Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя Ўкраіны правярае 50 зваротаў аб сэксуальных злачынствах расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку ад непаўналетніх і старых


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Марыюпалі
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія вайскоўцы ў Марыюпалі

У Нацыянальную паліцыю Ўкраіны зьвярнуліся больш за 50 пацярпелых ад сэксуальных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў у часе акупацыі населеных пунктаў сямі абласьцей Украіны.

«Згвалтаваньне стала ўжо звычайнай тактыкай расейцаў. Нашы міжнародныя партнэры адзначаюць, што сьвет ужо неаднойчы бачыў гэтую тактыку і ў Чачэніі, і ў Сырыі. І сёньня ўсе падразьдзяленьні паліцыі і праваахоўных органаў сканцэнтраваныя на тым, каб задакумэнтаваць усе гэтыя страшныя факты і злачынствы, якія расейскі акупант чыніў цягам 100 дзён вайны», — заявіла намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны Кацярына Паўлічэнка 3 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яе, дакумэнтаваць сэксуальныя злачынствы вельмі цяжка, бо мала хто з грамадзян, якія перажылі сэксуальны гвалт, псыхалягічна гатовы ўспамінаць свае сытуацыі і паўторна перажываць страх і боль пры дачы паказаньняў.

«Складанасьць дакумэнтаваньня яшчэ і ў недастатковай колькасьці доказаў, а часам нават у іх адсутнасьці, бо расейскія акупанты хавалі сьляды гэтых злачынстваў і спальвалі целы пацярпелых», — патлумачыла яна.

«Сэксуальныя злачынствы больш не разглядаюцца як немінучы пабочны вынік вайны. Сёньня сьвет разумее, што гэта ваеннае злачынства і за яго патрэбна караць згодна з міжнародным правам. Такія злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці», — падкрэсьліла намесьніца міністра ўнутраных спраў Украіны.

Кацярына Паўлічэнка паведаміла, што ўжо зарэгістравалі дзясяткі крымінальных спраў.

«Толькі ў падразьдзяленьні Нацыянальнай паліцыі паступіла каля паўсотні зваротаў аб сэксуальных злачынствах расейскіх акупантаў. У прыватнасьці, гэта такія рэгіёны, як Данеччына, Запарожжа, Кіеўшчына, Луганшчына, Харкаўшчына, Херсоншчына і Чарнігаўшчына. То бок гэта тыя вобласьці, дзе найбольш вяліся актыўныя баявыя дзеяньні. Зьвесткі пра 16 такіх фактаў ужо расьсьледуюцца, інфармацыя пра іншыя факты яшчэ правяраецца і вызначаюцца падазраваныя, пацярпелыя, зьбіраюцца адпаведныя доказы», — паведаміла яна.

Гвалтуюць непаўналетніх і старых жанчын

Паводле яе, ужо ёсьць пацьверджаная інфармацыя аб згвалтаваньні непаўналетніх дзяўчат і старых жанчын. Сьледчыя ўжо паведамілі аб падазрэньні тром расейскім вайскоўцам.

Пра тое, што расейскія вайскоўцы гвалтуюць жанчын на акупаваных украінскіх тэрыторыях, сусьветныя СМІ ўпершыню паведамілі 4 сакавіка са спасылкай на міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебу. Пазьней генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава паведаміла пра першае завочнае падазрэньне ў парушэньні законаў і звычаяў вайны расейскаму вайскоўцу, які згвалціў украінку перад забойствам яе мужа ў Кіеўскай вобласьці.

8 красавіка кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандар Вілкул паведаміў у Telegram пра «згвалтаваньне 16-гадовай цяжарнай і 78-гадовай старой у адной зь вёсак на Інгулецкім кірунку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG