Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літву прыбыў першы цягнік са збожжам з Украіны. Ён ішоў не празь Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачаткам вайны Расея ня толькі захапіла частку партовых гарадоў на ўкраінскім узьбярэжжы Чорнага мора, але і пачала блякаваць украінскі гандаль збожжам. У выніку нядаўна Ўкраіна распрацавала новую лягістыку паставак збожжа на сусьветны рынак.

Так, сёньня ў Літву прыбыў першы цягнік са збожжам з Украіны. Перавозку арганізавалі польская Lotos Kolej і LTG Cargo, паведамляе delfi.lt.

Цягнік прайшоў праз тэрыторыю Польшчы, абмінаючы Беларусь. На станцыі Шэштакай яго перавядуць на каляіну 1 520 мм. Далей груз адправіцца ў порт Клайпеды для пагрузкі на гандлёвыя судны.

У плянах, як паведамляе выданьне, адпраўка з Украіны яшчэ двух цягнікоў зь сельгаспрадукцыяй. Нядаўна Ўкраіна распрацавала лягістыку паставак збожжа на сусьветны рынак праз эўрапейскія марскія парты.

«Цяпер ужо ёсьць шмат напрацовак, як пашырыць магчымасьці і на заходніх межах, калі мы гаворым пра чыгуначныя перавозкі і пра аўтамабільныя — мы таксама пабачылі магчымасьці і спрашчэньні, якія чакаюцца па польска-ўкраінскай і ўкраінска-румынскай межах. І гэта мусіць нам даць пэрспэктыву выйсьці на тры мільёны тон», — сказаў генэральны дырэктар асацыяцыі «Український клуб аграрного бізнесу» Раман Сласьцён 23 траўня на брыфінгу ў Львове.

Прадстаўнік аграрнага бізнэсу Ўкраіны нагадаў, што на пачатак поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну плянавалася паставіць на сусьветны рынак больш як як 20 мільёнаў тон украінскага збожжа.

Пры гэтым Раман Сласьцён ўвогуле не згадаў, ці абмяркоўваецца цяпер магчымасьць адкрыцьця аўтамабільных паставак збожжа па тэрыторыі Беларусі ў кірунку Клайпедзкага порту.

Аднак шараг экспэртаў лічыць новую лягістыку складанай. Кіраўнік Інстытуту Чарнаморскіх стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Кліменка лічыць, што альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі ўкраінскага збожжа маюць мноства праблем.

Па-першае, кажа ён, гэта шырыня чыгуначнай каляіны: яны розныя ва Ўкраіне і Эўразьвязе, што запавольвае перасячэньне мяжы. Па-другое, не хапае вагонаў-зерневозаў, як ва Ўкраіне, так і ў Эўропе. І па-трэцяе, у партах Эўропы можа не хапіць магутнасьці для перавалкі ўкраінскага збожжа ў большых, чым цяпер, маштабах.

17 траўня стала вядома, што генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць абмежаваньні на экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і Расеі ў абмен на магчымасьць разблякаваць пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусьветны рынак.

21 траўня стала вядома, што ЗША разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпеду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG