Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль і колькасьць працоўных месцаў скарачаецца. Як эканоміка Ўкраіны адрэагавала на вайну з Расеяй


Амаль пусты супэрпаркет у Запароскай вобласьці, сакавік 2022
Амаль пусты супэрпаркет у Запароскай вобласьці, сакавік 2022

За тры месяцы вайны страты ўкраінскай эканомікай вызначаюцца трыльёнам даляраў – аб’ём прамых стратаў склаў 650 мільярдаў даляраў, і яшчэ 350 мільярдаў – непрамыя, выкліканыя скарачэньнем інвэставаньня і закрыцьцём прадпрыемстваў.

Свабода паспрабавала разабрацца, што стаіць за гэтымі лічбамі.

Гандаль паступова скарачаецца

Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны абнародавала папярэднюю статыстку замежнага гандлю краіны за першыя тры месяцы году, у адным зь якіх ужо ішла вайна.

Пакуль скарачэньне гандлю неістотнае, але гэта абумоўлена найперш тым, што аб’ём студзеня-лютага перавышае сакавік, таму выніковыя лічбы ўсё яшчэ захоўваюць інэрцыю. Украінскія пастаўкі прадукцыі на сусьветныя рынкі павялічыліся на 2,9%, да 14,1 мільярда даляраў, а на ўнутраны рынак скараціліся на 5,6%, да 14,1 мільярда даляраў у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2021 году.

Скараціліся пастаўкі ва Ўкраіну практычна па ўсіх відах прадукцыі – расьліннага і жывёльнага паходжаньня і гатовых харчовых прадуктаў. Унутраны рынак адрэагаваў на гэта істотным павелічэньнем цэнаў.

Прадукты ў наяўнасьці

У крамах ёсьць усе прадукты, якія ўваходзяць у спажыўны кошык – хлеб, гародніна, мука, макарона і крупы. Што праўда, цана на іх у некаторых групах павялічылася ўдвая.

Напрыклад:

  • памідораў – з 52 грыўняў (1,9 даляра) у сьнежні 2021 году да 120 грыўняў (3,3 даляра) у траўні 2022-га,
  • рысу – з 28 грыўняў (1,03 даляра) да 40 грыўняў (1,1 даляра).
  • Павялічылася цана на хлеб, мяса і малочную прадукцыю.

Вакансій менш, чым ахвотных знайсьці працу

Украінская кампанія Оpendatabot, якая аналізуе ўсе дзяржаўныя базы дадзеных, праналізавала рынак працы.

Паводле яе, на спэцыялізаваных інтэрнэт-рэсурсах утрая з пачатку вайны павялічылася колькасьць аб’яў аб пошуку супрацоўнікаў.

На сайце сэрвісу пошуку працы ў ІТ-сфэры разьмешчана 47 284 рэзюмэ і 15 339 вакансій, на сайце сэрвісу пошуку працы за мяжой – 32 720 аб’яў аб пошуку супрацоўнікаў, на «OLX Робота» разьмешчана 99 541 рэзюмэ і 32 855 працоўных вакансій.

Паводле Оpendatabot, колькасьць новых бізнэсаў стабільна павялічваецца: з пачатку вайны зарэгістраваны 28 442 індывідуальныя прадпрымальнікі і 4 584 новыя кампаніі.

Ва Ўкраіне працуе толькі 68% устаноў харчаваньня, а колькасьць заказаў таксі аднавілася толькі да 37% у параўнаньні з даваенным часам.

Колькасьць продажаў тавараў на онлайн-пляцоўках складае 85% ад даваенных паказчыкаў. У першыя дні вайны інтэрнэт-продажы скараціліся да 7%.

Колькі грамадзян Украіны выехалі за мяжу

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, ад пачатку расейскага ўварваньня мяжу з краінамі Эўразьвязу і Малдовы перасеклі больш як 7,4 мільёна грамадзян, у тым ліку звыш 4,8 мільёна на выезд і больш як 2,2 мільёна на ўезд.

Памежнікі сьцьвярджаюць, што пасьля 9 траўня ўсё больш украінцаў вяртаюцца дадому, а паток на ўезд істотна перавышае выезд.

Паводле ААН, колькасьць уцекачоў з Украіны з 24 лютага склала 6 659 220 грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG