаміў Гайдай. Тры дні таму ў Горскім загінуў яшчэ адзін жыхар. Таксама загінуў адзін чалавек у горадзе Залатое.

Брытанская выведка: расейскія запасы высокадакладных ракет значна спустошаныя

Мінабароны Брытаніі ў сьвежым дакладзе выведкі паведамляе, што цяпер актыўнасьць расейскай авіяцыі застаецца высокай над тэрыторыяй Данбасу, дзе вядуцца баі. Зрушыўшы фокус на Данбас, Расея змагла павялічыць выкарыстаньне авіяцыі для падтрымкі свайго наступу, спалучаючы авіяўдары і масіраваныя артылерыйскія абстрэлы. Такая камбінацыя стала ключавым фактарам нядаўніх тактычных посьпехаў Расеі ў рэгіёне.

З пачатку вайны актыўнасьць расейскіх самалётаў абмяжоўвалася нанясеньнем удараў з выкарыстаньнем ракет паветранага і наземнага базаваньня — каб парушыць прасоўваньне падмацаваньня ўкраінскіх войскаў. Аднак гэтыя ўдары не аказалі істотнага ўплыву на ход вайны, а расейскія запасы высокадакладных ракет, верагодна, у выніку былі значна спустошаныя.

Сьцяг Украіны з «Азоўсталі» перадалі ў музэй гісторыі

Начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў перадаў дзяржаўны сьцяг Украіны, які лунаў над прадпрыемствам «Азоўсталь» у акупаваным Марыюпалі, у Нацыянальны музэй гісторыі Ўкраіны ў Другой сусьветнай вайне.

Сьцяг стане адным галоўных экспанатаў новай экспазыцыі «Ўкраіна — расьпяцьце», якая разгорнутая цяпер у музэі. Падчас цырымоніі перадачы кіраўнік ваеннай выведкі выказаў упэўненасьць у тым, што надыдзе час, калі гэты сьцяг, «ужо як музэйны экспанат, зноў пабывае ў вольным украінскім горадзе Марыюпалі».

Украіна: страты РФ з пачатку вайны перавысілі 31000 вайскоўцаў

Паводле Генштабу Ўзброеных сіл Украіны, агульныя баявыя страты расейскага войска з пачатку вайны па 3 чэрвеня, склалі каля 31050 чалавек асабовага складу.

Акрамя таго, паводле Генштабу, па стане на раніцу 4 чэрвеня Расея страціла 1376 танкаў, 3379 баявых браніраваных машын, 680 артылерыйскіх сыстэм, 207 рэактыўных сыстэм залпавага агню, 95 сродкаў супрацьпаветранай абароны, 210 самалётаў, 175 вэрталётаў, 540 БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню, 122 крылатыя ракеты, 13 караблёў /катэраў, 2337 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў, 52 адзінкі спэцтэхнікі.

Масква аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны не паведамляе з 25 сакавіка — тады казалі 1351 загінулага вайскоўца і 3825 параненых.

У Кіеўскай вобласьці эксгумавалі ўжо больш за 1300 цел мірных жыхароў

Целы расстраляных і закатаваных расейцамі ўкраінцаў знаходзяць да гэтага часу. Пасьля правядзеньня сьледчых дзеяньняў на месцы пахаваньняў іх накіравалі ў морг для правядзеньня судова-мэдыцынскіх экспэртызаў.

У Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны адзначылі, што асобы больш як двух сотні загінулых не ўстаноўлены.

Журналісты Reuters трапілі пад абстрэл па дарозе ў Севераданецк. Іх кіроўца загінуў

Фатограф Reuters Аляксандар Ермачэнка і апэратар Павел Клімаў ехалі ў аўтамабілі, прадстаўленым прарасейскімі сіламі, па ўчастку дарогі паміж Севераданецкам і горадам Рубежнае, калі трапілі пад абстрэл, паведамляе агенцтва. Кіроўцу для паездкі агенцтву прапанавалі сэпаратысты, яго асоба пакуль ня высьветленая. Журналістаў даставілі ў бальніцу ў Рубежнае, ім аказалі дапамогу. У Ермачэнкі — аскепкавае раненьне, у Клімава — пералом рукі.

Расея і Ўкраіна абмяняліся целамі загінулых

Пра гэта паведаміла ваенны карэспандэнт расейскага «Первого канала» Ірына Куксянкова: «Памянялі 160 на 160. Абмен адбыўся на лініі баявога судотыку ў Запароскай вобласьці».

Пазьней украінскі бок пацьвердзіў абмен з Расеяй целамі загінулых вайскоўцаў. Абмен па формуле «160 на 160» прайшоў 2 чэрвеня на лініі фронту ў Запароскай вобласьці, паведамляе ўкраінскае міністэрства рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый.

Ранішняя зводка Генштабу Ўзброеных сіл Украіны. Галоўнае:

На Данецкім напрамку расейскія войскі абстрэльваюць пазыцыі ўкраінскіх войскаў уздоўж усёй лініі судакрананьня. Асноўныя намаганьні суперніка сканцэнтраваны на Севераданецкім і Бахмуцкім напрамках.

Пры падтрымцы артылерыі расейскія вайскоўцы вядуць штурм Севераданецка, узмацнілі групоўку за кошт мабілізацыйнага рэзэрву. Баі ў горадзе працягваюцца. Наступ напрамку Усьцінаўкі посьпеху ня меў, паведамляюць у Генштабе. Наступ на Бахмуцкім напрамку таксама ня меў посьпеху, праціўнік адышоў.

Працягваюцца баявыя дзеяньні на Слабажанскім напрамку. На Харкаўскім напрамку асноўныя намаганьні расейцаў сканцэнтраваныя на ўтрыманьні занятых рубяжоў. На Славянскім напрамку штурмы праціўніка ў напрамку населеных пунктаў Багародзічнае і Вернапольле посьпеху ня мелі, сьцьвярджаюць у Генштабе.

На Ліманскім напрамку расейскія вайскоўцы спрабуюць узяць пад кантроль участак левага берага ракі Северскі Данец у раёне населенага пункта Стары Караван.

«Тэмп прасоўваньня падразьдзяленьняў суперніка на Данецкім напрамку нізкі, што абумоўлена фізычным зьнясіленьнем асабовага складу і нізкім маральна-псыхалягічным станам», — паведамляюць у Генштабе.

Паводле інфармацыі ўкраінскага Генштабу, за мінулыя суткі на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія вайскоўцы адбілі 9 атак расейскіх войскаў.

З пачатку вайны Ўкраіны пакінулі каля 14 мільёнаў жыхароў

За 100 дзён з пачатку вайны ва Ўкраіне каля 14 мільёнаў яе жыхароў былі вымушаны пакінуць свае дамы. Яшчэ 15,7 млн украінцаў маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, і іх колькасьць расьце, гаворыцца ў дакладзе крызіснага каардынатара ААН па Ўкраіне Аміна Авады.

У дакладзе таксама адзначаецца, што каля 3 мільёнаў украінскіх дзяцей былі вымушаныя спыніць вучобу з прычыны расейскага ўварваньня.

Брытанская выведка: РФ кантралюе больш за 90% Луганскай вобласьці

Па апошніх зьвестак брытанскай выведкі, Расея ўзяла пад кантроль больш за 90% Луганскай вобласьці і, мяркуючы па ўсім, можа захапіць яе цалкам у бліжэйшыя два тыдні. У выведцы ўдакладняюць, што дабіцца посьпеху ў Луганскай вобласьці расейскім войскам удалося за кошт канцэнтрацыі сіл на адным напрамку і вялікіх затрат рэсурсаў.

За 100 дзён вайны ва Ўкраіне разбураныя 370 помнікаў культурнай спадчыны

Пра гэта расказаў міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі краіны Аляксандар Ткачэнка.

«Хацеў бы сказаць, што сярод гэтых 370 помнікаў культуры амаль палова — гэта цэрквы розных канфэсій. Фактычна, калі расейцы руйнуюць украінскую спадчыну, яны не адрозьніваюць, гэта іх скрэпы ці не іх, яны іх руйнуюць», — перадае словы Ткачэнкі «Укрінформ».

З пачатку вайны ва Ўкраіне пацярпелі сама меней 724 дзіцяці

У выніку ўзброенай агрэсіі РФ ва Ўкраіне загінула 261 дзіця, 463 дзіцяці атрымалі раненьні, паведамляюць у Офісе Генпракурора Ўкраіны. Гэтыя дадзеныя не канчатковыя, адзначае ведамства.

Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай вобласьці — 187, Кіеўскай — 116, Харкаўскай — 112, Чарнігаўскай — 68, Луганскай — 52, Херсонскай — 52, Мікалаеўскай — 47, Запароскай — 29, Сумскай — 17, у Кіеве — 16, Жытомірскай — 15.

Зяленскі: Расея кантралюе пятую частку ўкраінскай тэрыторыі

«Расейскія войскі зайшлі ў 3620 населеных пунктаў Украіны, 1017 зь іх ужо ўдалося вызваліць, 2603 яшчэ мусім вызваліць. На сёньня пад кантролем акупантаў знаходзіцца блізу 20 адсоткаў нашай тэрыторыі, амаль 125 тысяч квадратных кілямэтраў», — сказаў Уладзімір Зяленскі 2 чэрвеня ў сваім відэазвароце да парлямэнту Люксэмбургу.

Кіеў: Украіна страціла ў вайну ўжо больш за 200 заводаў

Пра велізарныя маштабы стратаў заявіў у відэазвароце да камітэту замежных спраў і абароны ірляндзкага парлямэнту кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

Вайна забрала 35% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Украіны. Паводле Ермака, Украіна страціла ўжо больш за 200 заводаў, а непасрэдныя страты ад вайны ўжо перавышаюць 600 мільярдаў даляраў.

Што адбываецца ў Расеі

Расавіяцыя ў 17-ы раз працягнула забарону на палёты ў 11 аэрапортаў цэнтральнай часткі і поўдня Расеі

Як паведамляе «Інтэрфакс», цяпер абмежаваньне на палёты ў Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту дзейнічае да 12 чэрвеня. Забарона была ўведзеная ў першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — 24 лютага.

Прыхаваная мабілізацыя ў Расеі

У Благавешчанску Амурскай вобласьці ў паштовыя скрыні пачалі раскладаць улёткі з рэклямай кантрактнай службы, а на вуліцах расклейваць аб’явы, паведамляе выданьне «Сота».

Тым, хто запісаўся на кантрактную службу, прапануюць «грашовае забесьпячэньне ў памеры ад 40 тысяч рублёў» (каля $600 па афіцыйным курсе), «бясплатны праезд», «магчымасьць набыць уласнае жытло» і «атрымаць вышэйшую адукацыю».

У Расеі заканадаўча скасавалі ўзроставую мяжу для кантрактнай службы

Цяпер заключыць кантракт з расейскім войскам можна будзе да заканчэньня працаздольнага ўзросту, гэта значыць да 65 гадоў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізуецца ў полк.

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня. Пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-Заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Кампаніі Hewlett Packard і Karmstrup пакідаюць Беларусь і Расею за вайну супраць Украіны

Hewlett Packard Enterprise заявіла, што канчаткова выходзіць зь Беларусі і Расеі з прычыны вайны ва Ўкраіне. Таксама пакідае рынак дзьвюх краін дацкая кампанія Karmstrup, якая спэцыялізуецца на інтэлектуальным уліку вады і электраэнэргіі. Яна робіць лічыльнікі.

Тайвань забараніў экспарт у Расею і Беларусь чыпаў і мікрасхем

Міністэрства эканомікі Тайваня падрыхтавала сьпіс стратэгічных высокатэхналягічных тавараў, якія забаронены да экспарту ў Расею і Беларусь. Беларусь уключана ў сьпіс, бо яна можа дапамагчы Расеі імпартаваць такія тавары.

Урад Нямеччыны прыняў рашэньне аб пастаўцы ва Ўкраіну СПА IRIS-T SL

Пра гэта абвясьціў канцлер ФРГ Оляф Шольц. «Урад вырашыў паставіць сыстэмы IRIS-T — гэта самая сучасная сыстэма супрацьпаветранай абароны з тых, якія мае ФРГ», — сказаў Шольц. Пра тое, што Бэрлін разважае над такім рашэньнем, у сярэдзіне траўня пісалі Reuters і Bild. Па дадзеных Bild, гэтыя комплексы здольныя эфэктыўна паражаць паветраныя цэлі ў зоне радыюсам 40 км і вышынёй 20 км.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG