Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз баі на Данбасе спыніў працу найбуйнейшы ў Эўропе вытворца кухоннай солі «Артемсіль»


Завод «Aртемсіль» у горадзе Саледар Данецкай вобласьці. Архіўнае фота
Завод «Aртемсіль» у горадзе Саледар Данецкай вобласьці. Архіўнае фота

Цяпер ва Ўкраіне і некаторых эўрапейскіх краінах пачаўся дэфіцыт солі, тавар гэты істотна падаражэў.

Найбуйнейшае ў Эўропе ўкраінскае прадпрыемства па здабычы каменнай солі «Артемсіль» спыніла сваю дзейнасьць яшчэ ў красавіку. У найбольшых аб’ёмах яго прадукцыю куплялі Беларусь, Вугоршчына, Польшча, Грузія, Малдова, Азэрбайджан і Румынія.

Адразу пасьля гэтага соль зьнікла нават з паліц украінскіх крамаў, а калі зьявілася, то яе цана павялічылася да 1,48-2,56 эўра (у эквіваленце. — РС) з 0,21 эўра за кіляграм у даваенны час.

Цяпер ва Ўкраіне застаўся толькі адзін вытворца солі. Ці здольны ён забясьпечыць патрэбы ўнутранага і замежнага рынку?

Артемсіль
Артемсіль

Чаму спынілася «Артемсіль»

Прадпрыемства знаходзіцца ў горадзе Салядар у Данецкай вобласьці, якраз на лініі актыўных баявых дзеяньняў — за 14 кілямэтраў ад Бахмута, за 49 кілямэтраў ад Севераданецку і за 41 — ад Лісічанску.

Пры першых жа абстрэлах часткова былі зруйнаваныя адміністрацыйныя памяшканьні, склад. Было таксама адно трапляньне проста ў руднік. Вытворчы працэс стаў немагчымым, і на загад кіраўніцтва прадпрыемства спынілі. Ад таго моманту сканцэнтравалі сваю працу на вывазе ўжо гатовай прадукцыі.

«Усё, што мы маглі вывезьці, мы вывезьлі ў гандлёвыя сеткі», — паведаміў выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара заводу Віктар Юрын у інтэрвію выданьню «Вільне радіо».

Паводле яго, вузлавую станцыю «Соль», куды падцягвалі вагоны са сваіх пад’язных шляхоў, рэгулярна абстрэльваюць, а «Артемсіль» у асноўным арыентуецца на адгрузку прадукцыі менавіта чыгункай. «Аўтатранспартам мы можам вывозіць толькі нязначную яе частку. Таму нават у нармальных абставінах нам патрэбна куды-небудзь адгружаць здабытую соль. А калі чыгунка не працуе, мы таксама фактычна ня можам (працаваць)», — патлумачыў кіраўнік прадпрыемства.

Большасьць супрацоўнікаў прадпрыемства з агульнай колькасьці ў 3 тысячы чалавек эвакуаваліся, а абсталяваньне пасьпелі закансэрваваць.

У саляной шахце «Артемсіль»
У саляной шахце «Артемсіль»

На мірнай тэрыторыі павялічылі здабычу солі

У Львоўскай вобласьці ёсьць яшчэ адно прадпрыемства па вытворчасьці солі — Драгобіцкая саляварня. Пасьля спыненьня «Артемсілі» яна засталася адзіным вытворцам і вымушаная была павялічыць здабычу з 30 да 55 тысяч тон у месяц.

Але і гэтага аб’ёму, як прызнаецца кіраўнік саляварні Ігар Нашчочыч, недастаткова, каб «пакрыць» магутнасьці «Арцёмсолі».

«Мы ўжо нашы магутнасьці павялічылі да максымуму. Кругласутачна ў нас працуюць людзі, зараз дадаткова ўзялі (на працу) да 40 супрацоўнікаў. І яны дзень і ноч вараць соль», — паведаміў Ігар Нашчочыч у інтэрвію ўкраінскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».

З салявых экспартэраў у салявыя імпартэры

Праз вайну Ўкраіна з найбуйнейшага экспартэра харчовай і прамысловай солі ператвараецца ў імпартэра. Ва ўкраінскіх крамах ужо зьявілася соль з Турэччыны і Румыніі.

Кіраўніцтва і працоўныя «Артемсолі» вераць, што змогуць вярнуцца на сваё прадпрыемства і аднавіць ягоную дзейнасьць. Выканаўца абавязкаў дырэктара Віктар Юрын кажа, што пластам каменнай солі пад зямлёй нічога не пагражае.

«Пагражае толькі тым аб’ектам, якія знаходзяцца на паверхні. А тое, што пад зямлёй, не зруйнуецца. Калі, вядома, спэцыяльна там нічога не зрабіць. Падтапленьняў у нас няма, гэта ня так, як у вугальных шахтах», — пераконвае кіраўнік «Артемсолі».

Расея і кіраваныя ёю сэпаратысты маюць свае мэты

Прадпрыемства «Артемсіль» спрабавалі захапіць яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея і кіраваныя ёй сэпаратысты акупавалі асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей. Але тады яны гэтай мэты не змаглі дасягнуць.

Цяпер прадстаўнікі так званай «ДНР» заяўляюць, што ў шахтах прадпрыемства знаходзіцца вялікая колькасьць зброі, нібыта зьвезенай украінскай арміяй.

У інтэрвію расейскаму выданьню «МК», адзін з баевікоў паведаміў, што «ў шахтах «Артемсолі» ўкраінская армія плянуе стварыць умацаваны раён, як на марыюпальскім заводзе «Азовсталь».

Кіраваныя Расеяй сэпаратысты лічаць, што ўкраінскія вайскоўцы толькі там змогуць абараняцца, пасьля таго, як расейская армія і ўзброеныя фармаваньні так званай «ДНР» «возьмуць іх у аблогу ў раёне Севераданецку — Лісічанску, Аўдзееўкі і Бахмута.

Імавернасьць трох такіх «катлоў» 24 траўня прагназаваў і амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны.

Што вядома пра «Артемсіль»

Прадпрыемства пачало сваю гісторыю з 1881 году.

У часе Другой усясьветнай вайны абсталяваньне эвакуавалі ў Казахстан. Але нямецкія акупацыйныя ўлады змаглі аднавіць працу адной з шахтаў. Яна працавала зь перапынкамі, бо яе тройчы затаплялі. Здабыча солі аднавілася пасьля вызваленьня ад нямецкіх захопнікаў у 1943 годзе.

Вытворчая магутнасьць складае 7 мільёнаў тон солі за год. Запасы радовішча складаюць 13 мільярдаў тон. За 140 гадоў дзейнасьці прадпрыемства здабыло амаль 300 мільёнаў тон солі.

Канкурэнт беларускай «Мазырсолі»

Беларускае прадпрыемства «Мазырсоль» зьяўляецца адным з канкурэнтаў украінскай «Артемсолі».

Апошнія некалькі гадоў на падставе скаргаў украінскіх салявых прадпрыемстваў Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю Ўкраіны абмяжоўвала прысутнасьць беларускай солі на ўкраінскім рынку. Апошні раз у 2019 годзе знайшлі «кампрамісны варыянт», паводле якога «Мазырсоль» абавязалі прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.

У сьнежні 2021 году камісія ўбачыла падставы для перагляду абмежаваньняў, але праз вайну гэты працэс быў спынены да заканчэньня ваеннага становішча. Але цяпер пастаўкі беларускай солі, як і ўвогуле ўвесь гандаль зь Беларусьсю, спынілі.

Летась Украіна прадала Беларусі 23,8 тысячы тон харчовай солі (таварны код 2501009100) на 1,8 мільёна даляраў, а купіла ў Беларусі ўдвая больш — 56,2 тысячы тон на 4,7 мільёна даляраў.

На заводзе «Артемсіль» не змаглі ўдакладніць сваю частку з гэтага аб’ёму паставак у Беларусь.

«Ня можам нічога падказаць, бо ніхто цяпер у нас не працуе», — паведамілі Свабодзе на прадпрыемстве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG