Сьпявак, паэт, кампазытар, вядоўца, лідэр гурту «Машина времени» Андрэй Макарэвіч расказвае пра свае беларускія карані, як ён вучыўся сьпяваць па-беларуску, згадвае ліст, які напісаў Лукашэнку, параўноўвае беларускі і расейскі АМАП і разважае, чым беларусы розьняцца ад расейцаў.
Сьцісла
- Беларусы дэманструюць калясальную вытрымку, калясальнае пачуцьцё ўласнай годнасьці.
- Калі Лукашэнка пасадзіў дырэктара Браслаўскага запаведніку з той прычыны, што да таго на рыбу нібыта прыяжджаў апазыцыянэр, рэктар унівэрсытэту, я напісаў ліст Лукашэнку ў яго абарону. Ён мне не адказаў нават.
- «Крысятничество» — гэта крадзеж у сваіх. Я Пуціну асабіста песьню «Крысы» не адрасаваў. Ёсьць вялікая колькасьць людзей, якім можна яе адрасаваць, і ня толькі ў Расеі.
- Калі я запісваў песьню «Сьнег», побач са мной стаяла выкладчыца беларускай мовы і вельмі далікатна мяне выпраўляла. Атрымалася ня зь першага дублю.
- У Беларусі, хоць гэта і не маленькая краіна, ёсьць адчуваньне супольнасьці — вось мы беларусы і вось нашы межы. Можа, дзякуючы гэтаму ўдаецца трымацца.
«Гэта фантастыка, што ўдаецца ўтрымаць мірны градус пры такой колькасьці ўдзельнікаў»
— Дзякуй, што адразу ж пагадзіліся пагаварыць пра сытуацыю ў Беларусі. Чаму для вам важна тое, што цяпер у Беларусі адбываецца?
— Я вельмі спачуваю таму, што ў Беларусі адбываецца. Гляджу на беларусаў з захапленьнем. Беларусы дэманструюць калясальную вытрымку, калясальнае пачуцьцё ўласнай годнасьці, чаго нам не заўсёды хапае, на жаль. Я вельмі жадаю ім найхутчэйшага вырашэньня гэтай завіслай сытуацыі. Я вельмі спадзяюся, што так і адбудзецца. Проста надзвычайна, як у сытуацыі, калі карціна магла ў кожны момант стаць некіраванай, бо вельмі шмат людзей удзельнічае, магчымыя былі ўсякія правакацыі, якія адразу ж Лукашэнку разьвязалі б рукі і пайшлі б танкі на людзей... Гэтага, дзякуй Богу, не адбылося, і дай Божа, каб гэтага і не адбылося. Тое, што ўдаецца ўтрымаць гэты мірны градус пры такой колькасьці ўдзельнікаў, — гэта фантастыка.
— Андрэй, а ці вы ведаеце, што вашай песьняй пра АМАП, якую вы напісалі пасьля таго, як расейскія амапаўцы білі пратэстоўцаў пасьля выбараў у маскоўскую гарадзкую думу, цяпер дзеляцца беларусы ў сацыяльных сетках і пішуць, што Макарэвіч напісаў песьню пра беларускі АМАП?
— На жаль, сьвет ходзіць кругамі. Нейкія сытуацыі паўтараюцца з дакладнасьцю адзін у адзін.
«Наконт таго, што беларусы ня могуць зьверстваваць. На жаль, могуць»
— У Беларусі часам гучыць кансьпіралёгія, што людзі ў чорным на беларускіх вуліцах — гэта не беларусы, іх прыслалі з Расеі, як быццам бы ў іх не беларускае вымаўленьне. Доказаў гэтаму няма, але людзям проста хочацца верыць, што гэта не беларусы зьверствуюць. Як вы думаеце, можа, у людзей у чорным няма нацыянальнасьці? І гэта пытаньне — як вы сьпяваеце да камбата, да «баці», які загад аддае?
— У кожнага чалавека нацыянальнасьць ёсьць, на жаль. І гэтыя размовы пра тое, што ў тэрарыстаў няма нацыянальнасьці... Ёсьць нацыянальнасьць у тэрарыстаў. Наконт таго, што беларусы ня могуць зьверстваваць, — на жаль, могуць. І расейцы могуць забіваць расейцаў. І ў нядаўняй гісторыі мы ўсё гэта назіралі. Сьвет не такі ідэальны, як нам хочацца бачыць, што тут зробіш.
— Нядаўна вы ўдзельнічалі ў знакавым праекце, чыталі ўрыўкі з раману беларускага і расейскага пісьменьніка Сашы Філіпенкі «Былы сын». Саша ўчора атрымаў расейскую прэстыжную літаратурную прэмію «Ясная паляна». Вы — адзін з падпісантаў адкрытага ліста расейскіх музыкаў супраць гвалту ў Беларусі. Я ведаю, што вы ня вельмі любіце вузкапалітычныя размовы. Тым ня менш ваш голас вельмі важны для беларусаў, якія многія вашыя песьні ведаюць на памяць. Як вы думаеце, гучны голас папулярных людзей у Расеі, у іншых краінах можа паўплываць на Лукашэнку, на яго асяроддзе? Ці прыслухаюцца яны?
— Я прыхільнік тэорыі эфэкту матылька. Усякае, нават мінімальнае ўмяшаньне ў рэальнасьць гэтую рэальнасьць мяняе. Таму калі можаш штосьці рабіць, зрабі, хай гэта будзе няшмат, як табе здаецца, але калі ты не адзін, то гэта ўсё працуе.
— У вас шмат знаёмых і сяброў у Беларусі. Ведаю, што да сябра Ўладзімера Цэсьлера на дні народзінаў прыяжджалі...
— Шмат разоў прыяжджаў. У нас было шмат мастацкіх праектаў. Ён многа зрабіў для «Машины времени» — і плякатаў, і альбомы афармляў.
— Цэсьлер вымушаны быў у Кіеў зьехаць, бо ён — сябра Каардынацыйнай рады. Ці хто-небудзь з вашых сяброў трапіў у турму, быў пабіты, вымушаны зьехаць, быў звольнены або звольніўся?
— Сярод маіх блізкіх знаёмых, на шчасьце, не. У мяне ёсьць у Беларусі сябры, якія прынцыпова сябе адсоўваюць ад палітыкі. Гэта ня значыць, што яны прыхільнікі Лукашэнкі, ён ім гэтак жа не падабаўся, як і ўсім астатнім. Яны проста займаюцца сваёй справай. Гэта не ідэалягічная, не палітычная справа, гэта праца, бізнэс, які яны прыдумалі. Яны імкнуцца проста максымальна не залежаць ад дзяржавы і ад таго, што ў ёй адбываецца. Я магу іх зразумець, урэшце.
— Вялікая частка людзей, якія цяпер выйшлі на мірны пратэст, шмат гадоў былі таксама па-за палітыкай.
— Гэта асабісты выбар кожнага.
«Я напісаў ліст Лукашэнку. Ён мне не адказаў нават»
— Лукашэнка шмат раздаваў ордэнаў і ўзнагародаў расейскім поп-музыкам, некаторыя зь іх запісвалі песьні ў яго падтрымку. А ці ў вас зь ім былі сустрэчы калі-небудзь, можа, віншаваў ён вас калі-небудзь зь юбілеем, можа, ўзнагароджваў?
— Не сустракаўся. Ён пасадзіў дырэктара Браслаўскага запаведніку з той прычыны, што да таго на рыбу нібыта прыяжджаў апазыцыянэр, рэктар унівэрсытэту. Гэтага было дастаткова, каб пасадзіць дырэктара на некалькі гадоў. А дзядзька цудоўны, я зь ім быў знаёмы. Я напісаў ліст Лукашэнку. Ён мне не адказаў нават. Я ліст аднёс наўпрост у прымальню, перадаў. Адказу не было.
— Якія па-вашаму, аптымальныя адносіны творцы і ўлады?
— Пачнём з таго, што ўлада не павінна быць аўтарытарнай. Улада — гэта арганізацыя для аказаньня паслуг насельніцтву. Гэта людзі, якіх насельніцтва выбрала, каб яны сваёй працай паляпшалі жыцьцё гэтага насельніцтва. Так да ўлады трэба ставіцца. Ня трэба цалаваць сьляды іх ног, абагаўляць. Мне здаецца ідэальнай сытуацыя ў краіне, калі ты не адразу ўспомніш, хто ў цябе там прэм’ер-міністар — бо ён добра працуе, і таму пра яго ніхто ня згадвае. Так у Эўропе адбываецца, адбывалася прынамсі, доўгія гады.
«Мой стрыечны дзед з Заходняй Беларусі. У 1937 годзе быў арыштаваны і расстраляны ў Маскве»
— Андрэй, у свой час вы асудзілі будаўніцтва рэстарану каля Курапатаў, месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Цяпер многія беларусы рыхтуюцца правесьці ў Курапатах мэмарыяльную акцыю «Ноч расстраляных паэтаў» памяці расстраляных у ноч на 30 кастрычніка 1937 году ў Курапатах. Цяпер часта гучыць думка, што карані Акрэсьціна, страшнага ізалятару ў Менску, дзе катавалі людзей у жніўні 2020-га, ляжаць у Курапатах. Як вы лічыце, ці можна, па-сапраўднаму не асудзіўшы сталінізм, камунізм, бальшавізм, разьвітацца з Лукашэнкам, з гэтай аўтарытарнай уладай?
— Я лічу, што з таго моманту, як людзі забываюць, што зь імі было ўчора, з гэтага моманту гісторыя пачынае паўтарацца. Мы ня маем права забываць усё жахлівае, што адбывалася з нашымі народамі, забываць, дзякуючы чаму гэта адбывалася. Гэта вельмі важна. Гэтым займаецца «Мэмарыял», гэтым у Беларусі займаюцца людзі. І там, і там працаваць вельмі няпроста, бо камусьці гэта не падабаецца.
— Ці былі ў вашай сямʼі пацярпелыя ад сталінскіх рэпрэсіяў? У тым ліку па беларускай лініі?
— Мой стрыечны дзед. Ён быў беларусам, жыў Маскве. Ён з Заходняй Беларусі. У 1937 годзе быў арыштаваны і расстраляны праз шэсьць месяцаў пасьля арышту ў Маскве. Рэабілітаваны ў 1960-я гады.
— Калі пачаўся расейска-ўкраінскі ваенны канфлікт, была вельмі папулярная ваша песьня «Пацукі», тады яе многія ўспрынялі як зварот да Пуціна. Аляксандар Лукашэнка, калі з аўтаматам і сынам Мікалаем пралятаў над Менскам у верталёце, называў пацукамі мірных пратэстоўцаў. У адказ дэманстранты робяць крэатыўныя плякаты, дзе вельмі па-рознаму абыгрываюць слова «пацукі». Як вам здаецца, ці нейкія вашыя песьні сугучныя беларускай мірнай рэвалюцыі?
— Што да маёй песьні — вядома, што кожны чуе тое, што ён там хоча пачуць, а ня тое, што туды закладвалася. «Крысятничество» на пэўнай мове — гэта ўласна крадзеж у сваіх. Вось пра што гэтая песьня. Я Пуціну асабіста яе не адрасаваў. Ёсьць вялікая колькасьць людзей, якім можна гэтую песьню адрасаваць. І ня толькі ў Расеі.
Што да маіх песьняў для беларускага мірнага пратэсту, то я ня ведаю. Я не пішу спэцыяльна песьні, як кажуць, раніцай у газэце, увечары ў куплеце. Як Еўтушэнка, ня ўмею. А можа, і ня трэба. Я напісаў песьню «Прачынаецца вецер», і яе адразу прыстасавалі сюды і туды. Гэта — пра ўсё насамрэч. Выбірайце кожны сабе, што захочаце бачыць.
— «Не будем прогибаться под изменчивый мир». У Беларусі амаль тры месяцы не прагінаюцца. «Когда-нибудь он прогнется под нас»...
— Я спадзяюся.
«Я нечакана зразумеў, што слушнае беларускае вымаўленьне — даволі складаная рэч»
— Мне здаецца, вы вельмі добра адчуваеце мэлёдыку беларускай мовы. Хто вам дапамагаў з пастаноўкай вымаўленьня, калі вы сьпявалі вашу песьню «Сьнег» у перакладзе на беларускую Юрыя Несьцярэнкі?
— Мне дапамагалі. Я нечакана зразумеў, што слушнае беларускае вымаўленьне — даволі складаная рэч. Адзін час я цікавіўся ўкраінскім вымаўленьнем. Па-першае, зусім мала агульнага. Па-другое, у некаторых нюансах больш складана. Калі я запісваў песьню, побач са мной стаяла выкладчыца беларускай мовы і вельмі далікатна мяне выпраўляла. Атрымалася ня зь першага дублю. Адразу прыгожа не загаворыш. Тое, што атрымалася, — вынік працы.
«Гэта салідарнасьць, якую мы назіраем ужо 100 дзён. З гэтым пытаньнем нашмат больш складана ў Расеі»
— У інтэрвію беларускім СМІ вы казалі, што вас можна лічыць беларусам па бацькоўскай лініі. Вашыя карані на Берасьцейшчыне, наколькі я ведаю. Як беларус, скажыце, а чым Беларусь і беларусы адрозьніваюцца ад Расеі і расейцаў?
— Мае карані — вёска Паўлавічы, Пружаншчына... Чым адрозьніваюцца расейцы і беларусы? Гэта салідарнасьць, якую мы назіраем ужо 100 дзён. З гэтым пытаньнем нашмат больш складана ў такой велізарнай краіне, як Расея, паколькі яна вельмі разнародная, маса народнасьцяў, маса людзей, якія прыехалі. Усё гэта даўно перамяшалася. І хто сапраўдны масквіч, каго лічыць карэнным жыхаром Расеі, у якім калене? У Беларусі, хоць гэта і не маленькая краіна, усё роўна ёсьць адчуваньне супольнасьці — вось мы беларусы і вось нашы межы. Можа, дзякуючы гэтаму ўдаецца трымацца.
Трэба толькі замацаваць гэтую гісторыю і дамагчыся свайго, бо ёсьць вялікая небясьпека, што «бацька» наабяцае, народ крыху супакоіцца і ўсё заціхне, як у Маскве адбылося ў свой час.
— Як вы мяркуеце, ці ёсьць цяпер небясьпека з боку Расеі для беларускай незалежнасьці? Бо ўсе заходнія сувязі практычна разарваныя Аляксандрам Лукашэнкам...
— Я вельмі спадзяюся, што няма (пагрозы незалежнасьці Беларусі. — РС). Вельмі спадзяюся, хачу верыць. Прынамсі, па сёньняшні дзень Расея, на мой погляд, паводзіць сябе абсалютна слушна ў гэтай гісторыі. Ня ўмешваецца. Можа, выказваецца пэўная думка, але няма нейкай вайсковай дапамогі. Спадзяюся, што так і будзе.
— Мы размаўляем у суботу. У нядзелю адбудзецца чарговы мірны марш, на які выйдуць людзі, ведаючы пра магчымая арышты, рэпрэсіі, ня цёплае надворʼе. Што б вы гэтым людзям сказалі?
— Магу сказаць толькі, што я на іхным баку. А далей — яны дарослыя людзі, зрабілі свой выбар кожны сам па сабе.