Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі рэжысэр Сяргей Лазьніца ў Канах выступіў супраць «байкоту расейскамоўнай культуры». Ва Ўкраіне запярэчылі


Рэжысэр Сяргей Лазьніца
Рэжысэр Сяргей Лазьніца

21 траўня ўкраінскі рэжысэр Сяргей Лазьніца ў сваёй прамове на Канскім кінафэстывалі асудзіў байкот расейскай і расейскамоўнай культуры.

Поўны тэкст ягонага выступу цытуе расейская служба Радыё Свабода.

Атрымліваючы ўзнагароду за ўклад у кінэматограф, Лазьніца сказаў, што «сёньня ўсе мы аказаліся на лініі фронту»:

«З аднаго боку — тыя, хто патрабуе забараніць расейскае кіно, і ўвогуле цалкам „адмяніць“ расейскую культуру. Зь іншага боку, ёсьць тыя, хто супраць татальнага байкоту культуры».

«Патрабаваньне байкоту расейскамоўнай культуры, якая зьяўляецца таксама і дасягненьнем, і багацьцем Украіны, архаічнае і дэструктыўнае па сваёй прыродзе, — заявіў Лазьніца на канскім фэстывалі. — Больш за тое, яно ў корані супярэчыць эўрапейскім прынцыпам культурнага плюралізму і свабоды выказваньня. Замест таго, каб паставіць расейскую мову, родную мову для 30 адсоткаў грамадзян краіны, на службу Ўкраіне, кажучы на ёй праўду аб страшнай вайне, „культурныя актывісты“ зьнемагаюць ад бессэнсоўнай, сызыфавай працы — зьнішчыць тое, што незьнішчальнае».

Шэраг камэнтатараў ва ўкраінскім сэгмэнце сацыяльных сетак запярэчылі Лазьніцы, паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода.

У прыватнасьці, «байкот расейскай культуры» падтрымала прадстаўніца прэзыдэнта Ўкраіны ў Крыме Таміла Ташава. «Трэба забараніць усё расейскае ня толькі ў нашай краіне, але і ў сьвеце», — сказала яна.

Аглядальнік каналу «Эспрэсо» Лена Чычэніна выказала меркаваньне, што рэжысэр маніпулюе, назваўшы расейскае мастацтва «расейскамоўным».

  • У 2019 годзе Сяргей Лазьніца атрымаў украінскую Дзяржаўную прэмію імя Аляксандра Даўжэнкі за фільм «Данбас», які распавядае пра вайну на ўсходзе Украіны.
  • У творчым даробку ўраджэнца Беларусі Сяргея Лазьніцы ёсьць экранізацыя аповесьці Васіля Быкава «Ў тумане», за якую рэжысэр атрымаў спэцыяльны прыз Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы на Канскім фэстывалі ў 2013 годзе.
  • З пачаткам поўнамаштабнага вайсковага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну актывізаваўся працэс дэрусіфікацыі і дэкамунізацыі краіны. Актыўна зносяцца помнікі расейскім палітыкам і дзеячам культуры, мяняюцца тапонімы, зьвязаныя з Расеяй, частка расейскамоўных украінцаў пераходзіць на ўкраінскую мову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG