Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15% беларусаў — кліенты гэтага банку. Што вядома пра «Белінвестбанк», які адключылі ад SWIFT


Офіс «Белінвестбанку» ў Менску
Офіс «Белінвестбанку» ў Менску

Гэта дзяржаўны банк, карткі якога маюць 1,2 мільёна беларусаў.

У шосты пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі трапіў беларускі банк «Белінвестбанк», яго адключаць ад SWIFT. Глядзім, што пра яго вядома.

Існуе больш за 20 гадоў

«Белінвестбанк» утварыўся ў верасьні 2001 году шляхам злучэньня банкаў «Белбізнесбанк» і «Беларускі банк разьвіцьця». Дагэтуль «Белбізнесбанк» існаваў з 1992 году. З 2005 году «Белінвестбанк» мае статус інвэстыцыйнага банку, у тым ліку для дзяржаўных праграм. 99,3% акцый банку належыць беларускай дзяржаве.

Карткамі банку карыстаюцца 1,2 мільёна чалавек

На пачатак 2022 году колькасьць эмітаваных плацёжных картак банку складала 1,2 мільёна. У Беларусі банк мае 520 банкаматаў. Таксама банк мае 13,6 тысячы адзінак плацёжнага абсталяваньня ў 10,4 тысячы гандлёвых пунктаў.

15% жыхароў Беларусі — кліенты «Белінвестбанку»

На 1 студзеня гэтага году кліентамі банку былі 31 тысяча юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Кліенты «Белінвестбанку» — 15% насельніцтва Беларусі.

Крэдытаваў сельскую гаспадарку

У 2019 годзе «Белінвестбанк» выдзяляў рэсурсы для падтрымкі сельскай гаспадаркі Беларусі. Сярод іх «Агракамбінат Скідзельскі», «Дубровенскі ільнозавод», птушкафабрыка «Дружба» і шэраг іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў зь дзяржаўнай доляй уласнасьці.

Буйны крэдытор нерухомасьці

«Белінвестбанк» — адзін з буйных крэдытораў нерухомасьці. Цяпер банк мае 7 варыянтаў розных крэдытаў на жыльлё згодна са зьвесткамі Мyfin.by.

Гадавыя працэнтныя стаўкі на гэтыя крэдыты — ад 11,8% да 24%.

Фінансаваў будаўніцтва самага высокага ветрака ў СНД

У траўні мінулага году «Белінвестбанк» прафінансаваў будаўніцтва ветрака ў вёсцы Капачы Мсьціслаўскага раёну. Вышыня ветрака з улікам лопасьцей — 210 мэтраў. Кошт будаўніцтва і самога ветрака — 4 мільёны эўра.

Кіраўніка затрымлівалі за хабар

Сёлета ў красавіку СМІ паведамлялі, што кіраўнік «Белінвестбанку» Андрэй Брышцелеў затрыманы за атрыманьне хабару. Ён быў падазраваны па 430-м артыкуле Крымінальнага кодэксу, 3 частка — атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры.

Брышцелеў узначальваў банк з 2017 году.

Пад санкцыямі з 2021 году

Сэктаральныя санкцыі ЗША закранулі банк пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну — з 25 лютага гэтага году. Пад санкцыямі ЭЗ банк з чэрвеня 2021 году. Гэта значыць, банк ня можа супрацоўнічаць з эўрапейскімі структурамі.

Што значыць адключэньне ад SWIFT

SWIFT — міжнародная сыстэма перадачы інфармацыі і зьдзяйсьненьня плацяжоў паміж банкамі. Да гэтай сыстэмы падлучаныя большасьць банкаў ва ўсім сьвеце, апроч Паўночнай Карэі і часткі банкаў Ірану.

Калі банк адключаюць ад SWIFT, у ягоных кліентаў узьнікаюць праблемы зь міжнароднымі пераводамі, а таксама з карыстаньнем карткамі за мяжой, аплатай замоваў, плацяжамі.

Альтэрнатывы SWIFT існуюць. Так, свае аналягічныя сыстэмы маюць Кітай і Расея, але гэтыя сыстэмы не настолькі распаўсюджаныя і маюць пэўныя абмежаваньні.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG