Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: ЗША, Эўразьвяз і Вялікая Брытанія абмяркоўваюць плян спыненьня вайны ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны расейскі верталёт, які дасталі з Кіеўскага вадасховішча. 3 чэрвеня 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны расейскі верталёт, які дасталі з Кіеўскага вадасховішча. 3 чэрвеня 2022 году

Прадстаўнікі ЗША, Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі ў апошнія тыдні рэгулярна праводзяць сустрэчы, на якіх абмяркоўваюць магчымыя шляхі спыненьня вайны ва Ўкраіне, паведамляе CNN са спасылкай на некалькі крыніц.

Прадстаўнікі Ўкраіны не прымаюць прамога ўдзелу ў гэтых абмеркаваньнях, што, як адзначае CNN, супярэчыць заявам уладаў ЗША — «нічога пра Ўкраіну без Украіны».

Сярод іншага ўдзельнікі абмеркавалі плян па вырашэньні канфлікту, прапанаваны ўладамі Італіі ў канцы траўня, які прадугледжвае шырокую аўтаномію Крыму і Данбасу. Дзьве крыніцы CNN заявілі, што ЗША не падтрымліваюць плян Італіі.

Гаворка ідзе найперш пра тое, каб вызначыць прыкладныя парамэтры пляну мірнага ўрэгуляваньня, які можна было б прапанаваць Украіне для далейшага абмеркаваньня, піша CNN. Пры гэтым, як падкрэсьліваецца, ЗША ня ціснуць на Ўкраіну, настойваючы на пэўным пляне і не падштурхоўваюць яе да перамоваў з Расеяй.

Крыніцы тэлеканалу выказваюць сумневы, што Ўкраіна пагодзіцца на якіх-кольвек дамоўленасьці, якія прадугледжваюць тэрытарыяльныя саступкі.

Пакуль не зразумела, ці прывядзе абмеркаваньне, якое вядуць ЗША і іх саюзьнікі, да перамоваў. Як зазначае CNN, улады ЗША пакуль ня бачаць рэальных пэрспэктыў вырашэньня канфлікту дыпляматычным шляхам. Украіна і Расея таксама праяўляюць мала цікавасьці да перамоваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG