На могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы ў нямецкім горадзе Вісбадэне ўпарадкавалі магілу і аднавілі крыж беларускага навукоўца Барыса Кіта, які памёр у 2018 годзе.
«У Вісбадэне была бура, на праваслаўных могілках дрэва ўпала на магілу Барыса Кіта і на суседнюю, паламала два крыжы, у тым ліку ягоны драўляны і суседні, каменны. Дрэва сьпілавалі, а крыж Кіта мы адрамантавалі і паставілі на месца», — расказаў Свабодзе мясцовы жыхар, які дапамог упарадкаваць магілу Барыса Кіта і ягонай жонкі Тамары Казевіч.
Магілы Барыса Кіта і Тамары Казевіч раней упарадкавалі за кошт дачкі Тамары Казевіч Ірэны і ўнука Аляксандра. Яны ж паставілі каменны помнік Тамары. А на магілу Барысу Кіту ягоныя землякі з Горадзеншчыны зрабілі мэталічны крыж, які па форме нагадвае крыж сьвятой Эўфрасіньні.
Такі ж крыж стаіць на магіле маці Барыса Кіта ў Карэлічах. Гэты крыж даставілі зь Беларусі ў Беласток, адтуль прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы зьбіраюцца прывезьці яго ў Вісбадэн.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу гэта зацягнулася, але актывісты зьбіраюцца даставіць і ўсталяваць новы крыж цягам 2022 году.
Барыс Уладзімеравіч Кіт (06.04.1910–01.02.2018) быў беларускім настаўнікам і асьветнікам у міжваеннай Польшчы, а таксама падчас савецкай і нямецкай акупацыяў Заходняй Беларусі, рэалізаваў сябе як амэрыканскі навуковец і прафэсар, зрабіў свой унёсак у касьмічную праграму ЗША, стаў актыўным сябрам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Ён быў шчырым патрыётам Беларусі і Злучаных Штатаў, марыў пра дэмакратычную і эканамічна расквітнелую Бацькаўшчыну.
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і абʼяднаньняў.