Беларускі апазыцыйны палітык накіравала лісты генэральнаму сакратару ААН, прэзыдэнту ЗША і старшыні Рады Эўропы адносна ініцыятывы па зьняцьці санкцый на калійныя ўгнаеньні ў абмен на згоду Лукашэнкі дазволіць транспартаваньне ўкраінскага збожжа празь Беларусь.
Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што рэалізацыя ідэі генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша ня вырашыць праблемы з харчовым крызісам. Больш за тое, яна адцягвае ўвагу ад сапраўднай прычыны магчымага дэфіцыту — вайны Расеі супраць Украіны і блякады ўкраінскіх партоў расейскім флётам. Ціханоўская лічыць, што рэалізацыя ідэі Гутэрыша толькі надасьць упэўненасьці Пуціну і Лукашэнку дзеля таго, каб «працягваць беззаконныя і амаральныя паводзіны супраць Украіны, Беларусі і іншых краін рэгіёну».
«Лукашэнка зьдзейсьніў злачынства агрэсіі і датычны да ваенных злачынстваў ва ўкраінскіх гарадах. Але ён таксама вінаваты ў злачынствах супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да дзясяткаў тысяч беларусаў, пра што сьведчыць справаздача Міжнароднага камітэту па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі. За ўсе гэтыя злачынствы ён павінен панесьці адказнасьць.
Нягледзячы на публічныя запэўніваньні Лукашэнкі, ён стаў агрэсарам і здраднікам. Ён груба парушыў пагадненьні з Украінай, беларускае нацыянальнае заканадаўства і стварыў сур’ёзную пагрозу сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, дазволіўшы расейскім вайскоўцам увайсьці ў Беларусь».
За тое, што Расея, пачынаючы з 24 лютага, парушыла мноства міжнародных пагадненьняў і фактычна «ўзяла ў закладнікі мільёны людзей». Ціханоўская лічыць, што дзеяньні Расеі павінны мець сур’ёзныя наступствы, у тым ліку для ейнай ролі ў ААН і Радзе Бясьпекі.
«Пазыцыя ААН павінна быць дакладна сфармуляваная: ціск трэба аказваць на Расею, а не на Ўкраіну і на беларускі народ коштам іх бясьпекі і будучыні як незалежных і сувэрэнных краін».
Ціханоўская лічыць, што прапанова ААН — неадназначны падыход да вырашэньня глябальнай праблемы за кошт народаў, якія зазналі напад, і ён «падрывае пасьлядоўнасьць палітыкі і ставіць пад пагрозу адзінства міжнароднай супольнасьці, якая падтрымлівае беларусаў і ўкраінцаў у сумесным пераадоленьні пагроз іх існаваньню».