Што да перамен у Беларусі, то, на яго думку, іншых шляхоў, акрамя сілавога, цяпер няма. Ціхан вельмі паважае Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца, а ў працы штабоў Бабарыкі і Цапкалы, а таксама офісу Сьвятланы Ціханоўскай ён расчараваўся.
Пагаварылі з 19-гадовым Ціханам Клюкачом.
Ціхан Клюкач атрымаў паўтара года турмы за тое, што здымаў на відэа, як ягоная сяброўка, 18-гадовая Соня Малашэвіч расьпісвала фарбай з балёнчыка шчыты сілавікоў і агароджу. На судзе Ціхан усю віну ўзяў на сябе — маўляў, ён наносіў фарбу на шчыты, і заявіў, што «кожны прыстойны чалавек так бы зрабіў».
Соф’я Малашэвіч, пачуўшы, што пракурор патрабуе для Ціхана паўтара года зьняволеньня, прамовіла: «Клянуся, Ціхан не заслугоўвае такога пакараньня... Ціхан дзесяць тысяч разоў угаворваў мяне адысьці ад гэтай агароджы. Ён пайшоў пад эмоцыямі — яму дзяўчына спадабалася. 2 месяцы, якія ён адседзеў ужо, дастаткова, каб зразумець, што да агароджаў падыходзіць ня трэба».
У выніку Соф’я Малашэвіч атрымала 2 гады пазбаўленьня волі і дагэтуль знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі. Ціхан Клюкач адбыў пакараньне ў 1,5 года калёніі і 7 сакавіка выйшаў на волю. Цяпер Ціхан у Варшаве, днямі зьбіраецца ехаць ваяваць ва Ўкраіну.
«Самае прыкрае, з чым я не магу зьмірыцца, — што Беларусь стала пляцдармам для расейскіх войскаў»
— Ціхан, вы нядоўга пабылі ў Беларусі пасьля адседкі. Якой убачылі краіну, што зьмянілася, на вашу думку?
— Тое, што я ўбачыў пасьля турмы, — гэта жах, гэта страх, гэта тое, што я не хацеў убачыць і не чакаў убачыць. Калі гаварыць пра зьнешні выгляд гарадоў, пра Берасьце і Менск, то вельмі мала людзей на вуліцах, людзі няяркія, нецікавыя, няўсьмешлівыя — зусім не такія твары, якія я прывык бачыць на беларускіх вуліцах.
Але самае прыкрае, з чым я не магу зьмірыцца, — што Беларусь стала пляцдармам для расейскіх войскаў у іх агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. З аднаго боку, гэта нечакана. А з другога — а чаго яшчэ можна было чакаць ад дыктатара Лукашэнкі? Ён заўжды быў ворагам Беларусі, беларускай незалежнасьці.Таму цалкам лягічна, што тое, што ад гэтай незалежнасьці засталося, ён аддаў Пуціну. Мне падаецца, зараз ужо ўвесь сьвет зразумеў, хто такі Лукашэнка.
— Калі пачалася агрэсія Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, вы яшчэ сядзелі ў магілёўскай турме. Ці даходзілі да вас навіны? Як вы даведаліся пра тое, што адбываецца?
— Я выйшаў на волю 7 сакавіка, два тыдні яшчэ быў у магілёўскай калёніі, калі пачалася вайна ва Ўкраіне. З аднаго боку, я быў шакаваны, але было лягічна чакаць такога выніку, што Лукашэнка будзе дапамагаць Пуціну. Так, навіны збольшага даходзілі. Сёе-тое даведваліся з афіцыйных тэлеканалаў, з афіцыйнай дзяржаўнай прапаганды (БТ-1, БТ-2, АНТ). Штосьці даходзіла ад сваякоў, калі ў нас былі тэлефанаваньні родным. Натуральна, мы не маглі мець поўнага ўяўленьня, што ў нас адбываецца, але нейкая карцінка ў нас была.
«Я буду рабіць усё, каб вярнуцца ў новую Беларусь»
— Ці сустракаліся ў Беларусі вы са сваімі аднаклясьнікамі, сябрамі? Ці зьмяніліся людзі, на вашу думку?
— Гледзячы пра якіх людзей гаворка. Таму што ёсьць шмат людзей у Беларусі, якім усё роўна, што адбываецца. То бок ёсьць вялікая праслойка насельніцтва, пра якую кажуць, што ім патрэбна толькі «чарка і скварка». Гэтыя людзі не зьмяніліся, і каб яны зьмяніліся — я нават ня ведаю, што павінна адбыцца. Але калі мы гаворым пра людзей актыўных, пра людзей непамяркоўных, пра тых, хто неабыякавы — усё сумна. Таму што шмат людзей сядзіць, шмат сядзіць і маіх сяброў, шмат людзей у эміграцыі.
Ну, а тыя, хто не сядзіць і не ў эміграцыі, — гэтыя людзі чакаюць. Яны знаходзяцца ў Беларусі і кажуць: «Мы чакаем. Мы чакаем, калі штосьці пачнецца, зрушыцца». Але, на жаль, няма зараз у Беларусі ніякай магчымасьці для пратэстаў.
— Так, частка сядзіць, частка ў эміграцыі, і невядома, ці вернуцца яны. А хто будзе рабіць тыя зьмены, хто будзе адраджаць тую Беларусь?
— Я не магу сказаць, што вернуцца ўсе, але шмат хто адчувае сваю адказнасьць і сваё дачыненьне да Беларусі. Нават калі яны ня вернуцца, будзе нейкая салідарнасьць і дапамога ў будаўніцтве новай Беларусі ад тых, хто застанецца за мяжой. Гэта па-першае. А па-другое, шмат хто вернецца. Напрыклад, я. Я хачу вярнуцца і буду рабіць усё, каб вярнуцца ў новую Беларусь.
«Мая барацьба пакуль што ня скончаная. Зьбіраюся ва Ўкраіну ў полк Кастуся Каліноўскага»
— Як вы ўладкаваліся ў Польшчы? Разумею, што ў эміграцыі нялёгка.
— Што да ўладкаваньня, мне б хацелася, каб я ўбачыў ад нашых так званых дэмакратычных лідэраў штосьці большае ў адносінах да палітвязьняў, чым тое, з чым я сутыкнуўся зараз. Гэтыя людзі фактычна пакутуюць за стварэньне новай Беларусі, і ім патрэбна большая падтрымка, як фінансавая, так і падтрымка іх сем’яў, дапамога з тым жа выездам зь Беларусі. Таму што людзі выходзяць з калёніі сам-насам са сваімі праблемамі.
Што тычыцца маіх плянаў, то мая барацьба пакуль што ня скончаная. Хутчэй за ўсё, я на гэтым тыдні зьбіраюся ва Ўкраіну ў полк Кастуся Каліноўскага. Падрыхтоўка будзе на месцы.
Вайна, на маю думку, не такая страшная, як турма ці калёнія. Таму што ні ў турме, ні ў калёніі, калі чалавека зьбіваюць ці зь яго зьдзекуюцца, у яго няма магчымасьці адказаць, даць адпор. А там у руках будзе аўтамат. Там будзе вораг. Будзе ўсё па-іншаму.
— Вам усяго 19 гадоў. Можа, лепш пайсьці вучыцца — у Польшчы ж ёсьць праграма Каліноўскага, у іншых краінах таксама ёсьць праграмы падтрымкі маладых беларусаў.
— Магчыма, пайду вучыцца пазьней. А зараз я не магу сядзець у Польшчы ці Літве, бо ва Ўкраіне беларусы ваююць за вольную Ўкраіну супраць крывавай дыктатуры, супраць расейскай імпэрыі, супраць Пуціна, супраць оркаў. І ў будучым яны, можа, будуць ваяваць за вызваленьне Беларусі ад Лукашэнкі.
«Я на вуліцы ніколі не выходзіў за нейкіх кандыдатаў: яны мяне ўвогуле не цікавяць. Я выходзіў за новую Беларусь»
— Ціхан, яшчэ да крымінальнай справы вы нямала сутак адседзелі ў Берасьці. Што не задавальняла, чаму пачалі выходзіць на акцыі пратэсту?
— Я ў пратэставым руху зь вясны 2020 году, з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі. Прычым я не прыхільнік тых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія тады пачалі вылучацца. І, шчыра кажучы, мне з тых кандыдатаў ніхто не падабаўся.
Я лічу сябе беларускім нацыяналістам, я чалавек правых поглядаў, і мне наагул не падабаецца тое, што адбываецца ў нашай краіне пад прыгнётам Лукашэнкі. Тое, што ў нас нідзе няма беларускай мовы, беларускай культуры, пра дэмакратыю наагул няма чаго казаць. У краіне, па-першае, дыктатура. Па-другое, гэта дыктатура цалкам прарасейская.
А кандыдаты — гэта палітыкі. У 2020 годзе былі адны кандыдаты, у 2024 годзе будуць іншыя. І я на вуліцы ніколі не выходзіў за нейкіх кандыдатаў: яны мяне ўвогуле не цікавяць. Я выходзіў за новую Беларусь, за Беларусь, у якой будуць размаўляць па-беларуску, за Беларусь, у якой будуць сумленныя выбары, за Беларусь, у якой будуць паважаць закон, у якой людзі будуць паважаць адзін аднаго, за Беларусь, у якой людзі ня будуць баяцца міліцыянтаў. За Беларусь, у якой злачынцы будуць трымаць адказнасьць за свае дзеяньні.
«Спачатку адседзеў 7 сутак, потым яшчэ 45 сутак»
— І ўсё ж раскажыце пра свае першыя затрыманьні. Вы ж адседзелі ў Берасьці яшчэ да крымінальнай справы.
— Першы раз мяне затрымалі ў ноч з 9 на 10 жніўня ў Берасьці. Людзей выйшла няшмат, не было ніякіх шэсьцяў, людзі стаялі па падваротнях і баяліся выходзіць, таму што было шмат міліцыянтаў, вайскоўцаў. Мы зь сябрамі выйшлі на вуліцу Савецкую, разгарнулі сьцягі, пачалі скандаваць «Жыве Беларусь!», павялі за сабой народ. Пазьней я намагаўся паставіць людзей у счэпку, калі наперадзе стаялі ўжо шэрагі АМАПу. Мяне затрымалі, прывезьлі ў ізалятар у Ленінскім РУУСе, звазілі ў ізалятар у Бярозу, а потым ужо зноў у Берасьце ў СІЗА. Гэта было жахліва: перапоўненыя аўтазакі, зьбіцьцё. Камэра ў СІЗА была разьлічаная на 6 чалавек, а нас там сядзела 23. Я выйшаў на волю 16 жніўня. Па ўсёй краіне пачаліся вялікія акцыі.
Наступным разам мяне затрымалі 6 верасьня ў Менску, калі мы разам з Соняй Малашэвіч выйшлі на Марш адзінства. Трапілі на Акрэсьціна, выйшлі пад падпіску.
Што тычыцца наступных 45 сутак, я сядзеў у Берасьці, у мяне быў вельмі цікавы сьведка на судах — намесьнік начальніка Ленінскага РУУС падпалкоўнік Самасюк. Я не прызнаваў віну, атрымаў спачатку 15 сутак. Потым дадалі яшчэ два разы па 15 — у суме я тады праседзеў 45 сутак (частку тэрміну ў Берасьці, частку ў Століне). Выйшаў, пару тыдняў пабыў на волі, а потым мяне выклікалі ў Менск, кшталту на допыт, і там мне паведамілі, што пракурор зьмяніў меру стрыманьня. Так што я па сваёй дурасьці сам да іх і прыехаў.
«Тэма палітзьняволеных ужо адышла, на жаль, на другі плян»
— Потым была крымінальная справа, суд у Менску. Нават на відэароліку, які прадставіў МУС, было бачна, што вы нічога не размалёўвалі — толькі здымалі на тэлефон. Вас шакаваў тады такі жорсткі прысуд — рэальная турма?
— Прысудам ня быў шакаваны. Шакаваны быў умовамі ўтрыманьня. Калёнія № 15 Магілёва — па жорсткасьці на другім месцы пасьля Наваполацку. Я лічу, што трэба гаварыць больш пра нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня, бо тэма палітзьняволеных ужо адышла, на жаль, на другі плян.
У калёніях усе палітзьняволеныя носяць жоўтыя біркі на грудзях — як габрэі ў гета часоў нацысцкай Нямеччыны. Зьбіцьцё палітзьняволеных, калі яны прыяжджаюць у калёнію, цалкам неадэкватныя адносіны з боку адміністрацыі. Пазбаўляюць пасылак, перадач, спатканьняў са сваякамі. Беспадстаўна зьмяшчаюць у карцар. Наагул, наша пэнітэнцыярная сыстэма нікога не выпраўляе, яна цалкам карная. Стаўленьне да палітвязьняў больш жорсткае, чым стаўленьне да звычайных крымінальнікаў.
— Колькі часу вы правялі ў штрафных ізалятарах і за што?
— Я ў ШЫЗА ў суме правёў 55 сутак. Зьмяшчалі туды і проста за тое, што чалавек палітвязень. Я даволі шмат маляваў, калі знаходзіўся ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, шмат карыкатур маляваў на гэтага шклоўскага... Шмат зрабіў малюнкаў на нацыянальную тэматыку зь бел-чырвона-белым сьцягам, з гербам «Пагоня». Першыя 10 сутак ШЫЗА атрымаў менавіта за гэта.
У магілёўскую калёнію мне ўдалося пранесьці пяць нумароў газэты «Новы час» — мяне «залажылі», і за гэта я адседзеў запар 30 содняў. З выхадамі на 1 дзень. То бок за рознае...
— Што самае цяжкае было за кратамі?
— Самае цяжкае, што на зьнявагу, прыніжэньне, жорсткае стаўленьне, на зьдзекі, на зьбіцьцё — няма ніякай магчымасьці даць ніякі адказ. Гэта самае горшае.
«Бяда ў тым, што ніхто з нашых так званых лідэраў і ня клікаў народ да супраціву і рашучых дзеяньняў»
— Дзе вы навучыліся так прыгожа маляваць? Плюс да гэтага ў вас яшчэ такое веданьне гісторыі Беларусі і выдатная беларуская мова.
— Маляваць я нідзе не вучыўся і ні ў якім разе не лічу сябе мастаком. Маляваньне ў турме для мяне — гэта частка барацьбы, спроба прыцягнуць увагу і да становішча палітвязьняў, і да беларускай гісторыі, культуры. Для мяне гэта толькі сродак, гэта ні ў якім разе ня мэта.
— Можа, гэта часова, пакуль у вас іншыя прыярытэты — найперш барацьба? А ў будучым — мне здаецца, калі ёсьць талент, яго трэба разьвіваць.
— Пакуль ня ведаю. Ня маю часу думаць пра гэта. Я думаю пра іншае.
Беларусы ўжо павінны зразумець, што мірным пратэстам мы ніколі не даб’емся таго, чаго хацелі дамагчыся. Надыходзіць такі час, калі трэба пераходзіць да мэтадаў сілавога супраціву, мэтадаў прамога дзеяньня. Толькі так мы зможам перамагчы гэты рэжым, гэтую дыктатуру. Іншых шляхоў, акрамя сілавога, у нас зараз няма.
Беларусы паказалі, што яны былі гатовыя дзейнічаць. Бяда ў тым, што ніхто з нашых так званых лідэраў і ня клікаў народ да супраціву і рашучых дзеяньняў. У нас «тапілі» за мірны пратэст. Мне здаецца, што ў нас людзі былі гатовыя да большага. Людзі былі гатовыя — але, на жаль, іх ніхто нікуды не павёў і нічога не падказаў.
Гэта і ёсьць наша асноўная праблема. Яна ня зьнізу, яна ня ў масе — маса гатовая штосьці рабіць. Маса гатовая дзейнічаць. Людзі, якія маглі б павесьці гэтую масу, нікуды не вядуць...
— Але ж бальшыня лідэраў у турмах, шмат каго пасадзілі задоўга да выбараў, да актывізацыі пратэстаў.
— Так, пасадзілі. Пасадзілі людзей, якіх я заўжды паважаў: Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца. Тыя, што засталіся... Шчыра кажучы, я ня ведаю, у чыіх інтарэсах яны працуюць зараз. Я ня бачу ад іх рашучых дзеяньняў. Ад большасьці зь іх я наагул нічога ня бачу зараз. Таму я вельмі скептычна стаўлюся і да штабоў Цапкалы і Бабарыкі. Асабліва скептычна стаўлюся да офісу Ціханоўскай — тое, што я бачу ў эміграцыі. Таму паеду ваяваць за Ўкраіну. У такі час, калі людзі змагаюцца, я не магу знаходзіцца ў Варшаве.