Вашынгтонскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) апублікаваў штодзённы аналіз узброенага канфлікту ва Украіне.
Галоўнае на 100-ы дзень вайны:
- Расейскія войскі рабілі спробы наступу на Славянск у Данецкай вобласьці на паўднёвы ўсход ад Ізюма і на захад ад Лімана, але амаль не прасунуліся наперад, паколькі асноўныя сілы кінутыя на Севераданецк. Пакуль такое становішча захоўваецца, ім наўрад ці атрымаецца прасунуцца на гэтым кірунку.
- Расея пастараецца авалодаць Севераданецкам і Лісічанскім, каб мець магчымасьць сьцьвярджаць, што «вызваліла» ўсю тэрыторыю Луганскай вобласьці, пасьля чаго пераключыць свае намаганьні на Данецкую. Аднак у Севераданецку расейскае войска нясе цяжкія страты і шанцаў заняць хоць колькі-небудзь істотную тэрыторыю ў Данецкай вобласьці ў яе мала.
- Ва ўзброеных сіл РФ праблемы з правядзеньнем мабілізацыі і маральных духам байцоў. Як паведаміў украінскі Генштаб, 1-й вайсковы корпус так званай «ДНР» пад камандаваньнем 8-й агульнавайсковай арміі Расеі праводзіць прымусовую мабілізацыю ў акупаваных раёнах Данецкай вобласьці. Экспэрты лічаць, што расейская прымусовая мабілізацыя наўрад ці створыць значную баявую моц, але пры гэтым пагоршыць нізкі маральны дух і дрэнную дысцыпліну ў расейскіх і проксі-падразьдзяленьнях.
- Расейскім акупацыйным уладам складаней трымаць парадак у захопленых тэрыторыях Украіны. Украінскі цэнтар супраціву паведаміў, што расейскія акупацыйныя адміністрацыі «створаныя толькі на паперы» і няздольныя кантраляваць мясцовае насельніцтва, прымушаць да выкарыстаньня расейскага рубля ці праводзіць бюракратычныя працэсы. Таксама ў цэнтры адзначылі, што ўкраінскія грамадзяне вітаюць працу ўкраінскіх партызанаў.